Аповесць
Антона Васкевіча выганялі з інстытута ў канцы 1990 года, перад самая зімовай сесіяй.
Запрошаны, Васкевіч пасядзеў у прыёмнай рэктара хвілінак 10—15, потым з прыёмнай, не гледзячы на яго, выйшлі адзін за адным куратар групы, прафорг, парторг (? — не быў ніколі Васкевіч у партыі і быць не збіраўся), камсорг, камендант інтэрната, прарэктар па гаспадарчай частцы і апошняя, дэканша, таксама чамусьці адводзячы вочы, спынілася перад ім і строгім голасам аб'явіла, што з гэтага дня ён адлічаны з другога курса сталічнай ВНУ. Потым дэканша падрабязна і даходліва растлумачыла, як і што цяпер Васкевічу трэба рабіць, дзе браць абходны ліст, куды потым здаваць, як і калі выпісацца з інтэрната.
За два тыдні, пакуль Васкевіч збіраўся, афармляўся, выпісваўся, ён паспеў узненавідзець і гэты такі раней любімы, а цяпер чужы яму горад, і гэты інстытут, і ўсё на свеце... Толькі калі ўрэшце цягнік пакрысе адплыў ад вакзала ў зімовую цямрэчу і ў вагоне патухла святло, Васкевіч прывёў свае раскіданыя думкі ў сякі-такі парадак, супакоіўся і моцна заснуў на сваёй ніжняй паліцы. Усю ноч унізе, пад самым вухам, стукалі колы і закалыхвалі...
Правадніца разбудзіла яго перад самай станцыяй. Калі цягнік загайдала на стрэлках, Васкевіч зашпіліў на ўсе кнопкі куртку, насунуў на галаву чорную трусавую шапку і, стукаючыся аб лаўкі сваёй цяжэннай сумкай, выбраўся ў сцюдзёны, прапахлы вугалем тамбур. Праз заінелае бруднае акенца нічога нельга было разгледзець. Ён прыклаў да халоднага шкла палец, прагрэў кружок, і калі ў гэтым кружку марудна праплылі знаёмыя бярозы, драўляны будынак дзяжуркі, стуленая жанчынка ў пінжаку і ў фуражцы, з чырвоным флажком пад пахай, маленькі цагляны вакзал, калі цягнік спатыкнуўся, задрыжэў і стаў,— ён, не чакаючы правадніцы, адчыніў дзверы і, цягнучы за сабою сумку, нязграбна саскочыў на мяккі снег платформы. Адразу ж агледзеўся — не, нікога, ён адзін выйшаў на гэтай станцыі. Уся платформа бялела роўным, без слядоў, снегам. У дзяжурку ўбягала стуленая жанчына, нават не зірнуўшы на адзінага пасажыра. Станцыя — гэтая дзяжурка, вакзал ды далей, за вакзалам, пад заснежаным лесам, некалькі цагляных аднапавярховых домікаў, з высокай трубой кацельні з краю — была бязлюдная.
Пачакаўшы, пакуль праедзе апошні вагон, Васкевіч ямчэй уладкаваў на плячы вузкі рэмень сумкі і, правальваючыся ў снег, задзіраючы, як бусел, ногі, пайшоў праз рэйкі на другі ад станцыі бок, дзе лесам вяла дарога на вёску. Тут, з насыпу, ён убачыў, што на сцежцы пры самым лесе стаіць чалавек, каля ног — саначкі, прытупвае і паглядае на яго, Васкевіча, нібы чакае яго.
— Цыган, цыган! — закрычаў раптам чалавек тонкім голасам. — Дай закурыць, дзядзька цыган! — і замахаў рукамі, пачаў прытанцоўваць каля санак.
Васкевіч адразу пазнаў яго. Гэта быў дурненькі з іхняй вёскі, якога дражнілі Пульс, або «малавумны», або «дзяціны бацька». Васкевіч злез з насыпу, паздароўкаўся і даў яму цыгарэту.
— Падвязеш сумку?
— Харашо... гх-кх... атлічно! — пачаў мітусіцца Пульс, адсунуў свой клунак — буханкі хлеба ў дзіравай хустцы, лёгка падняў і хутка ўвязаў у перадку Васкевічаву сумку. Робячы гэта, ён увесь час бубнеў сабе пад нос: — А я думаў, цыган ідзе. Я кажу. А ты на канікулы? Кх-гм... А ты на выхадной-ной?..
Пульс быў нізкі ростам, але дужы, шыракаплечы дзяцюк гадоў пад сорак, у злямчаным, выскубленым да дэрмаціну брудна-сінім футры дзіўнага крою — з гузікамі з левага боку, у салдацкай зімовай шапцы з апушчанымі вушамі без матузкоў; з-пад шапкі на лоб і на патыліцу звісалі сівыя патлы; на нагах — бабскія шытыя валёнкі з падратымі галёшамі. Але румяны скуласты твар быў паголены, хоць і не зусім гладка, а з-пад сівых броваў весела і хітравата зіркалі жывыя паляшуцкія вочкі. Такім — у гэтым злямчаным футры, у салдацкай шапцы і ў гэтых валёнках — Васкевіч помніў яго і пятнаццаць гадоў назад, калі быў малы, а Пульс катаў яго на гэтых жа санках па замерзлай рэчцы, і дзесяць гадоў назад — калі яны, смаркачы- падлеткі, вучыліся курыць, а Пульс быў ім за настаўніка, і пяць гадоў — калі Васкевіч ішоў у армію і матка з Пульсам праводзілі яго да гэтай станцыі, і два гады назад — калі матка з тым жа Пульсам праводзілі яго ў Мінск, на вучобу... Зірнуўшы цяпер на гэтыя падратыя галёшы, Васкевіч успомніў гісторыю. Некалі Пульс працаваў тут жа, на станцыі, сезонным рабочым, і з першай палучкі, адразу пасля работы хлопцы заманілі яго ў горад, у рэстаран, дзе — за яго, вядома, грошы — самі пілі і яго паілі. Там іграла музыка, танцавалі, не вытрымаў і Пульс. Ён вухкаў, прыпяваў, танцаваў упрысядкі, пляскаў у ладкі... Галёшы паляцелі адзін пад эстраду, другі аж наверх, да музыкаў, і саліст аб'явіў у мікрафон: «Парень, заберите галоши!» Соль гісторыі была ў тым, што Пульса ўпершыню ў жыцці аб'явілі на ўсю залю па мікрафоне, што яго ўпершыню ў жыцці назвалі на «вы» і што словы «парень» і «галоши», вымаўленыя па-руску, стоячы побач, смешна гучалі.
Читать дальше