Кунцэвічава жонка ўзімку не працавала, яна афармлялася мужавай памочніцай толькі на гарачую пару нарыхтовак — канец лета і восень. Так што ці яе, ці самога гаспадара застаць дома можна было.
Пабудаваліся Кунцэвічы на ціхай вуліцы, паралельнай цэнтральнай. Дом быў на каменным падмурку, абшаляваны жоўтай вагонкай і накрыты белай ацынкаванай бляхай. Чатырма сваімі шырокімі светлымі вокнамі ён глядзеў на палісаднік, які аддзяляў яго ад тратуара. Але і астатнія пабудовы падворышча былі не горшыя; бярвенчаты хлеў, каменны гараж. Людзі цяпер жывуць добра, будуюцца найчасцей не з апошняй капейкі і хочуць, каб жытло было прасторнае, прыгожае, утульнае. Адно толькі плот у Кунцэвічаў быў шчыльнейшы і вышэйшы за суседскія. І то, у сезон тут, напэўна, на тыдзень-другі, пакуль вывезуць, заставалася нямала нарыхтаванай гародніны і садавіны.
Па высокіх прыступках Корзун падняўся на ганак. Дзверы ў цёплыя сенцы былі прачыненыя, адтуль курыўся смачны пах прыгарэлага перасмажанага сала. Невысокая чарнявая жанчына ў зашмальцаванай ватоўцы з закасанымі рукавамі завіхалася ля газавай пліты. Убачыўшы незнаёмага, гаспадыня абцерла рукі аб крыссе ватоўкі, не надта прыветна аб'явіла:
— Мужа няма.
У яе быў моцны з хрыпінкай голас. Корзун назваў сябе і сказаў, што можа пагаварыць і з ёю.
Жанчына замітусілася, пачала запрашаць у пакоі. Непрыветнасць на твары змянілася ліслівасцю. Калі чалавек мае справу з матэрыяльнымі каштоўнасцямі і пры гэтым тое-сёе не надта законна выгадвае сабе, з супрацоўнікамі міліцыі ён стараецца на ўсякі выпадак не псаваць адносін. А што Кунцэвічы, ва ўсякім разе, муж, былі такімі, Корзун не вельмі сумняваўся. Іх дружба з Абабуркам наўрад ці была чыста духоўная, нездарма, напэўна, спрабаваў Рамейка высветліць, куды дзяваюцца свінні з вадвянскай фермы…
І знутры Кунцэвічаў дом выглядаў новым, завершаным.
Па калідоры, засцеленым дывановай дарожкай, гаспадыня правяла Корзуна ў гасціную. Тут на падлозе таксама ляжаў дыван — на ўвесь пакой, паласаты, чорна-жоўты, з нявытаптаным яшчэ ворсам. Корзун разгублена спыніўся ля дзвярэй. Як ні выціраў ногі, а пакінуў на дарожцы расталыя кропелькі.
Жанчына злавіла яго позірк, паспяшалася заспакоіць:
— Зімой снег чысты.
Але крэсла пасунула бліжэй да дзвярэй. Сама засталася стаяць, трымаючы пад модным стракатым фартушком рукі — ватоўку паспела некуды сунуць.
Корзун не меў прэтэнзій да гэтай жанчыны, у версію Абабурка — Рамейка яна ніякім чынам не ўпісвалася.
— А ў вас утульна…
Ён не надта пакрывіў душой. Гасцінны гарнітур яму сапраўды спадабаўся. Падумалася нават, Светцы такі б. Толькі, бадай, пакой яе для гэтай мэблі быў малаваты. Але і ў Кунцэвічаў чалавеку сярод канапы, серванта з падсервантнікам, стала і шасці крэслаў было цеснавата — напэўна, гаспадары тут і не жылі.
— Праўда? — Жанчына павесялела, якой гаспадыні не прыемна, калі хваляць яе густ. — Імпартны гарнітур, нямецкі.— Аднак усё-такі, як апраўдваючыся, дадала: — Мы сёлета добра зарабілі, па чатырыста рублёў за месяц выходзіла. Корзун усміхнуўся:
— Я, уласна, да вас вось чаму. Вы Абабурку ведаеце?
— Ну…
— Чатырнаццатага лютага ён у вас начаваў?
— Чатырнаццатага? — перапытала жанчына. Яна, напэўна, ведала, што Абабурку арыштавалі. Таму на ўсякі выпадак не хацела адказаць прама. — Гэта калі?
— У той вечар, як карэспандэнта машына падбіла. Муж ваш яшчэ знайшоў яго.
— А-а… У нас… А што?
— Калі ён прыйшоў?
— Мой казаў, позна, у тры гадзіны.
— А вас што, дома не было.
— Чаму? Спала.
— Позна ляглі?
— Ды не рана. У суседкі тэлевізар глядзела, — яна адчула сябе вальней — інспектаравы пытанні непасрэдна ні ёй, ні мужу не пагражалі.— Цікавы фільм, пра нашага разведчыка ў белых, трэцяя серыя.
— У вас жа свой, каляровы тэлевізар.
— Адной нудна, слова няма каму сказаць.
— А Фёдар Сяргеевіч?
— Першую і другую глядзеў. А тут не схацеў, сказаў, у складзе яму нешта трэба. У нас склад у двары. Вось я і пайшла да суседкі.
— І вы адразу пасля фільма вярнуліся?
— Пагаварылі, і вярнулася. Дванаццатая ж гадзіна…
— Абабурка быў дома? — зрэшты, у час, калі памёр Рамейка, заатэхнік знаходзіўся ў Якушавай і да той гісторыі дачынення не меў. Але Корзун, як і Пратасеня, нешта намацваў у гэтым неістотным на першы погляд факце.
— Як ён мог быць дома? — пачала жанчына і раптам як запнулася. — Мой казаў…
— Муж — мужам, а вы?.. — Корзун уважліва паглядзеў на яе і неспадзявана для сябе спытаў: — Калі распраналіся, Міхаілавы чаравікі бачылі, так?
Читать дальше