— Ай-ай, Алесь Антонавіч, — Пратасеня ўвайшоў ціха і з усмешкай слухаў іх жартаўлівую пікіроўку. — А яшчэ крыміналіст. Хіба не ведаеш, што вінаваты не толькі той, хто бярэ, а і хто дае хабар! Так што, злоўлены за руку, будзь ласкавы ў пракурораў кабінет.
— Добрая ў вас памочніца, Аркадзь Міхайлавіч, — сказаў Корзун, калі яны апынуліся за дзвярыма.
— Не прымярайся, не аддам.
— Я не ў гэтым сэнсе, — збянтэжыўся Корзун.
— А падумаўшы, шкада, што не ў гэтым, — Пратасеня прыклаў далоні да кафлянай грубкі.— Зноў на мароз бярэцца. Чаму затрымаўся?
— У Пцічкавічы ездзіў…
— Гэта я здагадаўся, іншага адраса ў нас, здаецца, няма пакуль. — Ён сеў там жа ля цёплай грубкі, пацёр пальцамі патыліцу, паскардзіўся: — Солі, каб іх хвароба, ціснуць… Дык што сказаў Багук?
— Больш суседзі. А ў яго месяц, як на падворышчы нават парсюка няма. Ды ўвогуле, як высветлілася, Багук ніколі свіней не прадаваў. Сам есць.
— Зноў мана, — паківаў галавой Пратасеня.
— З аднаго боку так, з другога — не…
— Круці, але знай меру, — усміхнуўся Пратасеня. — Усё-такі перад табой пракурор.
— Па дарозе ў Пцічкавічы заскочыў у райаддзел і папрасіў навесці адну даведку. І аказалася менавіта так, як я кажу. Як напісана ў райспажыўсаюзаўскіх ведамасцях, летась Багук прадаў аж тры адкормленыя вепрукі, на дзевяцьсот рублёў. Што і засведчыў подпісам.
— Можа, і ў яго падпольная ферма, ад жонкі, напрыклад? — Пратасеня з цікаўнасцю глядзеў на Корзуна.
— Як па мне, то хопіць і Вадвянскага хутара.
— Думаеш адтуль?
— Не сумняваюся.
— Але ж Кунцэвіч падстаўляў пад удар Абабурку…
— У гэтым-то ўвесь фокус. Пачуўшы ад мяне, што я цікаўлюся яго сябрам, зразумеў: Абабурку не ўтрымацца. Галава ў яго, напрактыкаваная на махінацыях, што вылічальная машына: ураз усе магчымыя варыянты прыкінула. Вось і рашыў падкінуць нам сябра.
— Паверым — сам ён убаку, не паверым, праверым — што спрасонак не падасца, так? Перастараўся.
— Мог не старацца, усё роўна на чарзе стаяў. Толькі паскорыў падзеі. Бо хлусня пра Абабурку яшчэ магла быць выпадковай, хлусня пра Багука — гэта ўжо занадта.
— Адапрэцца і ад яе. Не па свінні, дык па подпіс ехаў. Ферму цяпер адмаўляць не рэзон, за ферму ён цяпер абедзвюма рукамі ўчэпіцца, пабачыш. Маўляў, нячысты ў вобразе яснагорскага заатэхніка папутаў. На ўсё пагодзіцца, абы карэспандэнта яму не прад'явілі. А злавіць яго нам, падобна, няма на чым. Адны падазрэнні, прычым нават не ўскосныя.
— Вобыск? — Корзуну падабалася такая гутарка. Чым болей пярэчанняў зараз, тым дакладней стане план далейшых дзеянняў. А хто і што прыдумае, зрэшты, прынцыповага значэння не мае. — Калі і было што, адчуўшы ўвагу, знішчыў. І пісьмо, і камандзіроўку, і білеты.
— Ці не занадта рашуча ты, га? Успомні Абабурку.
— Не забываю. Таму і думаю: як даказаць, што гэта ён завёз Рамейку на пераезд?
— Машыны ў яго няма, — Пратасеню спадабалася Корзунава ўпэўненасць. Ён адхінуўся ад цёплай грубкі, ускочыў на ногі — не ўмеў думаць седзячы: — Ва ўсякім разе, машыну не ўстанавілі.
— А каня? — Корзун сказаў і раптам таксама падхапіўся на ногі.— Помніце ў пратаколе: «Запрог каня і паехаў»? Гэта назаўтра зранку, а ці нельга было гэта зрабіць і ўвечары?
— Навошта ж было яму знаходзіць мёртвага карэспандэнта, навошта ў кола следства трапляць?
— Не ўседзеў, хацеў упэўніцца, што памёр Рамейка. Упэўніўся, але была ўжо раніца, маглі яго заўважыць, вось і прыйшлося шум паднімаць. Тут і Пцічкавічы з Багуком прыгадзіліся, хаця, куды ён ехаў, нікога не цікавіла тады.
Пратасеня, можа, хвіліну глядзеў на Корзуна, а тады не вытрымаў:
— Ну, інспектар, ну, галава! А я цэлы тыдзень машыну перад носам трымаў!
— Не вы адзін, Аркадзь Міхайлавіч, — заўсёды, як яго хвалілі, Корзун адчуваў няёмкасць. — Але ж і вазок пакуль не знайшлі.
— Гэта ўжо што, гэта дробязь, — Пратасеня ўхапіўся за тэлефон. Блытаючы ад хвалявання лічбы, закруціў дыск. — Зараз выклічу капітана Шабуню, можа, у яго рука на каня будзе шчаслівейшая. А вобыск можна. Зараз? — ён неяк адразу і ахвотна перадаваў ініцыятыву Корзуну.
— Кунцэвіч казаў жонцы, што заначуе на раёне. Як з'явіцца, так і мы з візітам. Тым болей што да вобыску падрыхтавацца трэба: пратаколы перачытаю, вопратку пагляджу. І яшчэ адно, Аркадзь Міхайлавіч, праўда, невядома дзе Кунцэвіча носіць, а паназіраць за ім не пашкодзіла б. Каб не надумаўся ўцячы часам.
— І аб гэтым папрашу Шабуню. Ён яго пад зямлёй знойдзе, калі возьмецца, — Пратасеня нарэшце дазваніўся да райаддзела, паспакайнеў і сціпла, нічога не тлумачачы, выклаў сваю просьбу.
Читать дальше