Корзун лічыў, што ён не з тых, каму чорт дзяцей калыша, бадай, наадварот — той самы чорт стараўся ўласнаручна выкідваць яго дзяцей з калыскі. Інакш кажучы, Корзуну шанцавала рэдка. Як вось і на гэты раз. Калі ўвечары развітваўся з пракурорам, справа выглядала яснай і простай, а з раніцы пачаліся непрыемнасці. Засмуціў капітан Шабуня. Сведку, які бачыў увечары чатырнаццатага лютага вазок на Кунцэвічавай вуліцы, яго супрацоўнікі знайшлі. Але, хто сядзеў у вазку і чый быў конь, сведка не разглядзеў. І патрэбы не было, і завіруха мяла. А каб і пазнаў, то хіба не мог Кунцэвіч, скажам, свежым паветрам дыхаць? Як той Рамейка, ідучы ў позні час з гасцініцы. Аднаму падабаецца на сваіх дзвюх, другому — седзячы на сене ва ўласным вазку. І хаця на Кунцэвічавай вуліцы ніхто больш каня не мае, доказ гэты толькі ўскосны, яго нават да справы не прыкладзеш пакуль. Нічога не даў і новы агляд карэспандэнтавых рэчаў: паліто цэлае, не чаплялася ні за цвік, ні за сук, нават сухой травінкі і той на ім не засталося, быццам не ў сене, а на вычышчаным дыване яго на пераезд везлі. Зрэшты, гэта ўсё ў пратаколе даўно адзначана. І эксперт, і следчы — людзі ўважлівыя, нічога не прапусцілі, Корзун мог іх і не правяраць. Яны не вінаватыя, што яму не хапае доказаў для чарговай версіі. А ў выніку паганая сітуацыя: быццам бы і ведаеш, а вымушаны рабіць выгляд, што не ведаеш.
У дрэнным настроі Корзун прыйшоў у пракуратуру. Не затрымаўся, нават словам не перакінуўся з Наташай, толькі каротка павітаўся і падаўся да Пратасені.
— Пастанову на вобыск і санкцыю на арышт я падрыхтаваў,— хмурна паведаміў Пратасеня, адсоўваючы ад сябе, нібы што брыдкае, падпісаныя афіцыйныя бланкі. І яго не радавалі гэтыя працэдуры, хаця сёння, нарэшце, справа магла закончыцца. Напэўна, і ён адчуваў, што ў іх з Корзунам не ўсё адпрацавана, што ў вывадах ёсць слабыя месцы, і гэта абяцала новыя клопаты, новыя непрыемнасці.
Корзун склаў паперы, схаваў у кішэню.
— Не звязаўся ланцужок, Аркадзь Міхайлавіч, — паскардзіўся пракурору. — Адных свіней і маем. Як бы не выслізнуў…
— Перакінь ад іх масток, ты ж умееш, — Пратасеня падбадзёрваў, а Корзун бачыў, што ён сам хвалюецца.
— Каб-то… Штосьці я ўпусціў, а што — не магу даўмецца.
Зазваніў тэлефон.
— Васіль Андрэевіч? Слухаю. Так, так. Добра. Рыхтуй групу, — Пратасеня паклаў трубку. — Даўмеўся ці не — гэта, браце Алесь Антонавіч, зараз непатрэбныя сентэнцыі. Часу ў нас не застаецца на іх. Шабуня званіў, нарыхтоўшчык едзе дадому.
— Не хапала б яшчэ, каб не даехаў!
— Нідзе дзенецца. Мясцовы ўчастковы ў спадарожнікі напрасіўся. Даставіць, як заказную бандэроль, — Пратасеня няспешна паторгаў шуфлядкі, быццам збіраўся ісці і правяраў, ці зачыніў усё. Праверыўшы шуфлядкі, наморшчыў лоб, як стараўся ўспомніць, ці не забыў што дарабіць, і тады матнуў галавой: — Галоўнае, не раскісай, Алесь. Бывае, на месцы такая ідэя раптам мільгане, што ў кабінеце за тыдзень не выдумаеш. — Ён устаў, правёў Корзуна праз прыёмную і веранду аж да ганка і жорстка, разам адкідаючы сумненні, сказаў: — Кунцэвіча адразу на допыт!
Як бывае часам зманлівы знешні выгляд. Корзуну здавалася, што імпартныя гарнітуры вызначаюць у Кунцэвічавай хаце адносіны да рэчаў наогул: нічога лішняга, строгасць густу, разборлівасць. А пачаўся вобыск, і з прыгожай трохстворкавай шафы раптам вываліўся цюк з брызентавымі плашчамі, у падсервантніку аказаўся пакунак стракатых шарсцяных хустак, са скрыні для бялізны выцягнулі некалькі пар новых кірзавых ботаў. Як па сучасным разуменні, усё гэта, калі і патрэбна, то хіба якому меліяратару на асушальным канале, а не звычайнай, нават і вялікай сям'і. Старым — не перанасіць, моладзь — не надзене. А ў Кунцэвічаў і дзяцей не было. Выходзіць, граблі пад сябе што маглі,— і тое, што траплялася ў магазінах па зніжаных цэнах, і тое, што заставалася ў іх, нарыхтоўшчыкаў, ад выдзеленага ім для сустрэчнага продажу. Нібы збіраліся пражыць не адно жыццё, а, прынамсі, два ці тры. Пацвярджалася старая ісціна: не кожны злодзей хцівец, затое кожны хцівец — можа ўкрасці. На заробленыя мазалём грошы куты непатрэбнымі рэчамі набіваць не будзеш.
Кунцэвіч спакойна пазіраў, як супрацоўнікі міліцыі асцярожна ператрасалі гэтыя залежы тавараў, якіх хапіла б на невялікі сельмаг. Нібы гэта адбывалася не ў яго, а ў чужым доме. Нават на жонку прыкрыкнуў, калі яна пачала была войкаць і галасіць, спрабуючы выклікаць спагаду ў суседзяў-панятых. Але Корзун адчуваў, што Кунцэвічаў спакой — звычайнае ўменне стрымлівацца. Колішняй самаўпэўненасці ў яго паменшала, і ён раз-пораз, не заўважаючы гэтага, выціраў рукавом кропелькі поту на высокім і гладкім лобе.
Читать дальше