Так — у глыбіні душы Трухан вымушаны быў згадзіцца, што яму, сапраўды, трэба альбо ўвесь капітал, альбо нічога; у выніку заставалася адно нічога. Не ўмее ён цаніць «зарніцы шчасця», дарункі лёсу, маленькую жыццёвую драбязу, з якой, магчыма, калі б яе падкапіць, і склалася б штосьці большае, цэльнае…
Але з гэтага моманту ён стане іншым. Ён пастараецца менш плакаць па тым, чаго няма, і больш цаніць тое, што ёсць.
Таму калі на перапынку, адразу пасля лекцыі, сама падышла да яго Нэлі, ён амаль і не здзівіўся.
«Ведрыч казаў, цябе выклікалі некуды, і хвалілі… Я спадзяюся, ты мне падарыш якінебудзь свой твор на дзень нараджэння?» — так яна сказала.
«А… калі?»
«У гэтую суботу. Я цябе запрашаю».
Трухана даўно ўжо ніхто не запрашаў ні на якія дні нараджэння, ні ў якія госці, ні нават на хлапечыя інтэрнатаўскія п’янкіпагулянкі — папершае, усё адно не п’е, падругое, цяжкі ў кампаніях, мае своеасаблівы дар напускаць на людзей нуду, дзяліцца настроем кепскім — так, як іншыя, той жа Церашкоў, умеюць запальваць весялосцю і дзяліцца настроем добрым. Няўжо пачынаецца — гэты паскораны рытм жыцця? Няўжо гэта першыя каменьчыкі з таго камняпаду, што неўзабаве павінен на яго абрынуцца?
«А хто яшчэ будзе?» — спытаў ён.
«Свае ўсе: ты, Ведрыч, Церашкоў… Сястра стрыечная».
Вось так. У групе трыццаць чалавек, на патоку сто дваццаць, — зрабіў ён хуткі падлік, — а сваім толькі яго назвалі… Штосьці гэта ды значыла. А мо не пайсці? — не забыўся і такі варыянт пракруціць. Людзі будуць гуляць, весяліцца, а ён… Халодны пакой, мулкі ложак, кніжка «Ідыёт», нішчымная гарбата… І панеслася, і панеслася!
Але ў час спыніўся, не даў гэтаму разрасціся. Колькі можна! Ды проста ў нармальнай кватэры пабыць, з тым жа Ведрычам, па якім засумаваў ужо, лішні раз пабачыцца. Усё гэта было добра, канечне, — што яго запрасілі, і таму падобнае. Вось толькі Трухан нават не чакаў, колькі будзённага клопату гэтае запрашэнне за сабою пацягне. Элементарна: касцюм у хімчыстку здаць. Гальштук новы купіць. Цырульня — сябе ў парадак прывесці. Добра яшчэ, грошы былі, як ведаў, калі эканоміў. Потым, чаму гэта яна ў канцы сказала — падарункаў ніякіх не трэба? Што яна мела на ўвазе?
І зноў у час спыніўся Трухан. Спакойней, не трэба заглыбляцца. Падарунак! І хто толькі прыдумаў яго, гэты кашмар — сачыць за тварам чалавека, якому дорыш штосьці!
Увечары ў суботу прыйшоў да яго Ведрыч, каб забраць яшчэ і Церашкова і йсці ўсім разам. Падняў на Трухана вочы і аслупянеў.
Падстрыжаны, паголены, наадэкалонены, у адпрасаваным чысценькім касцюме з новым гальштукам, няўмелым вузлом завязаным, Трухан выглядаў на вясковага інтэлігентамаладажона, ці, па крайняй меры, на дружка — не хапала толькі кветкі ў пятліцы ды вышыванага ручніка цераз грудзі… Ад няёмкасці ён чырванеў плямамі і не ведаў, куды рукі падзець.
«Ну вось, — сказаў Ведрыч, — хоць на чалавека стаў падобны. А то я ўжо думаў, ты поўны квазіморда. («Квазімода», — механічна паправіў Трухан.) Можам жа, калі захочам! — І, не быў бы ён Ведрычам, каб не заўважыў, паморшчыўшы нос: — А чаго гэта тут так нябожчыкам тхне? — звычайным гэтым пытаннем скідваючы Трухана з аблокаў на грэшную зямлю. Пасля яшчэ неаднойчы будзе ўспамінацца яму гэтая згадка вяроўкі ў доме вісельніка…
Каб перабіць размову, Трухан у сваю чаргу папытаў, ці выклікалі Ведрыча таксама ў пракуратуру, і ці вярнулі яму вершы?
«Дарэчы, чаму ў пракуратуру?»
«Ты іх зразумееш? — адказаў Ведрыч. І, пакуль Трухан апранаўся, паведаў такое: — Я ім пра ВКЛ, пра Сапегу, а яны мне: «Як мы будзем трактары выпускаць, калі ў нас руды няма?» Я ім пра БНР, пра Ластоўкага, пра Слуцкае паўстанне — яны мне: «Хто ў нас будзе купляць трактары, калі выйдзем з Саюза?» Нарэшце ў мяне цярпенне лопнула: — «Якога… вы, кажу, прычапіліся да мяне з вашымі трактарамі?! Адкуль я ведаю?! Хай ў вас пра гэта галовы баляць!»
4
Церашкоў чакаў іх на лесвічнай пляцоўцы свайго паверха.
«Слухай, — кінуўся да Ведрыча, — да мяне гэта, ну, жонка з малым прыехалі… Прыдумай штонебудзь!»
«Дай я хоць пагляджу на яе», — сказаў Ведрыч. У словах яго Трухану пачулася не столькі цікавасць, колькі знаёмы ўжо азарт — моманту не ўпусціць; гэта ж такі прастор для імправізацыі, такая магчымасць лішні раз пасцябацца з чалавека. І вельмі проста ляпне зараз: —«Чуеш, адпусці свайго мужа на дзень нараджэння да палюбоўніцы!», — гэта ў яго стылі…
Трухан ужо бачыў тую жонку. Зашуганая, шэранькая сяляначка (такіх чамусьці часцей за ўсё і бяруць за сябе зухі накшталт Церашкова), з добрымі адданымі вачыма, з маленькімі, але моцнымі рукамі. Увогуле незразумела было, навошта спатрэбілася Церашкову штосьці выдумляць. Ды ідзі сабе куды хочаш і да каго хочаш — такая жонка і слова не скажа, такая нават рэўнасцю баіцца пакрыўдзіць. Пахваліцца ён перад імі захацеў, ці што, паказаць, што і ў мяне вось як і ва ўсіх — пабойваюся, адпрошваюся…
Читать дальше