«Бацька» ўжо заехаў у двор, вокрыкамі і свістам пугі суцішыў сабак і, не распрагаючы нават каня, паспяшаўся на выган — глядзець, што будзе. А жанчыну хоць ты адляпляй было ад Трухановіча. Усё паўтарала надрыўна «сыночак» ды «сыночак»… Яе шчака церлася аб яго бараду, і мокрай ад слёз была шчака. Непрыемна было гэта, як і тое, што пахла ад жанчыны чужым. І ўсё адно ён не адважваўся адарваць яе ад сябе. Тады мякка разняў яе рукі і вызваліўся.
А збоку цярпліва чакаў Міканор. Трухановіч падрыхтаваўся і з ім абдымацца. Але Міканор толькі крануўся яго плячэй — і зноў адступіў, бы вачам сваім не верачы, бы ўпэўніцца жадаючы, ці не міраж гэта перад ім? І зноў дакрануўся — і зноў адступіў… Захапленне, проста шчасце было на яго твары.
— Ну вось! Салдат, герой, бальшавік! Усё пры усім! Галава на месце, рукі, ногі, — і Міканор аж прыцмокваў, так падабаўся яму братаў выгляд. — А то ўжо тут такога панарасказвалі! Смяюся. Ну, давай цалаваццца, — нарэшце Міканор абняў яго. — Як тут праз тваю бараду прадрацца…
— Лягчэй, рука ж баліць яму! — уступілася «маці».
Міканор адразу ж аслабіў абдымкі. Іншым голасам, ужо без усмешкі, клапатліва спытаў:
— Сапраўды, што з рукою, братка?
— Баліць, — адказаў Трухановіч. Ён быў уражаны. Трэба ж, як свабодна валодае чалавек сабою, мімікай сваёй, голасам!.. Не было сумнення, што калі спатрэбілася б, дык гэты Міканор зарыдаў бы горка, няўцешна і шчыра, ці наадварот — зайшоўся б у заразлівым рогаце. А мо ніякае гэта не акторства? Проста чалавек такі: як умее, так і паказвае свае пачуцці? І можа гэта ён, Трухановіч, сам вінаваты, што зрабіўся такі падазроны, недаверлівы? Усё яму здаецца, што ўсе настроены супраць яго, усіх ён асцерагаецца, кожнаму чужому ўчынку ці нават слову надае негатыўнае значэнне, у любы момант гатовы да адпору…
— Годзе абдымацца, ідзіце ўжо ў хату!
— Не ў хату — у двор спачатку! Памыцца з дарогі, асвяжыцца, пахмяліцца… Смяюся!
Міканор абагнаў Трухановіча, забег наперад, веснічкі перад ім прадбачліва расчыніў — як швейцарбрамнік, у струнку выцягнуўся, паперад сябе прапускаючы.
2
З гэтага моманту новаспечаны «брат» зрабіўся і рукамі Трухановіча, і языком яго, і яго вачыма, — стараючыся ўгадаць (самае цікавае, што часта і ўгадваючы) братавыя думкі і жаданні.
Нават ката, які выйшаў да веснічак паглядзець, што тут адбываецца, нагнуўся і замест Трухановіча пагладзіў.
Трухановіч тым часам аглядваўся, каб вызначыць для сябе хоць першапачатковую арыентацыю. Дзве хаты, старая і новая, стаялі ўпрытык адна да адной — дзве сям'і жылі ў адным двары... Двор быў вялікі, шырокі і, як пры двух мужчынах, даволітакі запушчаны. Усё здавалася не на сваім месцы, было складзена і звалена абыдзе і абыяк: бароны, плуг, абгоннікі, граблі, кола з возу, куча гною…
І раптам выбухнуў успамін — далёкаядалёкая будучая зіма, пісьменніцкі дом, прыступ яго перад люстрамі ў фае… Ну, канечне, гэта той самы двор, што прымроіўся яму тады, у тым сапраўдным жыцці! Вось тут, пад гэтай сцяною на складзеных бярвеннях Нэлі сядзела, і ён, Трухан, з нейкім дзіцём на руках…
— Што, успомніў трохі? — ад уважлівага Міканора не схавалася перамена на ягоным твары. — Смяюся.
— Трохі…
— А я што казаў? Патрошку, не ўсё адразу, пажывеш, агледзішся… Дамоўка, брат, усё напомніць. Зараз, я мігам, — Міканор кінуўся ў хату, на хаду паспеўшы выцерці падэшвы чаравікаў аб мурог ля ганка.
Трухановіч прысеў на бярвенні. Вось амаль і спраўдзіўся ягоны сонмроя… «Бацька» распрагаў каня. З хлява чулася цырканне — разумніца Наста, замест таго, каб бянтэжыць Трухановіча разглядваннем, займалася справаю. «Маці» пастаяла крыху воддаль, мабыць, спадзеючыся пачуць якое слоўка ад «меншага». Тады прамовіла — ці то яму, ці сама сабе: «Пайду памагу», і таксама схавалася за зачыненымі варотамі ў хляве. Нарэшце хоць на нейкі міг Трухановіч астаўся адзін.
Але Міканор ужо куляю ляцеў да студні — энтузіазм, прага дзейнасці, жаданне ўслужыць блізкаму свайму так і перлі з яго; звінеў ланцугом, стукаў акаваным абручамі вядромцэбрыкам, выцягваў ваду… Цераз плячо ў яго перакінуты быў чысты палатняны ручнік.
— Ану, хадзі, здымай гімнасцёрачку! — і гімнасцёрку памагаць пачаў сцягваць, чым толькі балесней рабіў ды перашкаджаў. — Зараз астудзімся!
Мітусня яго да таго дайшла, што нават, паліваючы, адначасова і намыльваць мкнуўся Трухановіча. А вада і праўда была ледзяная, пахла калодзезем, мылам і крыху зялёным мохам, які рос на асклізлых бярвеннях усярэдзіне студні.
Читать дальше