Мы ляжалі на гарачым пяску, і мяне ўсяго калаціла. Не ад холаду, ад страшэннага нервовага напружання, якое я толькі што перажыў. Ногі ледзь не курчыла, жывот сутаргава ўздрыгваў.
Дняпро каціў ля нашых ног свае плыні, а непадалёк узвышаліся з вады каменныя быкі старога ланцуговага моста, знішчанага вайной. І унь з таго быка я толькі што скокнуў.
Мяне аж пацёпвала, калі я ўспамінаў, як я лез, чапляючыся за кожную няроўнасць, за кожную выбоіну ў каменнай кладцы. І як стаяў наверсе, і калені дрыжалі, і я разумеў, што злезці не ўдасца. А пада мною Дняпро імкліва рухаў зялёную, шкляную, цяжкую плынь, і хлопцы ўнізе былі з напарстак... ух ты, божа мой!
І як зразумеў, што яшчэ хвіліна і я ніколі не скочу і не злезу... І скочыў салдацікам, і, праз стагоддзі, увайшоў у ваду, і адразу падкурчыў ногі, і ўсё адно мяне так доўга несла да паверхні і паветра, што я ледзь не захлынуўся, а Дняпро цягнуў мяне за ногі, заносіў убок, кідаў.
Я і скочыў толькі таму, што хлопцы глядзелі. Такое са мною ўжо было. На Урале. Там рака Ірэнь бегла, сціснутая высачэзнымі скаламі, як мурамі, і са скалы на скалу быў перакінуты канатны мост. Я пабіўся аб заклад, што скокну з яго. Дваццаць пяць метраў. І ўзлез. І зразумеў, што не здолею. І збіраўся ўжо злезці. Але тут з абодвух канцоў падышлі да моста дзве нашыя дзяўчачыя брыгады. І з адною была выхавацелька. А мы купаліся, ясна ж, без ніякіх плавак. Я ўявіў сабе, як яны сыдуцца ля мяне, і што з гэтага будзе, і як давядзецца, скурчыўшыся, сядзець на кукішках, а то і проста стаяць, прыкрываючы сорам - і скокнуў, бо ганьба была страшнейшая нават за смерць.
Вось так і тут.
- Малайчына, - сказаў Ролік. - Я чатыры разы спускаўся, пакуль не наважыўся.
- А я з другога разу, - выскачыла Нонка.
- Ну, расхвасталася, - сказаў Багдан. - Вечна свае тры грошы.
- Чаму? Яна праўду кажа, - сказаў Ролік.
- Гэта таму, што дзяўчо бязмозглае. Небяспекі яны не разумеюць.
Нонка раптам брыкнула Багдана нагою і, калі ён схапіў яе, пачала малаціць яго кулачкамі па грудзях, па галаве, паўсюль. Багдан апешыў.
- Кінь яе, - сказаў Раланд.
- Ды ўжо... сам кінуў.
- Малайчына ты, - паўтарыў Дзмітрэнка. - І трэба нам - як вы думаеце, казакі-малойцы? - прыняць яго ў наш курынь.
- Прыняць, прыняць.
- А раз так, то можна яму і таямніцу раскрыць. План такі... Спачатку іхнюю штаб-пячору падарваць. Пасля іх, гадаўцаў, раскалашмаціць. А то заганарыліся занадта, адному праз іхнюю зону хаця й не хадзі. Паставіць іх на месца, загартавацца, вопыт прыдбаць, а пасля - ён зрабіў эфектную паўзу - уцякаць на Заходнюю Украіну. Там па лясах яшчэ і паліцэйскія атрады блукаюць, і... Гадоў прыбавім, дый...
- Не возьмуць.
- Самі возьмемся. Свой атрад. Ды ты зразумей. Ну, сорам жа глядзець, ну, гэта ж усё жыццё сябе паважаць не будзеш, калі прыйдзеш на гатовенькае.
- А зброю што, з калена выламім?
- Ёсць зброя. Ведаю дзе. Не даходзячы да Цялічкі, амаль ля Дняпра, яры і слупы пясчанікавыя. Там нямецкія кропкі былі. Абарона. Думалі, відаць, што нашы могуць і там фарсіраваць раку. А пасля давялося ім уцякаць... Я ўжо сёе-тое знайшоў.. Пакуль што мы туды хадзіць не будзем - гэтыя гады з Падвальнай хвастамі за намі ходзяць. А за пару дзён да ўцёкаў пойдзем, возьмем, дагледзім, і хай яны нам тады солі... І гэта яшчэ лепей, што самі, сваім атрадам. Ніякай гэтай дарослай нудоты, натацый, ніякага гэтага дзярма.
Гэта была не проста спакуслівая прапанова. Гэта было паветра, будучыня, спаўненне той мары, якой я жыў тры гады.
- Я з вамі, хлопцы, - сказаў я.
- Дабрача, - сказаў Раланд. - Займелі, значыцца, і беларуса. Я думаю, цяпер трэба і іншых завербаваць, каб, значыцца, інтэрнацыянал.
- У Вялікай Айчыннай вайне дружба народаў сыграла выключную ролю, - паважна сказаў Жэнька.
Як заўсёды, нельга было зразумець, усур'ёз ён гаворыць ці дзяцініцца.
- Прахвесар, - сказаў Ролік. - Ясна, што ўсёй хеўрай каго хочаш біць лягчэй. Дружба народаў, як дзядзька кажа... Рашаючы фактар. Нібыта без ягоных слоў гэта невядома.
- Ён нічога, твой дзядзька, - сказаў Багдан.
- Зануда ён, мой дзядзька. Зануда цара нябеснага. Як пачне - ну, дзячок без царквы: "Маладое пакаленне... Ду-ду-ду, ду-ду-ду". Мне як ён нудзіць пачне, то кожную хвіліну ў нужнік бегчы хочацца... па малой патрэбе.
Мы прабіраліся "ў разведку". Ішлі па дахах, спускаліся пажарнымі лесвіцамі ў вузкія цясніны між глухіх муроў, караскаліся на змарнелыя без сонца каштаны і скакалі з іхніх галін на нейкія дрывотні і пунькі. Краліся вельмі асцярожна, бо гэта ўжо была дзяржава хлопцаў з Падвальнай.
Читать дальше