Дэвіз Герба Каралеўства Данія: «Дапамога Госпада, любоў народа, сіла Даніі» (па-дацку: «Guds hj lp, Folkets k rlighed, Danmarks styrke»). Злучэнне Боскага, духоўнага з высокім духам датчан.
Герб Даніі – дзяржаўны сімвал Даніі. Малы герб на ім уяўляе залаты шчыт, на якім намаляваны тры блакітныя львы ў каронах і дзевяць чырвоных сэрцаў. Самая старая з вядомых выяў герба выкарыстоўвалася каралём Кнудам VI (каля 1194). На вялікім гербе шчыт падзелены на чвэрці срэбным ордэнскім крыжам Даннэнброга з чырвонай абмалёўкай. У цэнтры эмблемы шчыток з гербам кіруючай Глюксбургскай дынастыі. У першай чвэрці малюнка – уласна герб Даніі: на залатым полі тры блакітныя леапардавыя львы ў каронах, а таксама дзевяць чырвоных сэрцаў. У другой чвэрці – герб Шлезвіга: на залатым полі два блакітныя леапардавыя львы. У астатніх частках – гербы тэрыторый, якімі валодала Дацкая Карона.
Найбуйнейшыя гарады Каралеўства Данія
Гэта дацкая сталіца – Капенгаген, гарады Орхус, Адэнсе, Ольбарг. Усе яны прывабліваюць сваёй непаўторнай архітэктурай. У Даніі можна сустрэць і гатычныя саборы, і палацы эпохі Рэнесансу. У архітэктуры больш позняга перыяду (палацавыя комплексы Капенгагена) спалучаюцца рысы барока, ракако і класіцызму.
Адметны горад Хельсінгор, заснаваны ў ХV стагоддзі. Там знаходзіцца знакаміты замак Кронбарг. Яго яшчэ называюць замкам прынца Гамлета, які стаў галоўным героем вядомага аднайменнага твора англійскага драматурга Уільяма Шэкспіра.
Замак Кронбарг, пабудаваны ў ХVІ стагоддзі, – адзін з найбольш вядомых гістарычных помнікаў Даніі. Падмуркам шэкспіраўскага сюжэту стала гісторыя, занатаваная ў адной з кніг гісторыка XII стагоддзя Сакса Граматыкуса, дзе распавядаецца пра караля Ютландыі Харвендыле, яго брата Фенгама, жонку Герутэ і сына Амледа.
Кронбарг, змешчаны на паўночным ускрайку вострава Зеландыя, адзін з найбольш прыгожых замкаў эпохі Рэнесансу ў Паўночнай Еўропе.
Гэты замак вядомы таксама як месца адпачынку міфалагічнага ваяра Ольгера Дацкага (Holger Danske), чыя статуя знаходзіцца ў сутарэннях пад будынкам. Паводле легенды, калі Данія ў небяспецы, каменная фігура набывае плоць і кроў і ўздымаецца на абарону Каралеўства.
Зрэшты, у маленькай Даніі больш за 700 музеяў, а ў адным толькі Капенгагене іх некалькі дзясяткаў. Вандроўнікам будзе цікава пабываць у Музеі карэт, у Музеі гісторыі тэатра, у Круглай Вежы, у Музеі працы. Гліптатэка знакамітая сваімі калекцыямі скульптур, а таксама французскім і дацкім жывапісам ХІХ-ХХ стагоддзяў. Багатая калекцыя прадстаўлена ў Нацыянальным музеі.
Шмат адметнага ў Каралеўстве Данія. Але ж самае галоўнае багацце краіны – самі датчане, іх прыязнасць, гасціннасць і гумар. Датчане шануюць свае нацыянальныя старажытныя традыцыі, любяць мастацтва і вельмі беражліва ставяцца да гістарычных фактаў, звязаных са спадчынай іх Радзімы.
Калі жадаеце выклікаць прыхільнасць да сябе датчаніна або датчанкі, пахваліце ад душы Данію. Нацыянальны гонар – агульная рыса жыхароў гэтай гасціннай краіны.
Капенгаген – сталіца Каралеўства Данія
Галоўная славутасць Даніі – вядома ж яе сталіца Капенгаген з насельніцтвам каля 1,5 мільёна чалавек. Назва Капенгагена паходзіць ад слоў «koben-Havn», што перакладаецца як «гандлёвая прыстань». Горад месціцца на востраве Зеландыя. Капенгаген, найвялікшы горад краіны, быў заснаваны ў 1167 годзе біскупам Абсалонам, які заклаў фартэфікацыйнае збудаванне. У 1417 годзе кароль Эрык VII зрабіў Капенгаген сваёй сталіцай і атачыў сцяной, якая прастаяла да XIX стагоддзя. Будаўніцтва на тэрыторыі па-за межамі сцяны распачалося толькі ў 1852 годзе, таму гістарычны цэнтр Капенгагена даволі кампактны. Гістарычнае ядро горада знаходзіцца на востраве Слотсвольмэн. Тут знаходзяцца – палац Росэнборг, біржа, палац Шарлотэнборг (усе ХVІІ ст.), палац-парламент Крысціянсборг (ХVІІІ ст.), палацавы комплекс Амаліенборг (ХVІІІ ст.).
У цэнтры Капенгагена месціцца старадаўняя Ратушная плошча. На ёй – будынак Ратушы (18921905 гг.), спраектаваны пад уплывам ідэй італьянскага Рэнесансу. Яе партал ўпрыгожвае статуя заснавальніка Капенгагена, біскупа Абсалона. Вышыня ратушнай вежы – 105 метраў. На Ратушнай плошчы знаходзіцца арыгінальны барометр. У добрае надвор’е з’яўляецца фігура дзяўчыны на ровары, а ў непагодлівае – з парасонам у руцэ.
Заўсёды ў цэнтры ўвагі датчан і гасцей Дацкага Каралеўства велічны і прыгожы палац Амаліенборг. Палац – рэзідэнцыя дацкіх каралёў вось ужо 200 гадоў! Ён узведзены ў стылі ракако напрыканцы XVIII стагоддзя. На плошчы каля яго праходзіць традыцыйная цырымонія змены варты. Ахоўнікі апрануты ў эфектную форму і высокія капялюшы, традыцыйнае мядзведжае футра якіх зменена на штучнае як знак ашчаднага стаўлення да жывёл, экалогіі.
Читать дальше