— От, Валька, не перабівай! Дай я скажу! — зноў засакатала вастраносенькая. — Сёння прыехалі. Прыехалі сёння. Так... Пачулі, што ў вас глабулус вырошчваюць, і вось прыехалі. Наш кіраўнік прафесар Дудка гаворыць, што... Вы ведаеце прафесара Дудку? О, гэта на ўвесь свет знакамітасць. Гаворыць, што ваш глабулус незвычайны! Яны прыедуць заўтра — і прафесар, і карэспандэнт з «Зоркі». А мы сёння прыехалі. Прафесар і карэспандэнт таксама сёння прыехалі б, але ў прафесара сягоння тэрміновы вучоны савет у акадэміі. Неспадзявана. А ў нас ужо білеты былі. Вось мы і прыехалі. А вашы не хочуць нам паказваць глабулус без прафесара. Кажуць: «Заўтра». Ну, мы разумеем — людзі столькі стараліся. Ім хочацца, каб урачыста... Мы разумеем... А ў вас якая справа? Якая? Га?
Кукуруза нахнюпіўся:
— Справа... І ўсё тут...
— Сакрэт? Так? Сакрэт? — не хацела адчапіцца вастраносенькая.
— Вось яшчэ, Аксана! Прычапілася як смала! — сказала цыбатая Валька. — Раз не гавораць, значыць, сакрэт.
— Ну добра, не кажыце, не кажыце, хай будзе сакрэт, — згадзілася вастраносенькая Аксана.
— Дык мы вам, мабыць, перашкаджаем? — запытаў важаты.
— Не, аж да вечара можаце быць, — злітасцівіўся Кукуруза.
— Ды не, мы толькі на гадзінку. Проста захацелася пакупацца і пасядзець на свежым паветры, каля вогнішча. Дзяўчаты з самага Кіева пра гэта мараць. Вунь Аксана ні разу ў жыцці каля вогнішча не снедала, — усміхнуўся важаты.
— Яна і жывую карову ніколі не бачыла. Толькі на малюнку, — падміргнуў важатаму хлапчына з фотаапаратам.
— Ты вельмі многа бачыў! Зараз як дам! — кінулася на яго Аксана.
— Брэк! Бой закончаны! Перамога Аксаны! — весела сказаў важаты. — А цяпер — за справу! Памыйце прадукты. Распальвайце вогнішча!
— Толькі так! — аўтарытэтна пацвердзіў маленькі «штурман».
Піянеры адразу закрычалі і пабеглі да лодак.
— Ты, Ігар, распалі вогнішча, — сказаў важаты хлапчыне з фотаапаратам. — Ты ў нас майстар.
— Хадзіце, я пакажу, дзе ламачча, — па-гаспадарску прапанаваў Кукуруза.
І мы ўтрох пайшлі ў глыб вострава. Ішлі і, як гэта заўсёды бывае на пачатку знаёмства, ніякавата маўчалі — не ведалі, пра што гаварыць. І раптам Ігар, не адкрываючы рот (мы гэта добра бачылі), гучна не то бэкнуў, не то гаўкнуў. І адразу недзе ўнутры ў яго заіграла музыка. Сапраўдная музыка. Джаз. І потым нешта заспявала жаночым голасам па-нянашаму... Мы сталі і вылупіліся на Ігара. Што такое?
Ён засмяяўся і перасунуў на грудзі тое, што нам здавалася фотаапаратам.
— Прыёмнік! На транзістарах, паўправадніках. Толькі я яго ў футарале ад фотаапарата сабраў. Іншага не было. Ды і зручна. Цераз плячо насіць можна.
Вунь яно што. Дык гэта транзістарны прыёмнік, такі, як у дзеда Салівона! І як мы адразу не здагадаліся?
— Добрая рэч, — апамятаўся Кукуруза. — Колькі аддаў?
— Што — аддаў?
— Заплаціў колькі?
— Ніколькі. Сам зрабіў.
— Што-што? — Кукуруза скрывіўся і прыклаў далонь да вуха, нібыта не пачуў.
Я хіхікнуў.
— Сам, кажу, зрабіў, — сур'ёзна паўтарыў Ігар.
— Ага, — крыва ўсміхнуўся Кукуруза. — Я ж і пытаю: колькі заплаціў? У нашай краме «Турыст» прадаецца. Трыццаць пяць рублёў. Прыгожы, пад перламутр. Ну, а гэты, вядома, горшанькі.
— От дзівак, не верыць. Ну, як хочаш.
З кустоў выйшаў важаты.
— Пра што гэта вы, хлопцы, спрачаецеся?
— Ды нічога, проста так, — махнуў рукой Кукуруза, але потым, глянуўшы знізу на важатага, запытаў яхідна: — Дзядзька, а ў вас усе піянеры такія во... ці адзін толькі?
— А што такое?
— Проста ён гаворыць, што сам гэты прыёмнік зрабіў. Можа, тая ваша худая сама аўтамабіль зрабіла, а той «штурман» — у космас лятаў?
— Адносна аўтамабіля і космасу не скажу, а вось прыёмнік ён сапраўды сам зрабіў. Гэта праўда. Ён у нас малайчына. У радыёгуртку ўжо трэці год. Акадэмікам будзе.
Важаты гаварыў сур'ёзна, без жартаў. Не верыць яму было немагчыма. Кукуруза адразу скіс — насмешлівыя агеньчыкі ў вачах патухлі, куточкі вуснаў апусціліся.
Я таксама здзівіўся. Мне чамусьці заўсёды здавалася, што ўсе гэтыя разумненькія вучні, якія майструюць дзеючыя мадэлі атамных ледаходаў і самалётаў, абавязкова павінны быць хударлявымі, заморанымі, у акулярах. І абавязкова дзікаватымі. А тут перад намі стаяў звычайны канапаты хлопец — мускулісты, загарэлы, відаць, фізкультурнік. Неяк ён больш уяўляўся на спартыўнай пляцоўцы, сярод гаманлівай ватагі расхрыстаных хлопцаў, а не паглыбленым у пераблытаныя цельбухі радыёпрыёмніка.
Читать дальше