І зноў заводзіць сваё:
— Ану — водарасць! Лекавая водарасць для ўсяго! Смачная прыправа для халоднага і гарачага. Можна ў гарбату. Можна ў гарэлку. Можна сушыць. Можна варыць. Можна ў далёкую дарогу. Ежа касманаўтаў! — тыцнула пальцам у партрэт касманаўта Паповіча. — Трыццаць капеек пучок. Украінскі жэньшэнь.
Пакупцы ўсміхаюцца, але бяруць.
Прыгледзеўся я, чым яна гандлюе. Гэта былі пучочкі нейкай сушанай травы, а, можа, водарасці сапраўды. Але тое, што гэта не глабулус, і сумнення не было. Глабулус жа, як гаварыў Фарадзеевіч, — мікраскапічная аднаклеткавая водарасць і такі выгляд мець не магла.
Расказаў я тады пра ўсё гэта Яву, здзівіліся мы рыначнаму таленту Кнышыхі («Вось людзей абдурвае, змяя!»), а потым забылі. Чым толькі не гандлююць на тых рынках!
— Так ці іначай, — сказаў рашуча Кукуруза, — ты як хочаш, а я сёння ноччу...
Кукуруза не дагаварыў. Раптам з плёса даляцела звонкая песня:
Пусть всегда будет солнце,
Пусть всегда будет небо,
Пусть всегда будет мама,
Пусть всегда буду я!
РАЗДЗЕЛ XVII. Неспадзяваныя Ігар, Валька і іншыя
Галасы былі бадзёрыя, піянерскія. Здавалася, што проста па вадзе і балоце крочыць праз чараты вясёлы піянерскі атрад. Мы здзіўлена пераглянуліся — што такое? Потым ірвануліся з месца і пабеглі на бераг — туды, адкуль было відаць. Але нічога не ўбачылі. Перашкаджаў чарот.
Мы хутка ўзлезлі на старую вярбу, пад якой стаяў будан. Гэта было самае высокае дрэва на востраве. І тады ўбачылі — на плёс выплывалі белыя, як лебедзі, лодкі. У лодках сядзелі піянеры — у белых майках, белых панамках, з чырвонымі гальштукамі.
У першай лодцы стаяў на поўны рост стройны высокі юнак у белых штанах, без майкі, але таксама з чырвоным гальштукам. Гэта быў, мабыць, важаты. Пад бронзавай скурай выпіналіся магутныя мускулы. Здавалася, гэты юнак — проста з фізкультурнага плаката «Рыхтуйся да значка ГПА!».
Ды вось песня закончылася, і важаты гучна сказаў:
— Сябры, прапаную на гэтым востраве зрабіць прыпынак! Як вы думаеце, таварыш штурман? — нахіліўся ён да маленькага галавастага хлопца з насупленымі бровамі, які сядзеў на карме.
— Толькі так, — вельмі сур'ёзна адказаў хлопец. Усе чамусьці засмяяліся.
— Тады трымайце курс на востраў, штурман! — у тон яму сказаў важаты.
— Толькі так! — паўтарыў хлопец, і зноў усе засмяяліся. Але хлопец не звярнуў на гэта ўвагі. Хоць бы хны!
Адна за адной лодкі падплывалі да берага. І адразу востраў ператварыўся ў піянерскі лагер: смех, крыкі, бегатня. Хто гуляў у мячык, хто плёхаўся ў вадзе, хто лавіў сачком матылькоў. Сярод піянераў мы пазналі некалькі васюкоўскіх юннатаў, але яны былі не з нашай вуліцы, мы іх дрэнна ведалі. Мы сядзелі на дрэве, не ведаючы, што нам рабіць — ці паказвацца, ці не. Але доўга раздумваць нам не давялося. Нейкая цыбатая дзяўчынка падбегла да будана і крыкнула:
— О! Глядзіце! Тут нехта жыве!
Усе збегліся да яе. Падышоў і важаты. Смуглявы шустры хлопец з фотаапаратам на плячы шмыгнуў у будан і адразу ж выскачыў, трымаючы ў руках электрычны ліхтарык.
— Ліхтарык! — паясніў ён. — Механічны. Дае святло толькі тады, калі націскаеш на гэтую ручку.
І пачаў чвыркаць, паказваючы. Кукуруза неспакойна заёрзаў на галіне.
Цыбатая дзяўчынка таксама шмыгнула ў будан і выцягнула адтуль стрэльбу.
— Паглядзіце, сапраўдная, паляўнічая...
— Ой, асцярожна, яна, можа, зараджаная! Яшчэ стрэльне, — войкнуў нехта з дзяўчат.
Тут Кукуруза ўжо не вытрымаў:
— Ану, не чапай!
Усе адразу паднялі галовы. Хавацца ўжо не трэба было. Мы злезлі з дрэва. І адразу ж нас акружылі піянеры.
— Хто вы?
— Што вы тут робіце?
— Гэта ваш будан?
— І ружжо ваша?
— Вы паляўнічыя?
— Вы тут жывяце?
Я разгублена паглядзеў на Кукурузу.
Ён насупіўся і маўчаў.
— Ды яны, пэўна, проста рыбу ловяць тут. Гэта нашыя, з Васюкоўкі, — сказала васюкоўская юннатка, здаецца, з восьмага класа.
— Ці з дому ўцяклі, — дадала другая (мы пра яе ведалі толькі тое, што яна вельмі злая і дачка калгаснага бухгалтара).
— Ці ў індзейцаў гуляюць. Як «Маленькія дзікуны» Сетана-Томпсана. Памятаеце? — улезла цыбатая.
— Ці ў Рабінзонаў... Праўда ж? — сказаў важаты.
Я, зусім аглушаны, глянуў на Кукурузу. Мой сябар густа-густа пачырванеў. І раптам сказаў:
— Ні ў што мы не гуляем. У нас тут справа ёсць... А вы хто такія?
— А мы з Кіева. Юннаты мы, — засакатала вастраносенькая дзяўчынка ў акулярах.
— Прыехалі сёння, — перабіла яе цыбатая.
Читать дальше