І я працаваў.
Я не кажу ўжо, што рабіў тое, што трэба было рабіць; чысціў свінарнік, калоў дровы, поркаўся ў садзе.
Але найбольш выконваў работу, на мой погляд, не патрэбную нікому, работу, якую бацька проста прыдумваў для мяне. Напрыклад, капаў велічэзную яму для памыяў і смецця. Навошта? Усё жыццё маці вылівала памыі ў бур'ян за клуняй — і нічога. А тут, бачыш, спецыяльная яма спатрэбілася.
Або — плот на мяжы нашага гарода з суседнім. Ніколі там нічога не было. Маўляў, каб куры ў суседні гарод у шкоду не лазілі. Смех! Лазілі і будуць лазіць — на тое яны і куры. І ніякія штыкеціны ім не перашкодзяць.
Я ведаю, гэта проста называецца — працоўнае выхаванне.
І чаму дарослыя так любяць выхоўваць! Толькі клопат лішні. Нібы я сам не разумею, што дрэнна, а што добра, што трэба рабіць, а чаго няварта. Выдатна разумею.
І вось я незнарок падслухаў размову між маці і бацькам. Маці ўпрошвала, каб ён ужо даў мне спакой: «Ты хочаш, каб ён зусім... Бач, на каго падобны!» Але бацька быў непахісны: «Нічога-нічога, гэта яму толькі на карысць. А ты хочаш, каб ён гультаём вырас, басяком, разумееш, п'яніцам ці алкаголікам?!»
П'яніцам! Сказалі. Ды няхай яна гарыць сінім полымем, тая гарэлка! Каб я яе піў! Яны думаюць, што я не пакаштаваў. Мы з Явам неяк пакаштавалі. А як жа! Бр-р! Цьфу! Рыбіны тлушч і той смачнейшы.
А па-мойму, дарослым яна таксама не даспадобы (як яны крывяцца, калі п'юць!) Проста дарослыя — такія ж, як дзеці: ім нязручна адзін перад адным, яны хочуць паказаць, што яны дарослыя, ну і...
З Явам мы бачыліся мала: не было часу. Вось толькі падыдзем да плота, што раздзяляе нашы двары, — ён з аднаго боку, я з другога. Паскардзімся адзін аднаму.
— Сапраўдным парабкам зрабіўся, — скажа Ява. — Прыгонным. Як Тарас Шаўчэнка. Толькі вершы пісаць — «Мне ўжо трынаццаты мінае...».
— А я! Як эгіпецкі раб! — скажу я. — Спіну не разгінаю. Каторы ўжо дзень ломіць.
Паўздыхаем мы ды і разыдземся. Пра цуркі-палкі, пра футбол, пра квача і гаварыць няма чаго. Забылі, як гэта робіцца.
Ад усяго белага свету ізаляваныя былі. У другім свеце дзесьці там Фарадзеевіч з юннатамі вырошчваў фантастычны касмічны глабулус. Ужо хутка павінны быць вынікі.
Дзесьці там займаліся сваімі таямнічымі цёмнымі справамі Кныш і Бурміла.
А мы нічога не ведалі і не бачылі. Бо не маглі і нос з двара вытыркнуць. А як ты будзеш лавіць шпіёнаў, седзячы дома? Ніяк.
Адзін толькі раз Ява прыбег да мяне задыханы, усхваляваны, чырвоны.
— Гайда! Хутчэй!
— Што такое?
— Толькі што — на свае вочы бачыў — Кнышыха з хаты выйшла, Кнышу сказала: «Ану, ідзі толькі на вуліцу вызірні, ці няма каго, і фортку зашчапі. А то як пабачаць тыя злыдні, спасу не будзе». І Кныш пайшоў, і вызірнуў, і зашчапіў. І яны пайшлі ў хату і замкнуліся.
— Ну і што?
— Як «што?»! Галава! Можа, яны шпіёнскія грошы будуць хаваць або па радыё будуць перадаваць нешта... шпіёнскае.
— Ну-у?!
— Вось табе і «ну»! Гайда, пералезем праз Вялікую кітайскую, а тады ў гарох, што каля хаты, адтуль праз акно ўсё будзе відаць.
— Гайда!
Праз хвіліну мы ўжо шкрэбліся на высачэзны паркан, што раздзяляў Яваў двор ад Кнышоўскага. Гэты трохметровы паркан мы празвалі Вялікай кітайскай сцяной. І ведаеце чаму ўзвялі Кнышы гэтую сцяну? Праз грушу-дзічку. Якраз на мяжы расла ў Кнышоў дзічка і цягнула адну галіну на тэрыторыю Рэняў. І з той галіны грушы, вядома, падалі да суседзяў. Іх, звычайна, вярталі назад, але часам свіння якую-небудзь паданку і схрумае — хіба ўсочыш. Так праз тыя гнілушкі, якія і добрага слова няварты, Кнышы і збуда-
І22
валі Вялікую кітайскую сцяну. А дзічка, як на тое, усохла.
Не любілі мы Кнышоў. Нават незалежна ад іх шпіёнскай дзейнасці. Проста так не любілі. Несімпатычныя яны нейкія былі.
Кнышыха — шыракаплечая, кашчавая і хоць і тоўстая, але нейкая квадратная. Вочы маленькія, як дзюрачкі ў гузіках, а нос, або, як гаварыў трактарыст Грыць Кучарэнка, «румпель», вялізны і падобны на сякеру.
У Кныша, наадварот, нос быў маленькі, якдулька. Затое валасаты, аброслы быў Кныш страшна. Рукі, ногі, плечы, грудзі, спіна — усё было пакрыта густымі рудымі валаскамі, цвёрдымі, як дрот. Нават у вушы было напіхана столькі валасін, што яны тырчалі, як клочча (дзіўна, як гэта даходзілі да Кныша гукі, не заблытваліся). І з носа тырчала таксама, і на пераноссі расло, і нават на кончыку носа.
Акрамя таго, быў Кныш нейкі мокры — як шэрая сцяна ў пограбе. Рукі заўсёды мокрыя, шыя мокрая, твар мокры. Неяк ён узяў мяне за плячо сваёй мокрай і халоднай, як у мерцвяка, рукой, я ажно ўздрыгнуў. Бр-р!
Читать дальше