А папугай пырхнуў, скокнуў на зямлю, перакуліўся, як сапраўдны акрабат, зноў узляцеў, сеў на плячо Санча, пазіраючы на людзей, як пераможца.
— Вы пыталіся, ці я вампіра злавіў? — звярнуўся да нас Санча. — Я. Прыйшлося павалтузіцца з ім.
Людзі, якія стаялі паблізу, прыціхлі.
— Ён страшны? — запытала Алеся.
— Страшнейшы за самую страшную гарылу, — прамовіў Санча.
Я не зводзіў вачэй з Санча. Вось ён, герой сённяшняга дня. Ён не толькі Траука адолеў, але і людзям даў радасць.
Ён як добры казачны джын, які зробіць усё-ўсё, што пажадаеш.
Санча пагладзіў папугая.
— Дужы гэты вампір. Пантэрай на нас кідаўся. Аднаго нашага за руку ўкусіў.
— Зубамі? — сказаў я ні ў пяць ні ў дзесяць.
— Канешне, зубамі. Ён…
Санча не паспеў даказаць, бо ззаду пачуўся прарэзлівы крык нейкага мужчыны:
— Вампір на вуліцы! Нядаўна на жанчыну напаў!
— Бандыты! — на ўсё горла закрычаў папугай. Людзей закруціла, як круціць у бяздоннай яме вір. Мяне, Максіма і Алесю натоўп пацягнуў за сабою. Мы не супраціўляліся, толькі, узяўшыся за рукі, стараліся трымацца разам. Анту застаўся дзесьці там, каля возера.
Не памятаю, ці доўга натоўп цягнуў нас за сабою. Нарэшце людзі сталі разбягацца. Мы таксама пабеглі, пакуль не апынуліся на нейкай ціхай вуліцы, дзе не было ні душы.
— Хлопчыкі, у якім баку гасцініца? Куды нам ісці? — запытала Алеся.
— Назад, — кажу я.
— Па-мойму, уперад, — запярэчыў Максім.
— Чаму ўперад? — пытаюся ў яго.
— Калі пойдзем назад, то вернемся на возера. Здаецца, лагічна ён разважае. Ад возера мы беглі. Можа, вярнуцца? Можа, Анту чакае нас каля возера?
— Хлопчыкі, невядома, ці трапім на возера. Мы ж не адну вуліцу прабеглі. Невядома, куды гэтая вядзе, — сказала Алеся.
І ў яе разважанні ёсць логіка. На возера, як помніцца, мы ішлі па прыгожай, шырокай вуліцы. А гэтая вузкая. І людзей не відаць. Мабыць, зноў пахаваліся. Каму ж хочацца сваім жыццём рызыкаваць? Тут трэба хадзіць з важкім кіем.
— Усё-ткі трэба ісці назад, — парушыў маўчанне Максім. Разумнік знайшоўся! То ўперад, то назад. Прывык, каб заўжды было па-ягонаму. Не выйдзе. Насуперак зраблю.
— Трэба ісці ўперад, — сказаў я і патэпаў, засунуўшы рукі ў кішэні.
А на душы неспакойна. Чужы горад, чужая вуліца, чужыя дамы. Што, калі раптам вампір Траука выскачыць?
Я азірнуўся, каб паглядзець, дзе Алеся і Максім. Валакуцца за мною. Відаць, і ім страшна. Траука… Чаму ж ён зноў на вуліцы? Анту казаў, што злавілі. І Санча пацвердзіў.
Я стаў, пачакаў Максіма і Алесю.
— Антось, — звярнулася да мяне Алеся, — што ты думаеш пра Санча?
— Санча — герой! — узняўшы ўверх руку, прагаварыў я. Максім хмыкнуў:
— За чужымі плячыма герой.
— Чаму за чужымі? Ён вампіра лавіў. Хіба ты не чуў, як Санча расказваў?
— У гэтага Санча язык, як малатарня… Злавілі… Калі б злавілі, то на жанчыну не напаў бы, — сказаў Максім.
Вуліца павярнула ўлева, і мы апынуліся ў двары, дзе квадратам стаялі трохпавярховыя дамы. Вокны, дзверы ў дамах павыбіваныя, дзе-нідзе забітыя дошкамі. Выходзіць, вуліца вяла да гэтых дамоў. Прыйшлі, называецца.
— Чаму дамы разбураныя? Хіба тут ваявалі? — усклікнуў я.
Алеся падняла кавалак аконнай рамы, кінула да сцяны.
— Думаюць рабіць рамонт. Відаць, яна адгадала. І ў нас таксама, бывае, думаюць, збіраюцца, пакуль дом не разбурыцца.
Максім, выглянуўшы з-за рога дома, усклікнуў:
— Э-э…
Што з ім? Экае, быццам костка ў горле засела… а на вуліцы бокам да нас стаяў вампір Траука. Я адразу скумекаў, што гэта менавіта ён: маленькі, крываногі, вочы пукатыя, губы тоўстыя, ніжняя адвісла, як у старога каня, рукі аж да кален.
— Траука? — дыхнула мне ў самае вуха Алеся.
— Ыгы, — адказаў я.
— Хаваймася, хлопчыкі.
Алеся павярнулася і пабегла з усіх ног. Я думаў, што пабяжыць у дом (там шмат пакояў, у любым можна схавацца), а яна чамусьці палезла ў сутарэнне, якое было пад домам. Мы з Максімам, вядома ж, таксама палезлі за ёю.
У паўзмрочным сутарэнні параскідана паламаная мэбля. Мы зашыліся ў самы цёмны кут, прыселі за драўляны ложак, у якім было толькі дзве ножкі.
З двара ў сутарэнне пранікалі промні сонца, у якіх круціліся, скакалі пылінкі, як бы даганяючы адна адну.
Мы баяліся паварушыцца. Не чакалі гэткай сустрэчы. Траука быццам па нашых слядах ішоў. Дзе ж ён цяпер? Што будзе, калі суне свой нос у гэтае сутарэнне? Ён і на дарослых нападае. А мы, дзеці, для яго добры ласуначак. Эх, каб дамоў цяпер! Што там мама робіць? Мабыць, па магазінах бегае. Казала, што трэба купіць тату падарунак на дзень нараджэння. І мяне папрасіла, каб з Лацінскай Амерыкі прывёз які-небудзь сувенір. Вядома, тут ёсць што выбраць. Але як нам з сутарэння вырвацца?
Читать дальше