Хай вораг зламаў тваё крылле
У росквіце гордых надзей,
Юнацтва-ж гарачая сіла
Наперад нястрымна ідзе.
I шчодра гарачае сонца
Адорвае землі святлом
У руху няспынным, бясконцым
Над тым, што жыве і жыло!
Румяна неба з краю і да краю,
Зара павольна гасне за зарой.
I першы чалавек, каго страчаю,
Нясе любоў і цеплыню з сабой.
Ідзем сумесна дню мы насустрэчу,
Мы разразаем вецер з ім наўзмах.
Пяшчотнасць маці мне лягла на плечы,
Спакой дзіцяці свеціцца ў вачах.
Бразгочуць дзверы. Дахі на будынках
Плывуць да сонца, распластаўшы цень.
Цяпер мне шкода страціць і хвілінку:
З усімі разам я ступаю ў дзень.
Прыемна несці важкасць бытавання,
I працу дня, і ўсіх начэй красу.
Праз сінія празрыстыя світанні
Сваёй краіне я жыццё нясу.
1940
Хаджу я закаханы ля цябе,
Гляджу у твар табе, у вочы міла,
Каб ні адна хмурынка чысціні
Красы тваёй не засланіла.
Жыццё маё, глядзі — прыйшла вясна,
Прыйшла на ганак наш і ў наваколле.
Я пад руку вазьму цябе, жыццё,
I пойдзем мы гуляць у поле.
Высока неба ў нас над галавой.
Зіхцяць палеткі збажыною росна.
Глядзі, як рана сонейка ўстае
I ўвечары заходзіць позна.
На досвітку услаўлю ноч з табой,
Увечар будзе дзень апеты.
Жыццё маё, цудоўна будзе нам,
Паверыць можаш мне у гэтым!
Каровы павыходзілі з хлява,
Конь развявае грыву залатую,
Я для цябе ні хлеба, ні святла,
Ні любасці не пашкадую.
Усёй краіны шыр і даўжыню
З табою праляцець, жыццё, бяруся.
Па ранішняй расе я выйду ў шлях,
Праз свежыя дажджы памчуся.
Калі мы стомімся пасля паўдня,
Калі паліць нас будуць лёсу спёкі,
У засені, каб асвяжыць душу,
Пад дрэвам спынімся высокім.
Калі-ж сустрэнем мы сваіх байцоў,
Узняўшы рукі, ля дарогі станем,
Каб шчыра, ад душы, нам зноў і зноў
Ушанаваць іх прывітаннем.
Я не ступлю, пакуль не правяду
Апошняга ў калоне верхавога.
— З вясной цябе, мой родны край! — скажу
I рушуся далей дарогай.
1940
КАЛІ ЛАСКА
(Вольны пераклад)
Тры гады я не маю спакою ні звання,
Тры гады як блукае за мною расстанне,
Адзначаю сягоння я смутную дату —
Дзень, калі пакідаў сваю родную хату.
А наўкол разліваецца спелае лета,
Каласамі шуміць урадлівы палетак,
Зацвіло на ім неба валошкаю сіняй,
Як і ў нашай далёкай-далёкай краіне.
Людзі йдуць, і са мною спыняецца кожны,
I я ў кожным найлепшага сябра знаходжу,
А туга не змяншаецца нават на волас,
Хоць на тысяч.у дзён пасталеў яе голас.
Часта-часта, здараецца, зойдзе размова,
У мяне вырываецца роднае слова:
— Калі ласка! — прамоўлю, а сябра адчуе.
Дзе з парога вітаюць:
— Заходзь, калі ласка!
Дзе за стол запрашаюць:
— Сядай, калі ласка!
Дзе руку паціскаюць:
— Прыходзь, калі ласка.
I я маю салодкім сваім абавязкам
Гаварыць, паўтараць без канца: — Калі ласка!
Найсвятлейшае слова між слоў Беларусі!
Я з табою жыву і дадому вярнуся,
I тады толькі сціхне у сэрцы трывога,
Калі сам запрашу я гасцей ад парога:
— Калі ласка!
1944
Не буду пытацца ні ў кога,
I болей ніхто ўжо не скажа,
Сама будзе весці дарога
Туды, куды думка падкажа.
Там пляц мяне кожны пазнае,
I камень раскажа мне з бруку,
I комін з руін нагадае
Няўтойную ран.у і муку.
Звяры павяртаюць у норы,
А птушкі — да гнёздаў любімых.
Магіламі ўкрыты прасторы,
Ды нельга забыцца радзімы.
Хай ластаўцы нельга мясціны
Знайсці, дзе гняздо змайстравана,
А я адшукаю руіны,—
Тут хата мая зруйнавана.
Праз камень трава прарастае,
Галінка да сонца імкнецца.
Ізноўку зямля зацвітае
На попеле спаленых сэрцаў.
Як птушка малая, старанна
Свой дом адбудую нанова,
Да стомы, да поту я стану
Цагліны насіць на будову.
Каб там, дзе браты паміралі,
Дзе іхняя кроў чырванела,
Ні колер, ні гук не прапалі,—
Каб зноўку жыццё заквітнела!
1945
Сыграй мне, музыка, сыграй мне без нотаў,
Без флейты, без скрыпкі сыграй,
Сыграй на кавалках парванага дроту,
Што звіс на слупах з краю ў край.
Читать дальше