Бацька дзягаю б’е,
Маці словам пячэ...
Так паказваўся свет
Для дзіцячых вачэй.
I падзелена ўсё
Не пароўну было:
Аднаму толькі змрок,
А другому — святло.
Свет стары запалаў,
I я з дому пайшоў,
Праз агонь барацьбы
Шлях да шчасця знайшоў.
Стала ўсё дагары —
Быццам смерч над зямлёй,
Але-ж лёгка хадзіць
Простым людзям па ёй.
Сонца выйшла ў прастор,
Так заззяла тады,
Што цяпло і святло
Я прыдбаў назаўжды.
Маю многа сяброў
I сяброўку спаткаў,
I жыццё збудаваў,
I дзіця ўзгадаваў.
Час нічога не сцёр,
Не сатрэ, каб хацеў,
Ён са мною жыве,
Хоць даўно адляцеў.
Хоць даўно я пішу,
Маю імя — паэт,
Дапісаць не магу
Я свой аўтапартрэт.
Я навокал зірну:
Колькі трэба сказаць!
Каб управіцца. зноў
Дзіцянём трэба стаць.
Кожны дзень, кожны міг
Новых спраў настаццё,
Кожны дзень я наноў
Пачынаю жыццё.
Час павінен чакаць,
Часу шмат у яго.
Вельмі-ж многа работ
У мяне аднаго.
Што паспею — зраблю.
Дзе прайду — кіну след.
З гэтых рысаў складзецца
Мой аўтапартрэт.
1956
Сяброўскія рукі ў цяжкую хвіліну
Надзею акрыляць, узнімуць твой дух.
А ласкавы погляд вачэй — ён адзіны
Падкажа табе: вось твой сябар і друг.
Прыгожая рыса, як дар пакаленняў,
Руку падаваць і казаць: добры дзень!
Вось гэтак вітаўся вялікі наш Ленін,
I ўспыхваў зычлівае ўсмешкі прамень.
Былі па-вясенняму цёплыя словы,
Калі па-сяброўску ён друга вітаў.
Ён шчырасць глыбокай сардэчнай размовы
У спадчыну рускім людзям перадаў.
Братэрскаю дружбай народы сагрэты
Па-ленінску, ў цесным сяброўстве сваім.
Як сонца, яна зіхаціць над сусветам,
Шляхі ў комунізм пракладаючы ім.
Да плыўца ў акіян светлым птахам з зямлі
Далятае сяброўскае слова,
I цяплей на душы, хоць цябе абнялі
Хваляў шум, подых шторма суровы.
Паміж небам і морам — на стыку двух сіл —
Чалавек, як расінка ў пустыні,
Перад тварам дзівоснай і грознай красы
Над бяздоннем зялёных глыбіняў.
Родны бераг далёка... Здаецца, цябе
Пакідае надзея на шчасце.
Б’юць халодныя хвалі у твой карабель,
Свішча вецер, зрываючы снасці...
У хвіліну адчаю прыходзіць тады
Голас родны сяброўскага слова,
Каб цябе зберагчы ад нягод, ад бяды,
Каб напоўніць душу сілай новай.
Голас друга адолее час і прасцяг,
Гул навалы, бязмежныя шыры,
Нібы словам, абвеяным праўдай жыцця,
Твой народ прывітаў цябе шчыра.
Асенняе сонца пяшчотна пячэ,
У восень — лагоднае сонца яшчэ,
Нібыта кабеты пяшчотнай любоў,
Так цёплае сонца распальвае кроў.
Яно садавіну кашамі нясе,
I просіць: вазьміце, каштуйце усе.
Кавалачкі яблык хрумсцяць на зубах, —
Праменнаю фарбай набраклі ў садах.
Пахучыя грушы і яблык янтар,
I сінія слівы — вось сонечны дар.
У сціртах капуста, гарой гарбузы —
Трашчаць пад цяжарам на рынку вазы.
У шоўкавых хмарках праменіцца даль,
Ляціць павуціння празрысты паркаль.
Звініць пазалотай і ясень, і клён;
Як я, гэтым сонцам захоплены ён.
Яно-ж закалыхвае водарам траў.
Я гэтае сонца ізноў пакахаў.
Верасень — кастрычнік 1956
ГЕРОЯМ ПАЎСТАННЯ ВАРШАЎСКАГА ГЕТА
Чым рана старэй, тым балючай яна.
Чым крыўда глыбей, тым нянавісць мацней;
Кроў наша бушуе, ды не ад віна,
Ад гора, якое кінжала вастрэй.
Што словы спагады? Не вернуць яны
Ахвяр, што аддалі народа сыны!
Я спаць не магу. Пакідаю пакой,
I дзверы і вокны бягу расчыніць.
Мне душна, мне цесна пад важкай страхой,
I сцены ламлю я нямых камяніц!
Іх многа — не хопіць ім месца і тут!
Мяне успаміны былога гнятуць,
Загінуўшых кроў асляпляе мне зрок,
Мне стукае ў сэрца апошні іх крок!
Я чую ў іх голасе грукат грымот
І заклік да ўсіх, хто жыве на зямлі,—
То голас бацькоў, і братоў, і сірот,
Што ў бойцы няроўнай касцямі ляглі.
Дарогай бясстрашных у вечнасць ідуць
I чумную топчуць нагамі брыду.
Читать дальше