Неўзабаве Карчмар вяртаецца.
Карчмар. Як я яго абкруціў?! Няхай думае, што забіў самога д’ябла. А мне застануцца ўсе грошы. ( Прыслухоўваецца .) Толькі б не збаяўся ў апошнюю хвіліну.
Чуваць адчайны чалавечы крык, гучна стукаюць дзверы.
З’яўляецца Яська з акрываўленым нажом у руках.
Яська( дрыжачым голасам ). Крычаў... зусім як чалавек. I кроў такая чырвоная, цёплая... Карчмар, а калі гэта... не д’ябал?
Карчмар. Д’ябал, д’ябал! Зараз трэба схаваць у склепе цела. Хадзем, дапаможаш мне. ( Выходзіць з пакоя .)
Яська застаецца стаяць.
Яська. Божа, што я нарабіў? Каго я забіў, Божа?
Вяртаецца разгублены Карчмар.
Карчмар. Яська, грошай няма. I цела таксама... Што за жарты, Яська?
Чуваць ціхі іранічны смех. Карчмар здзіўлена азіраецца. Яська заціскае вушы рукамі і падае на калені.
Глухая мураваная сцяна, без аніякага следу намаляваных крэйдай дзвярэй. На вышыні трох-чатырох метраў ад зямлі са сцяны тырчыць жалезная бэлька, з яе звісае вяровачная пятля. Пад самай пятлёй сядзіць на зэдліку Яська з акрываўленым нажом у руцэ.
Яська( ачуняўшы ). Дзе я зноў? ( Азіраецца .) Сцяна, зэдлік, пятля. Ах так, я збіраўся павесіцца... Але з’явіўся д’ябал і мне перашкодзіў. ( Заўважае нож у руцэ .) I я забіў яго! ( Адкідае нож .) Але навошта?.. Дзе райскі сад з чароўным абрусам? Дзе блакітнае неба, смарагдавая трава, крыштальная вада? Нічога няма. Зноў гэтая ненавісная сцяна... Навошта? (Узбіра ецца на зэдлік і прасоўвае галаву ў пятлю .)
З-за вугла выходзіць Д’ябал. Ён апрануты ў летні белы гарнітур, на нагах — белыя чаравікі, на галаве — белы капялюш. У адной руцэ ён трымае валізку, у другой — парасон ад сонца. Д’ябал нагадвае чалавека, які выбіраецца адпачываць на паўднёвы курорт.
Д’ябал. Прывітанне, Яська. Не пазнаеш?
Яська( прыглядаецца ). Ты? Ты што... уваскрэс?
Д’ябал. Падобна на тое. А ты як маешся? Зноў надумаў вешацца? А шкада. Шкада, што ты не выкарыстаў сваю апошнюю магчымасць.
Яська( перасмяглымі вуснамі ). Якую магчымасць?
Д’ябал. Там, у карчме. Няўжо ты нічога не зразумеў? Добра, не буду табе перашкаджаць. ( Падыходзіць да сцяны .)
Дзверы перад ім самі адчыняюцца, з праёма ліецца яркае святло. Д’ябал перастаўляе нагу за парог.
( Азірнуўшыся .) Бывай, Яська.
Яська. Стой, ты куды? ( Вымае галаву з пятлі .)
Д’ябал. Як куды? У рай. Душа нявінна забітага...
Яська( саскоквае з зэдліка ). А як жа я?
Д’ябал. Ты? Ты мне больш не патрэбны. I я вам таксама. Навошта вам д’ябал, калі вы ў Бога не верыце? ( Уваходзіць і шчыльна зачыняе за сабой дзверы .)
Яська. Пачакай! Вазьмі мяне з сабой! ( Кідаецца да сцяны, спрабуе знайсці і адчыніць дзверы, але безвынікова .) Я ўсё зразумеў! Дай мне яшчэ адзін шанец! ( Разганяецца і б’е плячом у сцяну там, дзе толькі што былі дзверы .) Я моцны! Я змагу! Я вытрымаю! Вярніся, прашу цябе! ( Зноў разганяецца і б’е плячом у сцяну .) Адчыні дзверы! Я не хачу тут заставацца!
З’яўляецца ўстрывожаная Паўлінка.
Паўлінка. Ясечка! Міленькі мой, што ты робіш? ( Кідаецца да Яські .) Чаго ты крычаў? Табе дрэнна? Што здарылася?
Яська( б’е кулакамі ў сцяну ). Ён падмануў мяне! Не ўзяў з сабой! Зачыніў дзверы!
Паўлінка. Хто падмануў? Якія дзверы? ( Абдымае Яську .) Хто цябе пакрыўдзіў, родненькі?
Яська. Тут, у сцяне, былі дзверы. ( Усхліпвае .) Памятаеш?
Паўлінка. Не было тут ніколі дзвярэй.
Яська. Намаляваныя крэйдай.
Паўлінка. Дзеці гулялі — намалявалі. А потым дождж змыў. Не бяры да галавы. Ты сёння шмат працаваў, стаміўся, есці, напэўна, хочаш. Я прыгатавала смачную вячэру. Сяджу, чакаю, а цябе ўсё няма і няма. Пайду, думаю, пагляджу, дзе мой Яська падзеўся. ( Цалуе Яську .) Хадзем дадому, любы. Хадзем, мой каханы.
Яська( з надзеяй ). Так, я стаміўся. Я вельмі стаміўся. Адвядзі мяне дадому, Паўлінка.
Паўлінка бярэ Яську за руку і вядзе дахаты. Крокі людзей сціхаюць. Усталёўваецца абсалютная цішыня, западае поўная цемра.
I ў самае апошняе імгненне чуваць ціхае рыпенне, дзверы ў сцяне прыадчыняюцца і скрозь шчыліну прасочваецца тонкі праменьчык святла.
Заслона
Читать дальше