Карчмар. Бачу, Яська, ты не вельмі любіш свайго сябра. Даўно ты яго ведаеш?
Яська. Які ён мне сябра! Лепш бы я яго зусім не ведаў.
Карчмар. А што ён за чалавек? Адкуль у яго столькі грошай?
Яська. Што табе да ягоных грошай? Смачны жабе арэх, ды зубоў Бог не даў. Д’ябал ён, а не чалавек.
Карчмар. Нам з табой, Яська, за ўсё жыццё столькі не зарабіць. ( Нахіляецца да Яські .) Можа, гэта адзіны шанец у жыцці?
Яська( устрывожана ). Які да халеры шанец? Ты што пляцеш, карчмар? Ты да чаго мяне намаўляеш? Украсці ў яго грошы?
Карчмар. Не ўкрасці, не! Барані Божа! ( Шэптам .) Забіць. А грошы пасля падзелім.
Яська. Забіць? Яго? ( Смяецца .) Але ж ты і прыдумаў!
Карчмар( заклапочана ). Украсці я мог бы і сам. Але раніцай ён прачнецца, і што тады? Не, яго трэба забіць. А я стары, не дам рады.
Яська. Ты што, гідкі слімак, не чуў: гэта не чалавек, а д’ябал.
Карчмар. Не бойся, Яська, ён добра напіўся і будзе спаць як пшаніцу прадаўшы.
Яська. Сапраўдны д’ябал! З пекла! Зразумеў? ( Налівае ў чарку гарэлкі і куляе ў рот .)
Карчмар( недаверліва ). Сапраўдны д’ябал? Там? П’яны як зямля і з дзвюма дзеўкамі ў ложку? ( Смяецца .) Яська, ты больш не пі.
Яська. Не верыш мне? А ў рай верыш? Я там быў.
Карчмар. Што ж ты там рабіў?
Яська. Што рабіў?.. Піў... закусваў... музыка грала...
Карчмар( расчаравана ). Э, хлопча, гэткі рай у маёй карчме кожнага вечара.
Яська. Не верыш мне! Як хочаш. Можа, я таксама ўжо сабе не веру. Але там — д’ябал. ( Адварочваецца .)
Карчмар( сам сабе ). Во набраў у галаву. Можа, з розуму крануўся? ( Падумаўшы .) Д’ябал не д’ябал, а грошы ў яго не фальшывыя, я праверыў. ( Да Яські .) Хлопча, ты мяне пераканаў. Там — д’ябал.
Яська( абыякава ). Дык што?
Карчмар( урачыста ). Мы павінны яго забіць.
Яська( ашалела ). Д’ябла? ( Паварочваецца да Карчмара .) З глузду з’ехаў, стары? Хіба яго можна забіць?
Карчмар( упэўнена ). Можна, Яська, можна! Там, у пекле, калі ён ва ўсёй сваёй сіле ды пры розуме — немагчыма. А тут, на зямлі, калі ён у абліччы чалавека, п’яны ды сонны — можна. ( Вымае з-пад крыса нож .) Вось гэтым нажом.
Яська( глядзіць на нож ). Узяць і забіць д’ябла. Вось гэтым нажом. I што тады?
Карчмар( пераканана ). I тады — рай. Рай на зямлі. Бо ўсё зло — ад д’ябла. Ад яго ўсе нашыя беды і няшчасці.
Яська. Як проста! Рай на зямлі.
Карчмар. I, заўваж, ніякага злачынства! Ніякага граху, Яська! Хіба гэта грэх — забіць нячыстага? Твой хрысціянскі абавязак!
Яська, як зачараваны, глядзіць на нож. У пакой вяртаюцца распусніцы .
Ну, як, дзяўчаткі? ( Сквапна .) Ці шмат зарабілі?
2-я Распусніца. Не чалавек, а д’ябал. Ніколі больш не лягу з ім у ложак, нават за такія грошы.
1-я Распусніца. Ах, а я дык, здаецца, вярнула б яму і грошы, каб толькі яшчэ раз паспытаць такога шчасця.
2-я Распусніца( злосна ). Пашкадуй сваю задніцу, дурніца!
1-я Распусніца. Ты пра сваю клапаціся. Ёй даўно ўжо пара на печы грэцца.
2-я Распусніца. Ах ты, курва! ( Б'е сяброўку па твары .) Смаркачка!
1-я Распусніца. Ад курвы чую! ( Спрытна дае здачы .) Порхаўка старая!
Карчмар( кідаецца разнімаць дзевак ). Атрымалі сваё — і дадому. ( Бярэ са стала пляшку гарэлкі і аддае дзеўкам .) Вось вам, каб хутчэй памірыліся. ( Выправаджвае дзевак з карчмы і вяртаецца да Яські .)
Яська( разгублена ). Жлукціць гарэлку, спіць з бабамі... Можа, ён і праўда ніякі не д’ябал? Можа, ашуканец які?
Карчмар( пераконвае ). Д’ябал, Яська, д’ябал. Не сумнявайся! Чуў, што сказала дзеўка? А яна столькі іх бачыла на сваім вяку, што ёй можна даць веры. Трэба яго забіць! Мусіш хоць раз у жыцці адважыцца на рашучы ўчынак. ( Падсоўвае Яську нож .) Бяры нож!
Яська( бярэ нож у руку ). I тады — рай? Рай на зямлі? ( Узнімаецца з-за стала .)
Карчмар. Рай, рай... Хадзем, я пакажу, дзе... ( Мітусіцца каля Яські .) Пасля гарэлкі і дзевак ён, мусіць, спіць як забіты. Ага, як забіты. А грошы, калі ты іх не хочаш браць, не бяры. Ты ж не дзеля грошай, праўда?
Яська( згадвае словы Д'ябла ). Мы ўсё перайначым! Мы перапішам нанава гісторыю чалавецтва! ( Сціскае ў руцэ нож. У суправаджэнні Карчмара пакідае пакой .)
Читать дальше