Суседка( абурана ). Тваю жонку ледзьве не згвалцілі, а табе толькі адно ў галаве: выпіць ды пад’есці!
Сусед. Ужо не адно. Хадзем дамоў, там разбярэмся. ( Паказвае пляшкі .) Во, і гарэлачка ёсць. ( Шэптам .) За Яськавы грошы купіў, на дурня нарваўся.
Суседка. Ах ты, юда, за дзве пляшкі гарэлкі гатовы жонку прадаць!
Сусед. Э, сучка не захоча, кабель не ўскоча. Хадзем абедаць! ( Цягне жонку дадому .)
Яська( услед суседзям ). Каб вам гэты абед колам у горле стаў! З-за вас я зноў не датрымаў слова!
Суседзі сыходзяць, Яська застаецца адзін над разваленай лаўкай.
Перад Яськавай хатай. На слупку ад лаўкі сядзіць маркотны гаспадар.
Яська. Бедны я, гаротны я чалавек. Шчасце само прыйшло мне ў рукі, а я яго не ўтрымаў. Чаму ўсё так наперакасяк выходзіць? Так усё па-дурному. Страціць рай з-за нейкай сабачай місы, з-за гнілой лаўкі. Лепш бы я павесіўся... Што я цяпер скажу д’яблу?
З’яўляецца Д’ябал. Моўчкі сядае на другі слупок ад лаўкі, вымае цыгарэты, закурвае і частуе Яську.
( Не вытрымлівае маўчання ). Чаго глядзіш?
Д’ябал. Нічога ў нас не атрымалася, Яська. Відаць, і праўда вы, людзі, занадта слабыя і легкадумныя. Не можаце адолець спакусу. I ні Бог, ні д’ябал вам не дапаможа.
Яська. Каб жа я хоць ведаў, з якога боку чакаць тую спакусу!
Д’ябал. Чаму, калі зводзіш чалавека да згубы,— усё атрымліваецца, а як толькі спрабуеш яго выратаваць,— адразу няўдача? Няўжо дабро такое бездапаможнае перад злом? Няўжо, каб дасягнуць мэты, трэба абавязкова хітраваць і выкручвацца? Цяжка, аднак, даводзіцца Богу.
Яська. А што, калі Бог даў мне такіх суседзяў? Хіба побач з імі можна ўстрымацца ад граху?
Д’ябал. Пры чым тут суседзі? Не яны, а ты кляўся датрымаць слова. Я ў цябе паверыў, а не ў іх. Цябе выбраў, каб выратаваць твой народ і ўсё чалавецтва. Няма чаго рабіць, хадзем у пекла. Там нашае месца.
Яська( у адчаі ). Не вінаваты я! Нейкі чорт мяне звёў!
Д’ябал( з дакорам ). Яська, які чорт? Што ты пляцеш? Маўчы лепш, калі вінаваты.
Яська. Маўчу. ( Нечакана .) Хочаш, буду маўчаць праз цэлы дзень як вады ў рот набраўшы? Дай мне апошні шанец!
Д’ябал. I слухаць не хачу! Зноў не вытрымаеш, як і тады.
Яська. Гэтым разам не падвяду, датрымаю слова.
Д’ябал. Будзеш маўчаць праз цэлы дзень? Не скажаш ані слова? ( Задумваецца .) Ды ты запішчыш праз гадзіну!
Яська. Вось пабачыш, буду маўчаць, хоць бы канец свету здарыўся. А не вытрымаю — сам, па сваёй волі пайду ў пекла.
Д’ябал( павагаўшыся ). Згода. Толькі не наракай больш ні на Адама з Евай, ні на суседзяў, ні на Бога з д’яблам. Ад цябе самога ўсё залежыць, памятай гэта. Што маўчыш?
Яська паказвае на мігах, што ён ужо не размаўляе .
Вось і маўчы. I што б вакол цябе ні адбывалася — нават не пікні. Бо гэта — твая апошняя магчымасць. Адам аднойчы саграшыў і ўсё жыццё пакутаваў. Ты — ужо двойчы. Трэці раз я табе не дарую. ( Сыходзіць .)
Яська з важным выглядам сядзіць на слупку ад лаўкі. Праз нейкі час перад хатай з’яўляецца Незнаёмы.
Незнаёмы. Здароў, братка! Чаго сядзіш у такі дзень каля хаты? Дзе твая годнасць, тваё сумленне?
Яська паказвае на мігах, каб яго пакінулі ў спакоі .
( Шэптам .) Хіба ты не чуў, што сёння збіраецца вялікі сход?
Яська адмоўна круціць галавой .
Божа, што за народ! Неба плача горкімі слязамі, зямля стогне ад гора, а яны капошацца ціхенька ў сваім балоце, як чэрві, прыдаўленыя каменем. Слухаць не хочуць, гаварыць не ўмеюць, нават якую маюць сілу, дык і тую баяцца выказаць. Жывуць нібыта ў нейкім страшным зачараваным сне. ( Да Яські .) Склікаецца сход вялікі, і ўсе браты і сёстры павінны на гэты сход з’явіцца. ( Таямніча азіраецца .) Будзем праклятага цмока выганяць. Разумееш, пра каго я гавару?
Яська збянтэжана паціскае плячыма .
Таго самага цмока, з-за якога на нашай зямлі завяліся ўсе беды і няшчасці. Таго самага ваўкалака, які навёў на наш край зграі чужынцаў. Успомні, колькі чароўных песень і казак спявала над тваёй калыскай маці, а што з іх сёння засталося? Асмяялі, аплявалі іх нязваныя госці, мучыцелі нашы. Але выбіла такая гадзіна, калі далей не можам трываць над сабой здзек. Уставай, скажы сваё слова, братка! На сход, на вялікі сход!
Читать дальше