Д’ябал. I ты — таксама? ( Уздыхае .) Што ж, давядзецца нам усім жыць разам.
Паўлінка( усхопліваецца ). Я табе пакажу «разам», сучка! Я зараз твае пасмы павыдзіраю! ( Як віхор, накідваецца на Д’ябла, злосна торгае яго за валасы і застаецца з парыком у руках .)
Д’ябал. Ну, вось, сапсавала прычоску. Што за шалёная баба! ( Адбірае ў Паўлінкі парык .)
Паўлінка( разгублена ). Ты... хто такое?
Д’ябал. Я — твой муж.
Паўлінка( не зусім упэўнена ). Мой муж — Яська.
Д’ябал. Няма больш ніякага Яські. Ваўкі з’елі. Я цяпер твой муж, Паўлінка.
З калыскі высоўваецца рука і патрабавальна цягнецца да Д’ябла. Д’ябал здымае з пояса пляшку з гарэлкай, адкручвае накрыўку, робіць глыток, задаволена цмокае языком і аддае пляшку ў калыску.
Паўлінка( баязліва ). А там... што? ( Паказвае на калыску .)
Д’ябал( пяшчотна ). Там — наш з табой сынок, Паўлінка. Мы яго з табой нарадзілі, цяпер гадаваць будзем.
Паўлінка( сядае на ложак ). Божа, што са мной? Я сплю?
Д’ябал( невядома да каго ). Спі, мая радасць. Спі, мая надзея. ( Гушкае калыску .)
Паўлінка( у адчаі ). Дзе мой Яська? Вярніце мне майго мужа! ( Плача .)
Д’ябал( нахіляецца да Паўлінкі і гладзіць яе па галаве ). Не плач, мая мілая. Цяпер у цябе новы муж, багаты ды разумны. Навошта табе той п’яніца і абібок?
Паўлінка( скрозь слёзы ). Хачу да Яські!
Д’ябал( раззлаваны ). Вось упартая кабета! Заладзіла адно: Яська ды Яська! ( У калыску .) Пакінем яе тут! Навошта яна ўвогуле нам патрэбна?
З калыскі высоўваюцца дзве рукі і цягнуцца да Д’ябла. Д’ябал дапамагае выбрацца з калыскі Яську, апранутаму як аднагадовае дзіцятка. Гучыць страсная музыка, Д’ябал з Яськам танчаць.
Яська( крычыць ). Я — твой сын, Паўлінка!
Д’ябал( да Яські ). Я — твой бацька! Сынок мой! ( Запрыгвае Яську на рукі .)
Паўлінка( жагнаецца ). Божа, я звар’яцела! ( Заплюшчвае вочы і закрывае рукамі вушы .)
Яська. Яна спіць! Пакінем яе тут!
Д’ябал. Яна звар’яцела! Навошта яна нам патрэбна?
Рухаючыся ў рытме танца, Яська з Д’яблам пакідаюць сцэну. Музыка сціхае. Паўлінка адплюшчвае вочы і адкрывае вушы.
Паўлінка( прачынаецца ). Што за жахлівы сон! Ясечка, любы, чуе маё сэрца: нейкая бяда з табою здарылася. Ты ж у мяне такі добры, такі даверлівы. Кожны цябе падмануць рады. У якую ты зноў ублытаўся гісторыю? Ці не забыўся ты пра сваю верную Паўлінку? ( Узнімаецца з ложка .) Ох, як шчыміць сэрца! Як мне табе дапамагчы, як цябе выратаваць, Яська? ( Пакідае сцэну .)
Старая карчма з чорнымі, закуранымі сценамі, з бруднымі драўлянымі сталамі і лаўкамі.
За адным сталом сядзіць Д’ябал і п’е гарэлку. Побач з ім прымасціўся Яська, паклаўшы галаву на стол.
За суседнім сталом дзве распусніцы гуляюць у карты, кідаючы прагныя позіркі ў бок Яські і Д’ябла. Збоку, за стойкай, Карчмар працірае брудным фартухом чаркі і келіхі.
Нечакана Яська падхопліваецца і пачынае крычаць.
Яська. Я не чытаў! Я нічога не ведаю! Я не бунтаўшчык!
Д’ябал( ловіць Яську за руку ). Не крычы. Ты не на судзе.
Яська. А дзе? ( Азіраецца .) У пекле?
Д’ябал. Амаль што. ( Налівае Яську гарэлкі .) Бяры.
Яська( баязліва паглядае на чарку з гарэлкай і адсоўваецца ). Дзякуй, я не п’ю.
Распусніцы за суседнім сталом пырскаюць са смеху.
1-я Распусніца( шэптам ). Чула; не п’е чалавек. Можа, святы?
2-я Распусніца( шэптам ). Які святы! Хворы. ( Уголас .) А вось мы б не адмовіліся, калі б нас хто пачаставаў.
Д’ябал( да Карчмара ). Карчмар, гарэлкі для дзяўчат. ( Да Яські .) Зусім не п’еш?
Яська( нясмела ). Можа, квасу.
1-я Распусніца( шэптам ). Чула: папрасіў квасу.
2-я Распусніца( шэптам ). Добра, што не свянцонай вады. Я ж казала: хворы. ( Уголас .) А дзе наш пачастунак?
Карчмар не спяшаецца несці гарэлку, нібыта чагосьці чакае.
Д’ябал( да Карчмара ). Ты што, не чуеш? Пляшку для паненак!
Карчмар( хмыкае ). Знайшліся мне паненкі. Пан яшчэ не заплаціў мне за тое, што выпіў.
Д’ябал моўчкі вымае з унутранай кішэні пінжака тоўсты пачак грошай і, выцягнуўшы адну купюру, кладзе яе на стол. Карчмар выходзіць з-за стойкі, падыходзіць да стала і, пабачыўшы вартасць купюры і таўшчыню пачка, змяняецца з твару.
Читать дальше