Столькі дзівосных страў і прысмакаў — ажно вочы разбягаюцца. ( Прагна есць .) Усяго хочацца пакаштаваць.
Паўлінка( узяўшы маленькі кавалачак ). Глядзі, не аб’ешся.
Яська. Смакацішча!
Паўлінка. Нішто сабе стравы, але і дома ў нас былі не горшыя: мачанка з блінамі, клёцкі з душамі, пірагі з капустай, качка, запечаная ў гліне... Не падабалася табе, як я гатавала?
Яська. Падабалася, Паўліначка, падабалася. Але дома ўсё было свойскае, звычайнае. А тут усё заморскае, з выкрунтасамі. (Працягвае есці, не звяртаючы болей на Паўлінку ўвагі .)
Паўлінка( нечакана ). А цікава ўсё ж, што схавана ў гэтай місе?
Яська( давіцца кавалкам ). Паўлінка! ( Гнеўна .) Глядзі сюды! ( Паказвае кулак .) Я табе дам за тваю цікаўнасць! Забаронена зазіраць у місу — і ўсё тут. Нашая справа слухацца і не мудраваць.
Паўлінка( агрызаецца ). Ты мяне не вучы. Я свой розум маю. ( Адварочваецца ад місы .) Проста цікава.
Яська. Каб я ад цябе больш не чуў пра місу! Давай лепш вып’ем ды яшчэ чаго з’ямо. ( Налівае ў келіхі пітво .)
Паўлінка( адсоўвае келіх ). Не хачу больш піць. I есці таксама не хачу. ( Азіраецца вакол .) Нудна мне.
Яська. То давай паспяваем. ( Выпівае з келіха і зацягвае песню .)
Дробна драбніца, дробна драбніца,
Дробны дождж ідзе.
Ой, сабралася бедна галота
Дый гарэлку п’е.
(Штурхае Паўлінку ў бок.) Дапамагай!
Пілі гарэлку, пілі наліўку,
Будзем піць віно.
А хто прыйдзе, з нас пасмяецца,
Будзем біць таго.
Чаму не спяваеш, Паўлінка?
Паўлінка. Не хачу. Голас сеў.
Яська. То, можа, патанчым? ( Падхопліваецца на ногі і пачынае скакаць лявоніху .)
У садзе гучыць музыка .
( Крычыць .) Хадзі да мяне, Паўлінка! Удвох будзе весялей!
Паўлінка не кранаецца з месца і нават адварочваецца ў іншы бок. Яська перапыняе скокі і сядае побач з Паўлінкай .
Чаму не скачаш, Паўлінка? Ты ж так любіш лявоніху.
Паўлінка. Не ў гуморы я. Сумна мне тут.
Яська( падумаўшы ). А можа... ( Шэпча нешта Паўлінцы на вуха і лезе цалавацца .)
Паўлінка( адштурхоўвае Яську ). Адчапіся, бессаромнік! Не да таго мне.
Яська( чухае патыліцу ). Вось табе маеш! ( Сам сабе .) Якога ражна ёй трэба?
Паўлінка. Яська, яно варушыцца.
Яська( не разумее ). Што варушыцца?
Паўлінка. Там у місе нешта варушыцца.
Яська. У місе?! А табе што да таго? Няхай варушыцца, а ты не чапай! Ану, адсунься далей!
Паўлінка. Я й не чапаю! ( Адсоўваецца далей, але сядзіць неспакойна, час ад часу кідае позіркі на місу .) Яська!
Яська. Чаго табе зноў?
Паўлінка. Нікога ж тут няма.
Яська. I што з таго? Цалавацца са мной ты не хочаш.
Паўлінка. Пішчыць нешта.
Яська. Дзе пішчыць?
Паўлінка. У місе.
Яська. Ты ўсё з гэтай місай! ( З пагрозаю .) Вось як перацягну цябе зараз рэменем, дык ты ў мяне запішчыш.
Паўлінка. Чаго цябе бярэ? Ледзь што — адразу біцца... Я ж нічога... я толькі так... каб ты ведаў... ( Прыслухоўваецца да таго, што робіцца ў місе, і міжволі падсоўваецца да яе бліжэй .) Ясечка, родненькі мой! Я ўжо больш не магу! Нас жа ніхто не ўбачыць... Я хуценька-хуценька адкрыю місу і зазірну ў сярэдзіну...
Яська( крычыць ). Не чапай! Хочаш, каб мы праз тваю дурную цікаўнасць рай страцілі?
Паўлінка. Ну і заставайся адзін у сваім раі! А я пайду сабе дахаты. ( Плача .)
Яська. Пачала ўжо раўці. Што мне рабіць з гэтай неразумнай бабай? Ну, годзе, Паўлінка, не плач.
Паўлінка( трапечацца ). Я місу хачу!
Яська. А каб ты трэснула разам са сваёй місай! Чаўпе адно: місу ды місу! Як заведзеная.
Паўлінка. Вось ты які! Табе для сваёй жонкі нейкай місы шкада! Ты мяне не любіш! ( Плача наўзрыд .)
Яська( мітусіцца ). Ах, бедны я, няшчасны я чалавек! Вось доля, ліха на яе. ( Не вытрымлівае .) Добра, чорт з табой! Сціхні толькі, не раві. Бачу, што ад цябе не адчэпішся. Зазірні ў гэтую праклятую місу, каб яна спрахла!
Паўлінка. Ясечка, любы мой, каханы! ( Кідаецца да Яські і моцна-моцна яго цалуе. Потым нахіляецца да місы, асцярожна прыўзнімае накрыўку і зазірае ў сярэдзіну .)
З місы вылятае птушка .
Читать дальше