Д'ябал падмовіць і вас адракчыся
Ад векавечных народных сьвятынь,
Як адракліся ўжо тысячы тысяч,
Моўчкі змірыўшыся з лёсам пустым.
Што ж прымушае вас гэтак заядла
I безразважліва кідацца ў бой
Не за гаротніка-брата — за д'ябла
З хітрай ухмылкаю, з сытай губой?
Люду сумленнаму жыць на радзіме
Горай і горай. Народ — у бядзе!
Дзе ж вы шукаеце голас праўдзівы?
Брацкую вернасць шукаеце дзе?
Вы — за свабоду? Чыю і якую?
Тую, што здымуць нам з меркі чужой?
Знайце ж: зарана нячысьцік сьвяткуе
Верх-перамогу над нашай душой!
Знайце: жывучы народ наш і з пекла
Выйдзе і ўзвысіць свой полымны дух!
Ну, а паколькі душа ў вас асьлепла —
Вашых у гэтым не будзе заслуг.
Чужое, разбойнае, хамскае
Гвалтуе, дратуе, таўчэ,
А роднае, свойскае, наскае
Бязмоўна ярмо валачэ.
Пачварнае, дзікае, жорсткае
Крычыць, верашчыць і трашчыць,
А добрае, людскае, боскае
Замоўкла і цяжка маўчыць.
Бяздарнае, брыдкае, бруднае
Сквярэцца, дзярэцца, хрыпіць,
А чыстае, сьветлае, мудрае
Няйначай заснула і спіць.
Дык, можа, ачнёмся, таварышы?
Апомнімся, братцы-сябры?
Ці будзем, аб вольнасьці марачы,
Канаць на бацькоўскім двары?
З Краснай горкі сьвятой,
Як раней яна звалася,
Я гляджу на лясы,
Што не бачыў даўно:
I на той,
Адкуль сонца заўсёды ўздымалася,
I на той,
За які асядала яно.
Я гляджу —
I аж сэрца шчымліва заходзіцца —
Да таго дарагія і любыя мне
Нашы далі лясныя...
Ах, чую, народзіцца
Зараз песьня ў душы —
Весьняй хваляй памкне!
Нават вейкі прымружыў
На хвілю якуюсьці —
Як ад чараў...
I раптам, нібыта праз сон,
Страшны голас нялюдскі скрыгоча:
«Любуешся?
Ну, любуйся, любуйся,
Душа з цябе вон!
Пэўна, думаеш:
Вось яна, спадчына вечная!
I ты вечны насьледнік яе, валадар.
А мяне —
I ў разьлік не бярэш, недарэчына?
Ну, дык ведай:
Не ты тут, а я — гаспадар!
А ў мяне
Ёсць стальныя, масіўныя ськівіцы
I ёсць чэрава-прорва,
Якое не ўняць:
Зьем усё тут, усё!
Не прасі зьлітасьцівіцца —
Схрабашчу ўсе лясы,
Што наўкола стаяць!
I дубровы-гаі,
I бярэзьнікі-ельнікі —
Да апошняга дрэўца —
Суздром сьцераблю!
Зьнішчу ўсё,
Каб нашчадкі твае, пераемнікі,
Мёртвай пусткай убачылі
Гэту зямлю!..»
Жах мяне скалануў.
Азіраюся: «Хто гэта?»
«Га-га-га!» —
Рагатнула нябачная здань.
Навакол — ні душы.
Рэха страшнага рогату
3 Краснай горкі сьвятой
Доўга коціцца ўдаль.
Ізноў, як калісьці,
Мне каркае чорны крумкач:
Давеку не выйсьці
Табе з гістарычных няўдач!
Куды ні паткнуся —
Усюды наб'ю сабе гуз:
Няма Беларусі!
Няма і цябе, беларус!
Куды ты ўсё прэшся?
Свой лёс ты між двух выбірай:
Ці «ўсходнія крэсы» —
Ці «северо-западный край».
Дай дзякуй, сярмяжка,
Што знаеш сяўбу ды жніво.
Калі ж табе цяжка —
Пахліпай сабе ў рукаво!
На гэта ты здатны —
На вечную скаргу і плач...
ЗамоўкнІ, бяздарны!
Не будзе па-твойму, крумкач!
Я хліпаць не стану!
Я прагай зьдзяйсьненьня жыву.
Найперш — у пашану —
Табе я скручу галаву.
Каб гнюсна не каркаў,
Каб тут, дзе Купала хадзіў,
Рабоў-недавяркаў
Агіднай хлусьнёй не пладзіў.
Тут праўда і вера
З нябыту ўваскрэснуць навек.
I мэтай і мерай
Тут будзе ва ўсім — Чалавек.
Біце ў ладкі, прастакі!
Пляскайце! Пляскайце!
Вам пякуцца праснакі
У маселцы, маселцы!
I пантофлі без чаргі
Купяцца, купяцца —
Хай адно хутчэй мазгі
Тупяцца, тупяцца!
Хцівец скача, як вар'ят,
З радасьці, з радасьці,
Што вам сыпе ў душы яд
Здраднасьці, здраднасьці.
Напляваць яму на грэх,
Белячы,белячы
Тыя грошы, што нагрэб
Безьлічы, безьлічы.
Краў ён вашу працу-плён —
З думаю, з думаю,
Што і ўладу купіць ён
Сумаю, сумаю.
А тады, ліхвяр і хам,
Спрытненька, спрытненька
На галовы сядзе вам
З прысьмехам, з прысьмехам.
Читать дальше