Нас могуць
Зьневажаць І абражаць,
Нас могуць
Не любіць і ненавідзець,
Але мы мусім
Цьвёрда помніць-знаць:
У нас ёсць Нёман,
І Дзьвіна,
I Прыпяць.
Нас могуць
Чорным брудам паліваць.
Культываваць бяспамяцтва,
Бяспраўе,
Але мы мусім
Цьвёрда помніць-знаць:
У нас ёсць Полацк,
Тураў
I Заслаўе.
Нас могуць
Ачмураць і падкупляць,
Штодзень даваць
Цацанкі-абяцанкі,
Але мы мусім
Цьвёрда помніць-знаць
Наказ Франьцішка,
Кастуся
I Янкі.
Нас могуць біць —
Аж да крывавых слёз,
Каб лёкаяў зрабіць
З ахвяраў зьдзеку,
Але мы мусім
Адстаяць свой лёс,
Каб ён для нас
Шчасьлівы быў давеку.
Таму —
Трывайма, любыя браты!
Трывайма й верыма:
Нішто не спляміць
I не асіліць нашай праваты,
I нам яшчэ паслужыць
Наша памяць!
Што праўда,
То праўда —
Даўно гэта стала:
Віхляньня — багата,
А годнасьці — мала.
Багата юродства,
Блюзьнерства,
Крыўляньня,
А мова народа —
На грані скананьня.
Таму і цямнеем,
Чарнеем ад злосьці.
Аж хочацца нават
Ударыць кагосьці.
Каго — зразумела,
Ды чорт яго знае
Чым кончыцца можа
Адвага такая!
І што ж тады робім
У злосьці і скрусе
Мы — існыя родам
Сыны Беларусі?
Што — робім?
А б'ём-дабіваем заўзята
Свайго
Недабітага злыднямі
Брата.
У гэтым — і мужнасьць,
I мудрасьць,
I годнасьць,
I нашага гора-гібеньня
Нязводнасьць.
Я не знаю, што ў нас будзе
Ні праз месяц, ні праз год.
Абясхрэсьціліся людзі.
Абязбожыўся народ.
Распадаецца грамадства.
Скрэпы трэскаюцца скрозь.
Згода-еднасьць — толькі маска,
Пад якой — нянавісьць-злосьць.
Праўда ходзіць белай зданьню
Па руінах дзён былых.
Ці падымецца, ці ўстане
Наша доля з грудаў тых?
Ці ў хлусьні, зладзействе, блудзе
Будуць весьці ўсё на звод —
Абясхрэшчаныя людзі,
Абязбожаны народ?
Не падбівай. Не падбухторвай.
Дарма шчыруеш. Я не з тых,
Што краю роднаму над прорвай
Самазабойча б'юць пад дых.
Табе — павек не будзе веры.
Не спадзявайся. Не чакай.
Ты ўпотай молішся хімеры,
А мне мой Бог — Бацькоўскі край.
Я не забыў: калі ад болю
За лёс ягоны я крычаў —
Ты шанаваў чужую волю
I, падуладны ёй, маўчаў.
Калі дыханьне мне і мову
Перацінаў дзікун-сатрап —
Ты не ішоў мне на падмогу,
Ты на душу не браў затрат.
Таму — не снуй перад вачыма.
Не корчы міну. Не прасі.
Прадаўшы ўсё, што ёсьць Айчына,
Мяне сто раз ты прадасі.
Грамадзяне, спяшайцеся, —
Найспрыяльныя фактары маюцца,
Каб душу даражэй запрадаць,
Покуль цэны на рынку трымаюцца!
Каб рукі пагрэць залацей
На горы-няшчасьці людзей.
Грамадзяне, спяінайцеся,
Не ўпусьціце выдатнай магчымасьці —
Каб гразёю абхляпаць таго,
Хто жыве па сумленьню і шчырасьці!
Каб нож садануць у сьпіну
Найблізкаму сябру свайму.
Грамадзяне, спяшайцеся, —
Шанцу лепшага можа не выпасьці,
Каб з уласнае скуры сваёй,
Як лінючая гадзіна, выпаўзьці!
Каб Тую, што кляўся любіць,
Ядавітаю сьлінай забіць.
Хаджу па вуліцы Грамілы,
Што цягам доўгіх страшных год
Граміў і плюндрыў, колькі сілы,
Усё, чым славен наш народ.
А ты, мой прашчур, творца мудры,
Чыя магіла дзесьці ў тундры, —
Твайго забытага імя
У родным горадзе няма.
Хаджу па вуліцы Няздары,
Што меў і здольнасьці аднак:
Пакуль народ аб шчасьці марыў —
Ён краў з казны і жыў усмак.
А ты, мой продак ясначолы,
Чый дар народу — незьлічоны, —
Твайго забытага імя
У родным горадзе няма.
Хаджу па плошчы Баязьліўца,
Што меў за Бога вечны страх —
Каб толькі з крэсла не зваліцца
I не разьбіць кар'еру ў прах.
Читать дальше