Не бачыла Падольская зямля
Такога, як Златніцкі, жываеда.
За правіну найменшую сялян
Да смерці сек, у здзеках меж не ведаў.
Быў ротмістрам шляхецкіх карных войск,
Дзе ні з'яўляўся, лютаваў, як турак.
Насілле, згубу ўсюды нёс з сабой,
Не думаючы пра свае хаўтуры.
...Стары знямогся, сеў перапачыць.
Дрыжалі ногі ў хадаках абдзёртых.
Дастаў сухар, вадою размачыў,
Перахрысціўся і паднёс да рота.
Навокала — вяршыні ды лясы
У шчодрым сонцы й красавіцкім ветры.
Зусім блізенька падпірала сінь
Нязрушна-велічна гара Гаверля.
Так не вязаўся мірны краявід
У смузе пяшчотнай весняга разліву
3 пякельнай ношай крыўды, слёз, крыві
У сэрцы ў пасланца па справядлівасць.
Канаюць людзі пад ярмом чужым, —
Чаму ж вы, горы, так спакойна спіце?!
Нямое рэха ўзносіла ў душы
Імёны Мухі, Грывы, Цеслі, Пынты [5] Важакі сялянскіх паўстанняў і апрышкаўскага руху на Галіцкай зямлі - ў XVI—XVIII стст.
.
О не, не спалі горы: іх сыны
Цану сабе і ўласнай волі зналі!
Не закаваць свабоду ў кайданы,
Не вынішчыць яе на гострых палях.
Стары падняўся: божа, блаславі,
Хай будзе шлях раба твайго нядоўгі...
Усё вышэй альпійскіх лугавін
Сцяжынка слалася яму пад ногі.
...з апрышкамі сваімі па розных сёлах мае сховань і прытулак.
3 універсала гетмана Іосіфа Патоцкага, 1742 г.
...Бо нічога не хачу браць, толькі адпомсціць пану, а ўсю гаспадарку раздзялю паміж вамі...
Доўбуш — панскаму слузе.
Львоўскія архівы рукапісных матэрыялаў
Спрасонку ўздрыгнуў парк на ціхі свіст.
I —
ледзь стрымаў зялёны ўсклік здзіўлення:
У браму —
дзе ж падзеўся вартавы? —
Бясшумна ўскочылі трынаццаць ценяў.
Рассыпаліся паміж дрэў, кустоў, —
Няўжо не чуюць ваўкадавы? —
Да камяніцы крокаў сто, не далей...
Разнесла сціша перазовы соў...
Святлом трывожным бліснула акно
Златніцкіх спальні.
Кучаравы явар,
Што ўкаранеў пад самаю сцяпой,
Ажно знямеў ад згледжанае явы:
Сярод пакоя, як вясновы гром,
Стаяў Алекса Доўбуш!
На падлозе ж
Павержаны пан ротмістр дзіка роў,
Ірваўся з рук апрышкаў у знямозе.
Павіс шматамі далікатны шоўк...
— Твуй верх, рабуй, нягодны ты поднужэк [6] Поднужэк — дрэнь (польск.).
!
— Не па чырвонцы я сюды прыйшоў, —
Па ненавідніцкую тваю душу!
Грыміш ключамі ад раллі і хат,
Ад паланін, лясоў і цэркваў нават,
Ды на адно забыў ты: не запхаць
У кішэнь ключы ад дум пакутных нашых.
Ты рагатаў, што стогны, дзікі плач
Табе мілей, чым музыка любая, —
Цяпер на ўласнай скуры тко пабач,
Якія «смешныя» твае забавы...
І з гэтым словам Доўбуш свечку ўзяў...
Схіснуўся спалатнелы пан Златніцкі:
«Як смее гэты збуйца [7] Збуйца — разбойнік (польск.).
і басяк!..»
Але зірнуў у твар яму — і ніцма,
Кулём упаў у ногі:
— Пашкадуй!
— Не я суджу, зямля мая тут судзіць!
...Услед апрышкам свежы вецер дзьмуў,
Услед з двароў сачылі ўдзячна людзі, —
У старане, як сена стог, палаў
Бездапаможна выкляты фальварак.
А золак гойдаў песню напалам
3 настоем маю роснага і гары:
— Е у мене топір, топір, та й кована бляшка,
Ек топірцем помахаю — ні пана, ні ляшка!..
ПАЭМА ЖНІВА
Ляжыш на канапе, што раптам зрабілася лаваю.
Васковая свечка гарыць у цябе ў галавах.
І рукі твае спрацаваныя, рукі ласкавыя
На грудзях — як два перавяслы на полі жніва.
Дажала, матулечка, вось ты, матулька, й дажала
Усе свае болі, маркоты і ўцехі свае.
І рукі на грудзях так ціха, спакойненька склала,
Што дзецям тваім іх аплакаць і слёз не стае...
Васковая свечка паколі гарыць — дагарае.
У слоік з ячменем сыходзіць счарнелая ніць.
Хіба ж ты, матулька, была ўжо такая старая,
Настолькі старая, што ўжо расхацелася жыць?!
Ляжыш, прычасаная, ўбраная, як на вялікдзень.
І ў печы пячэцца твой белы — наш чорны — пірог...
Устань жа, галубка, устань, мая зорачка, выйдзі
Хоць глянь,
колькі люду сабраў твой зычлівы парог!..
Устань, мая родная, ты ж на дасвецці ўставала,
А гэта ж — паглянь толькі! —
сонца пайшло на заход...
Усмешкай людзей прывітай, як заўсёды вітала,
Няхай не стаяць так журліва ля нашых варот!..
Читать дальше