Сярнічкай успалымнёнаю
успалымнёная свечка
гарыць-згарае,
сябе ў новую форму пераплаўляе.
Што як можа,
так дзеі гэтай і спрыяе:
жар, і кнот, і свечка самая,
і паветра халоднае, што яе атуляе.
Была калонаю-
сталася гронкаю вінаграднай,
што прыляпілася на камлі
маёй вечаровай задумнасці
саду.
Па адной
асыпаюцца вінаградзіны,
рвуць думак цьмянае, ухілістае,
далікатнае прадзіва.
Задзьму пялёстак агню,
хай ацалее агарачак -
на тую часіну, дзе жывуць,
ужо ні пра што не марачы.
Была каханая табою
Свяціўся шчасцем кожны рух,
Святочнай сцежкаю абое
Крылялі за будзённы круг.
Была табою мілавана
Быў небадарным кожны міг
І далеч промнямі праткана
Для абаіх, для абаіх.
Праменне сьцмела за імглою.
П’ю будняў выгарклы напой.
Была каханая табою.
Не канавана быць з табой.
Божа,
Ты й дзеля мяне расхінуў белы свет,
Дзякуй!
Вось, расхінаюся й я прад Табою,
растапляюся
да самастраты,
да страты ўласнае самсці зямной,
каб святоўнай святлотай
растапілася
горкая пладавіна
абмежаванасці і спаняволі.
Шукаем у спадарожніку
нават не водбліск, не водцень, не водгалас,
а ўсё нашае ўласнае "я"
унайлепшым,
у найдасканальшым яго варыянце, -
без ніякіх гарантый,
але з верай, што -
знойдзем!
А потым -
а так неўзабаве -
слёзы, і крыўды, і роспач
з укарэньваннем у зацятасць,
а потым-
атрутная калючына цярновая,
увагнаная ў сэрца сёння там,
дзе ўчора гойна тулілася
да нясцерпу жаданае
абяцанне
апошняга пялёстка рамонкавага,
яго залатая зазнака
любасці і пяшчоты.
Стаімо на рагу
захаду і ўзыходу ўласных ілюзій,
сплаканныя, знерваваныя,
з дакорамі да спадарожных.
Бездапаможныя.
Дарослыя дзіеці.
I. Ул. Баярчуку
Недзе ўзважваецца наш унёсак
У Жыццё
ў зямной гэтай юдолі.
Ці адхмарацца калі нябёсы?
Ці нап'ецца сэрца шчасця ўволю?
Будзем помніць: ледавік сыходзіць,
Будзем помніць: і патоп мінае.
Хоць, здаецца, сілы на зыходзе,
Крык душы ў пустыні прападае...
Але сіл даецца роўна столькі,
Колькі трэба, каб стрываць пакуту.
Ветрам хіліцца да голькі голька,
Кожны лісцік хоча быць пачутым...
Бачыць Бог,
ты напраўду рады,
калі я сама
да цябе азавуся,
ты напраўву рады
і гэтаму, бачыць Бог, рады
няма.
Адхварэлі?
Закаяліся?
Трапятліва малюся
Да Роўнаапостальнай Ніны:
Памажы ніш, Святая, ўтрымаць
і на цяперашняй сцюжы
наш трыкір,
нашыя тры свягліны:
Свечкі,
Птушкі
і Ружы!..
Воблака душы з улады тлуму
Вынесці пад воблака бярозаў,
Хай пагоіцца зялёным шумам,
Крыльцамі стракозак.
Бо пайшло яно ўжо проці ветру,
Бо грымотамі ўжо набракае,
Бліскавіцамі ў сцяжэлых нетрах
Ластавак лякае.
Пастаяць у верасня ў прысенках.
Неба ў крыжыках стрыжоў рахманых.
З воблака бярозаў спель насення
Сыплецца, ж манна...
Яшчэ ўсё навіваецца вопрадзень
утульнасці, супакоенасці, святла, -
толькі б хто не чапіў
груба, жорстка выкручанага крыла,
толькі б хто -
назнарок, а ці неабачна -
зноў не вымкнуў ранейшага болю!..
Хай хоць трохі яшчэ
патрымае ў сваім прыполе
абярэжлівая спагада нябёсаў
на доле...
Трохі дзіўна: не счулася, паяснеў калі
Мой дрымучы лес над вадою цёмнай,
Дзе лябёдачка з лебедзем -
У іншасвеце -
Плылі.
Трохі дзіўна: больш не ведаю стомы
Рухаў пустых,
Неўмалотных думак атрута
Страціла сілу.
...Дзесь плывуць сабе
тыя лебедзь з лябёдачкай...
Дзякуй, сэрца, што іх
У невараць
Адпусціла.
Ззянне крылаў тых птахаў шчаслівых
Яшчэ
Стукам тваім гарачым
Мяне дагоніць,
Іначай
Так несмутліва
Не світала б сягоння.
Ніхто недзівуецца
лёту майму па-над жытам,
Дый хто б дзіваваўся,
калі анідзе ні істоты
Бязяюдна.
Бязмоўна.
Бязвеўна.
Бязмежна разліты
Спакой ціхамірны.
Ні тлуму, ані адзіноты .
За полем даспелым,
за хвойнікам срэбназялёным
Мой дом, дзе ўсё - новае:
сцены, і столь, і масніцы.
Чакаюць у шафе расчыненай
строі-абновы.
А свежая стружка ў кутку
так духмяніць жывіцай!
І босым нагам цёпла-цёпла
на жоўтай падлозе.
І дыхаецца лёгка-лёгка:
ну вось я і ўдома,
Дзе ўсё навакола мяне
і ўва мне
прайнялося
Нарэшце-ткі сонцам,
так з'яўленым,
а невідомым...
Читать дальше