Вечар за сняжынкамі цікуе.
Чуеце?..
Зноў
аўтамат
такуе!..
Ул. Андр. Калесніку
Няхай усім ліхім вятрам на злосць,
Насуперак любой мажлівай слоце
І далей Вам не здрадзіць маладосць,
Каб думка й пачуццё былі ў палёце!
БУДЗЬЦЕ ШЧАСЛІВЫЯ, ЛЮДЗІ!
Светлае неба над жытняй далінай
Высака ўскінула крылы свае.
Толькі былое журлівай калінай
Зболены голас душы надае.
Хто іх, палеглых, разбудзіць?
Свет толькі згода ацудзіць.
Будзьце ж вы лучныя, людзі,
Будзьце шчаслівыя, людзі!
Не насычаецца горам у свеце
Неўтаймаваны руйнотны агонь.
Горнецца вецце трывожным суквеццем
Да абеліскаў, да сэрца майго.
Хто іх, палеглых, разбудзіць?
Свет толькі згода ацудзіць.
Будзьце ж вы лучныя, людзі,
Будзьце шчаслівыя, людзі!
Столькі розных святаў на зямлі,
Каб святло душэўнае ўмагчыміць!
Ды найлепшае між іх, калі
На парог ступае Дзень Жанчыны.
Бо тады мяняецца няўзнак
Штосьці нават у самой прыродзе.
Яўна саладзее ветру смак,
Яўна прамянісцей сонца ходзіць!
Дарагія, любыя!
Няхай
3 гэтым светлым днём сакавіковым
Расцвіце ў душы пяшчотны май,
Радасці прымерыцца абнова.
Берагіні самаго жыцця,
Хай жа й вам, нястомніцы, з любоўю
Свеціць сонца на шляхах быцця,
Дорачы цяпло, святло, здароўе!
Будзьце ў шчасці ўсюды і ўсякчас,
Хай спрыяюць вам і лёс, і людзі,
Хай і ў будні атуляюць вас
Кветкі, ўсмешкі, прыгажосць і любасць!
Валечцы
Ах, як імклівяць нашы леты!
Здаецца,толькі ўчора ты
Была цыбаценькім падлеткам,
Анёлкам праўды й дабраты.
А сёння вось - і жонка, й маці,
І гаспадыня на зайздросць,
Чыім стараннем лад у хаце,
І ў куфры, й на стале ўсё ёсць.
І педагог ты не з аношніх,
Ёсць і майстэрства, і чуццё,
3 удзякай выхаванец кожны
Нясе твой воблік праз жыццё.
Прыгожая і маладая,
Спагадная не напаказ,
Дасціпная і гаваркая -
Свяціся ж,
зорачка,
ўсякчас!
Ад юбілеяў не ўхавацца,
Ды хай сабе гады лятуць,
Табе ж сягоння толькі
...наццаць!
Віншуем, родненькая! Будзь!
Э.М.І.
На золку прымаразкі ходзяць,
Не першы жоўты ліст упаў.
Не аддавай сябе самоце,
Заўчасна ёй не саступай.
Няхай пазначана журбою
Расстанне восені з вясной, -
Нашто ж развітвацца з сабою,
Сябе збаўляць першаасноў,
Калі вачам - нябёс сінеча,
Калі рукам - барвяны ліст,
Калі для сэрца - позірк нейчы,
І ўздрыгне сэрца, як калісь...
Не знадзейвайся. Перажыві.
Хоць якая, ды ёсць патоля:
Намарозіць радня па крыві —
Адагрэе радня па долі.
Скруха - зашмаргай... Перарві.
Ёсць лагода на боль, на скруху:
Адрачэцца радня па крыві -
Паратуе радня па духу.
Праўду гэту - як ёсць - прыві
Да сцяжыны далейшага руху.
Будзь здарова, радня па крыві.
Будзь бяссмертна, радня па духу!
Ніне Сокал
Мы на зямлі, каб несці крыж з пакорай,
Наканаванне дзейснячы сваё.
Няхай шчэ сорак радасцей па сорак
Асвецяць шчыраваннейка тваё.
Інач усё, што можна перайначыць,
Мірыся з тым, над чым не ўладна ты.
Здароўя табе, Ніначка, удачы,
Любові ад паблізных, светлаты!
Калі бабе сорак пяць гадоў,
Дык яна - як ягадка наноў.
Што ж казаць пра мужыка таго,
Каму толькі сорак усяго?!
У такім узросце ж сама сіла
Дараваных ад прыроды крылаў;
У такім узросце ж сама розум -
Памяркоўны, ўзважлівы, цвярозы;
Хоць, капешне, й д'ябал не дрымае,
Пад рабрыну ўсё так і штурхае!..
Ну яго ў балота! Хай Валодзю
Аніякі чмут у грэх не ўводзіць!
Паднімаю чарачку сваю
За яго любімую сям'ю!
За Спадарыню! За Спадара —
За Валодзю Косача! Ура!
Читать дальше