Парушыўшы законы прыцягнення,
Планетамі сярод другіх планет
Існуем мы з табой як выключэнне,
Мая любоў,— як свет i антысвет.
Ніколі мы адной не ходзім сцежкай,
Не дзелім хлеб i дзелім толькі соль,
Ты сустракаеш смутак мой усмешкай
I смуцішся, калі міне мой боль.
Адказваеш на мой сардэчны захад
Нязгодай, самай крыўднаю з нязгод.
Здаецца, павярніся я на захад,
Як тут жа ты павернешся на ўсход.
Аднак зямля б мая асірацела
I ўвесь сусвет ахутала б імгла,
Каб, выбухнуўшы раптам, адляцела
Ты ў невядомасць з хуткасцю святла.
Праз дзесяць год ты з'явішся з-за хмары,
Закончыўшы касмічны свой палёт,
А на зямлі, па вылічэнні мары,
Гадоў міне не менш як восемсот.
Не знаю я, што, прыляцеўшы з неба,
Вачыма новых дзён убачыш ты,
A толькі не шукай, шукаць не трэба,
Сярод магільных пліт маёй пліты.
Лепш завяжы любімую хусцінку,
Сатканую з праменняў i нябёс,
I хай нясе цябе, сваю дзяўчынку,
На лёгкіх крыльцах неўміручы лес.
Нясе на месца тое, дзе спатканне
У нас з табой апошняе было —
Там будзе спачываць мае каханне,
Што без кахання век свой пражыло.
Я ў лузе кветкі не сарваў ніводнай,
Ніводнай зоркі з неба не схапіў
I, па жаданні прымаўкі народнай,
Hi разу іх каханню не дарыў.
Хай цешаць вока кветкі на палянцы,
Каб мы з табой гулялі сярод ix,—
Яны змарнеюць у гранёнай шклянцы,
Як мы без сонца сярод сцен нямых.
Да зор далёка: шляхам ехаць конным —
Не век, не два, а сто вякоў міне,—
Каб ix здабыць, на караблі фатонным
Ужо ляцець не давядзецца мне.
Не вытрымае сэрца падарожжа —
Заглухне бездакорны мой матор,
Што пыл глытаў, вычыхваў
бездарожжа...
Прымі яго без кветак i без зор!
Не старадаўні бард, але ўсё роўна
Якогась барда праўнук альбо ўнук,
Я доляю сваёю з ім не роўны:
Мне ў рукі лёс не шпагу даў, не лук,
А ўсю Зямлю, з арэнай — Млечным Шляхам.
Качу яе, подобную на мяч,
Ахопленую вадародным жахам,
Як хворую, загортваю ў кумач,
Сачу, каб не скрануў яе з арбіты
Заакіянскі ядавіты грыб.
Галактыкі, як сведкі і арбітры,
Дарма з трыбун высокіх i сядзіб
Глядзяць на паядынак мой вячысты,
Як на даўно для іх знаёмы жарт.
Мяч круглы, як гавораць футбалісты,—
Яшчэ пабачым мы, чаго ён варт!
Таварыш соснам, караедам вораг,
Мой верш, як дзяцел, зранку на нагах —
Укручваецца ў неба па ствалах,
Аб дрэвах непакоячыся хворых.
За дзень не раз іх выслухае ён,
Абстукае з макушкі да карэння —
Пад доглядам яго расце бярвенне,
Падпоры шахтам гулкія, як звон.
Аб людзях дбае, каб у падвалінах
Ix новых хат не завялася гніль,
А хто падлічыць, колькі соцень міль
Пратупаў ён птушыных па лясінах?
А колькі тысяч маладых хваін
Адратаваў ён у бары сасновым?
А колькі вандраваць яму, каб словам
Боль загаіць людскі, хаця б адзін?
Я гіну ад бяздзейнасці не месяц,
Не два, не тры. Як быццам хто закляў!
Я сам сябе гатоў хутчэй павесіць,
Чым існаваць для непатрэбных спраў.
Запал прапаў — я сэрцам разумею,
Яго мне не пазычаць лекары.
Я вар'яцею, трацячы надзею,
I не чакаю лепшае пары.
Яна сама прыходзіць, як здароўе.
З крыніц сваіх i жыватворчых рэк
Прыносіць мне шаснаццацірадкоўе,
Шаснаццаць кропель цудадзейных лек:
Шаснаццаць сцежак на лістку паперы,
Я к спраў працяг, якія я люблю,
Шаснаццаць крокаў, каб ісці наперад,
Шаснаццаць рук, каб абдымаць зямлю.
Падлетак я — ад пят i да валос,
Таварышка мая — лясная сцежка.
Аднойчы з ёй нас разлучыла ўсмешка
Сяброўкі новай, што паслаў мне лес.
Я не чакаў раптоўнага з'яўлення
Трывог жаданых, прадчуваных мук,—
Упаў да ног дзяўчынкі кошык з рук,
Рассыпаўшы суніцы ад здзіўлення.
Разгублены, я шкадаваў не іх,
Не сцежку, што вілася за сасною,—
Шкада, што адыходзіў разам з ёю
Час бесклапотных пошукаў лясных.
З парой турбот наладзіўшы спатканне,
Сцяжынка знікла ў ельніку густым.
З усмешкаю над кошыкам пустым
Схілілася жывое прадчуванне.
Палын не трэба ні млынам, ні зводкам.
Нядолі дар, ён быў адвечным сродкам
Гаротных жней, якія ад грудзей
Гаркотаю адваджвалі дзяцей,—
Каб стаць хутчэй маглі яны на ногі,
Каб адкрывалі, з дапамогай рук,
Хат курадымных бітыя парогі...
Я з ім жыццё прайшоў — былы хлапчук —
Ад першых крокаў пад бацькоўскай лавай
Да баявых сцягоў, што мы са славай,
Не падаючы, неслі праз вайну,—
За гэта ўсё мы ўдзячны палыну!
Палын — і клопат матчын, i дарога,
І слёзы, i ўспамін сіроцкіх меж,
І горыч малака таго, якога
Ніякай смагай з вуснаў не сатрэш.
Читать дальше