Мой маналог, як палымяны конь,
Пачуўшы подых бур, стрыжэ вушамі,
Спяшаецца, паразмаўляўшы з вамі,
Ад вечнага агню ў жыцця агонь.
Між намі лес правёў размежаванне:
Вы — скрыжаванне рук, я — крокаў pyx.
Аднак саюз мужчынскі — не каханне,
Дзе трэці лішні пакідае двух.
Наш брацкі вузел не парве, я знаю,
Ні адгрымеўшы, ні наступны бой.
Я, ваша памяць, вас не пакідаю,
Бяру з сабой, як клятву, як набой.
Злучыліся: з дарогамі дарога,
З лістамі дрэва, ca слязою пыл,
I ў сэрцы тым, дзе ўсёй зямлі трывога,
У тры разы прыбавілася сіл.
1964—1965 гг.
НА ПАЎМІЛЬЯРДНЫМ КІЛАМЕТРЫ
Жыццё маё на хуткасць гуку
Памнож i множанне правер.
Вось ты i адкажы, навука,
Адкуль вяртаецца цяпер
Лясной вяшчунні кукаванне,
Што, абудзіўшы першы сон,
Калісь пазвала ў вандраванне
Мяне на многа тысяч дзён?
Зайшоўшы ў векавыя нетры,
Стаю, зачараваны ім,
На паўмільярдным кіламетры,
Паміж наступным i былым.
Пакліч — былое адгукнецца
Жалейкаю за хваіной;
Скраніся — i важкой хадой
Наступнае ў паход кранецца.
Пяройдзе шлях у новы шлях,
Расстанне — ў новае спатканне,
Напеў жалейкі — ў труб гучанне,
Выток жыцця — ў жыцця працяг.
Ёсць у паэта свой аблог цалінны,
Некрануты прастор для баразён,
Дзе ён працуе з першае хвіліны
I да апошніх вечаровых дзён;
Ёсць думак прагавітае насенне,
У жменю назбіранае з дарог,
Што спелага чакае ўвасаблення,
Заліўшы хваляй жытняю аблог;
Ёсць сэрца маладое, без якога —
Без палкага, жывога пачуцця —
Няма ў яго нічога: ні аблога,
Hi пленных дум, ні самаго жыцця;
I ёсць адказнасць перад строгім вершам,
Перад яго пачаткам i канцом —
Каб баразну, радком пачаўшы першым,
У сноп звязаць шаснаццатым радком.
Усім барознам, раўчукам, кюветам
Вясна свае патокі аддае
Рукою шчодрай. Ды не след у гэтым
Паэзіі браць прыклад ад яе.
Не тысячамі рэчышч свет шырокі
Здзіўляць ёй трэба часам веснавым,
A ўсе свае шумлівыя патокі
Збіраць ашчадна ў рэчышчы адным.
Даць адпачыць прыродзе раскаванай,
Угаманіцца мутным ручаям,
Ракою стаўшы чыстай i люстранай,
Аддаць сябе дубровам i палям.
Каб шчодрай быць не толькі ў дзень вясновы,
А каб жывіць i ўлетку сенажаць,
А каб i ў спёкі час паіць дубровы
I ў час зімовы пра паводкі дбаць.
Ад шчасця сэрца скача, як дзіця,
Ад бед яно, як млын, шуміць начамі,
Варочае цяжкімі камянямі,
Падлічваючы горычы жыцця.
Ды сэрцу быць гадзіннікам нягожа:
Спынілася — i ўжо не завяду,
Яно секунды адбіваць не зможа,
Калі падкосіць смерць маю хаду.
Яго ў рамонт, як здарыцца патрэба,
Я не аддам дасведчаным майстрам
I, як стары гадзіннік, не прадам
У дні нястач i бед за лусту хлеба.
Затое з ім далей у свой паход
Я крок у крок датуль ісці гатовы,
Пакуль не скончыцца яго жыццёвы,
На ўвесь мой шлях разлічаны, завод.
Гадзіннік мой — не сонца, што ў зеніце,
Гадзіннік мой — не сэрца, што ў грудзях.
Сваім Закладным часам на арбіце
Сама зямля мой вымярае шлях.
Начы i дні адбіўшы чаргаванне,
На месцы не стаяць мацерыкі —
Па ix жывым i сонечным экране
Бягуць дарог i рэчак ручнікі.
Дыван вясны перацвітае ў лета,
Завея лісцяў — у сняжынак пух;
Я не хачу, каб некалі ўсё гэта,
Хаця б на момант, свой спыніла pyx.
Хай сэрца стане, сонца ў хмарах згіне,
А ты, Зямля, няспынным крокам кроч,
Не дай на той мне ўпасці палавіне,
Дзе дня не будзе, будзе толькі ноч.
За годам год ляцяць дзесяцігоддзі,
Як дождж, як пыл, як снег на галаву,
На той зямлі, дзе змалку я жыву,
Дзе аддаю, з календаром у згодзе,
Свой час сяўбе гарачай i жніву.
Стаіць ужо, з цапамі i мятлою,
Час малацьбы каля маіх дзвярэй...
I, што ні дзень, да той пары бліжэй,
Калі зямля, як сказана не мною,
Мяне ў свой змрочны прыме маўзалей,
Дзе прагных дрэў старукае карэнне
Абмацвае сляпое сутарэнне,
Шукаючы вады сваім ствалам.
Там буду я, i плён мой будзе там,
Калі не ператворыцца ў насенне,
А пойдзе на спажыву ветракам.
Нябёсы — акіян, я знаў даўно —
Блакітны, неабсяжны, першародны,
А ўсё, што зорам на зямлі відно,
Ні больш ні менш як свет яго падводны.
Тут — водарасці пушчы векавой,
Бялявых хмар, вятроў бясконцых плыні,
Спрадвечных гор застыўшыя вяршыні,
Усё яго — да хваль, што пада мной,
Дзе акіян разлёгся Атлантычны...
Тут свет другі: i глыбіня, i мель,
I ёсць прастор, не меншы за касмічны,
Для хваль салёных ростам з карабель.
Я — трэці свет, я кропелька малая
Тых светаў двух — звычайны чалавек,
Што неба i зямлю ў сабе змяшчае
I ў свет адзін злучае ix навек.
Читать дальше