Беднасьць — ня гора саўсім мне бясскарбнаму, —
Я багацей, замажней за другіх
I не зайздрошчу багацтваў тых марнаму,
Досыць зь мяне бедных злыдняў маіх.
Покі варушацца рукі скарэлыя,
Праца мне будзе на радасьць, на сьмех.
Злотам багатыя, сэрцам зьнішчэлыя
Трутні ня мецімуць гэткіх уцех.
Што мне багацтва? Бяз грошы, бяз золата
Быў бы магнат я, кароль, багатыр
Там, дзе пад націскам роднага молата
Жыцьце куецца углыб і ушыр.
Жыцьце куецца, і сонца ўздымаецца,
Сьвету праменьні льець з гарыні,
З доўгага сну дзе народ прачыхаецца,
Побыту шчаснага сьвецяць агні.
Там, дзе цяпер яшчэ сілы нячыстыя
Жыцьце карожаць, па-свойму вядуць,
Дзе ўстрапянулісь дубы густалістыя
I на курганах нямоўчна гудуць, —
Можа, і я з сваёй слабаю сілаю
Там працаваці бы крышку памог;
З гэтаю працаю шчыраю, мілаю
Сьмерці спаткаў бы спакойна парог.
Можа… А можа, ня ўбачыці гэтага?
Можа, суджона тут век мне пражыць?
Дні адзіноты, сіроцтва бясьсьветнага
Грудай каменьняў ў душы валачыць.
Страшна мне гэта, і ўсё ж не ядынае
Так навалілась, гняце ў глыбіне, —
Горшая мука ўтрапляець, што сынам я
Быць перастану сваёй старане.
Памяць ня доўгая, любасьць ня вечная;
Сірасьць, бязьлюднасьць — іх трудна нясьці;
Мо’, пажагнаўшыся з старым, на вечнае
З шляху зьвярну, па другім каб ісьці.
Страшна мне нават аб гэтым і згадываць,
Страшна і думаць, і я не хачу.
Толькі ж надзеі ня маю чым зрадаваць,
Сэрца і сьлёзы ссушыць уваччу.
Вось у чым гора бадзязе бясшчаснаму,
Вось чаму сэрца маё так баліць,
Вось чаму хочацца к сонейку яснаму —
Хоць бы убачыць, тым цягасьць зваліць!..
Цяжка мне, праўда. Ці ж трэба мне жаліцца?
Цяжка ж другім — іх мільёны усіх, —
Жыцьце іх рушыцца, б’ецца і валіцца,
Гінуць надзеі і думкі у іх.
Многа на сьвеце усякага творыцца!
Многа хто вершаў аб гэтым злажыў.
Часам паслухаеш, хто разгаворыцца,
Бог яго ведае, як яшчэ жыў?!
Біўся зь няпраўдай, зь бядой і гаротаю,
Сэрца у попел няшчадна спаліў,
Сілы ўсе страціў у бойцы зь цямнотаю,
Кроў, не рахуючы, кроў сваю ліў!
Што ж тады плакаці мне, маладзейшаму?
Я ж не прайшоўшы пуціну сваю:
Сэрца асталася. Не, весялейшаму
Трэба мне быць, а я плачу-пяю.
Праўду мусім ведаць, браце:
Покуль мы ня ў роднай хаце,
Не на ніве покуль роднай, —
Нашай думачцы ніводнай
Век ня спраўдзіцца, ня збыцца —
Мусім ў цеснай клетцы біцца
Нашых думак, і жаданьняў,
I няволі наляганьняў.
У гароце, у няволі
Без пасьпеху, а паволі
Нешта розум ў нас вымае,
Смокча душу — выпівае
I за шыю душыць больна,
Што часамі мімавольна
З болю гэтага заплачыш,
Што аж слонейка ня бачыш!
Мусім ведаць, што мялеем,
Што паволі ўсё малеем,
Не жывём, але канаем, —
Зранку долы вымяраем
I надзею штодзень губім,
Хоць яе, як жыцьце, любім.
Нашы брацьця — там, на волі,
Паляглі моў-ся на полі,
Чыстым полі ваявецкім,
Велькім колам маладзецкім,
З пасячонымі плячыма,
З выпалёнымі вачыма.
Мы зьявілісь зь яснай казкі,
Братняй міласьці і ласкі,
З краю-Далі, краю-Сьвета,
Дзе цяплюхна, вечне лета, —
А нас кінулі у пушчы,
Ды у холад, дый у гушчы,
Дзе брат з братам вечне б’юцца,
Спруцянелі, а дзяруцца.
Мы хацелі даць ім сьвету,
Зруйнаваці пушчу гэту,
Даць ім міласьці прагненьне,
Дзён шчасьлівых даці меньне…
Мы ішлі вялікім валам,
Войскам буйным а зухвалым,
Ды ня стала нашай мочы:
Сьвет слабейшы быў ад ночы…
Што ж? Няхай! Няхай так будзе,
Мусіць, гэтак доля судзе.
Цяжка, страшна жыці, праўда,
Дык цярпеці ж нам ня наўда.
Так на моры-акіяне
Часам хваля перастане…
Можа ж, прыйдзе навальніца,
Толькі б ветрыку зьявіцца!
Будзем ў неба цікавацца,
Будзем зорак прыглядацца;
Без пакоры у пакоры
Перабудзем сваё гора.
Мо’ і нам аднекуль зь неба
Скажуць: «Чуйце, ўстаньце, трэба!»
I ўзмацьняць. Парвуцца путы,
Будзе вольны, хто закуты.
Не адны, а з грамадою,
Разам зь людзьмі, Чарадою.
Пойдзем поплеч зноў у далі,
Скуль прыйшлі і скуль паўсталі.
А калі ж ня хопіць сілы
Ўстаць на гэты воклгч мілы, —
Сэрца хоць мацьней заб’ецца,
Твар пахмурны усьміхнецца.
Можа ж быць, раней загінем,
Дык усё ж мы сьлед пакінем,
Бо, браток, хоць промень сьвету
Прынясьлі мы ў пушчу гэту!
24. Вечнай памяці Т. Р. Шаўчэнкі
За тысячу вёрст ад радзімага краю,
У стэпу, пустэчы бязьлюднай
Сумуець казак па загубленым раю,
Па маці-Украіне цуднай.
Няма яму волі, пад вартаю пільнай
Начуе і днюе і ходзіць,
Ніводнай ня мае людзіны прыхільнай,
Самотна дзянёчкі праводзіць.
А думка, як віхар, імчыцца, нясецца
Ад берагу мора Аралу
На родну старонку, дзе вораг сьмяецца
I ўсіх абдзірае памалу.
Ў душы яго ласка, каханьне малююць
Пакутніцы вобраз бяз сказы.
Ах, мучаць Украйну, рабуюць, ганьбуюць!..
Імчацца, нясуцца абразы:
Читать дальше