Чым ты хрышчан, які меў ты
Адзетак?
Чым кармілі цябе людзі
Шмат летак?
Ці то плотам, зьнемажэньнем
Нязьменным,
Ці то крыўдай, паніжэньнем
Штодзенным?
Хто вучыў цябе, малога
Як дзіцяцю,
Як шукаць на сьвеце долі,
Багацьця?
Ці паводкі, што сьвет рыюць
Вясною,
Ці мяцеліцы, што выюць
Зімою?
Ой, чаго ты спадзяваўся
Ад сьвету,
Як зьявіўся на зямельку
На гэту?
Ці карчомкі таёй п'янай,
Гуляшчай,
Ці цямнічкі акаванай,
Лядашчай?
А як сьмерць на цябе, мілы,
Надойдзе,
Дзе магілка твая будзе,
Крыж твой дзе?
Ці ў чужым далёкім краі,
Ў няволі,
Ці пад родным лесам, гаем,
У полі?
Ну, дакуль жа ты ўсё будзеш
Марнеці
Без прыпынку, без пацехі
На сьвеце?
З дня на дзень бядак чакае
Ўсё сонца, —
Раса вочы выядае
Бясконца.
Ох, як гляну, гляну я
На жыцьцё паганае,
Ціснуць думы знаныя,
Жалем выліваныя.
У цябе, саколіка,
Ані свайго полейка,
Ані свайго воліка,
Ані свайго століка.
Ходзіш ты вячорамі
Зь ціхаю пакораю,
Бачаць неба з зорамі,
Полейка з разорамі.
I клянеш напэўнае
Гора не разьвейнае,
Долю пустасейную,
Долю безьзямельную.
Толькі думы думныя
Чуюць хмары буйныя,
Хвойкі, елкі шумныя
Дый ня людзі чуйныя.
Вось, як гляну, гляну я
На жыцьцё паганае,
Бачу ўсё мне знанае,
Сьлязьмі паліванае.
Дзе мой дом, дзе ты, хата мая,
Дзе загон хлебадайнай зямлі?
Сам — зь бядой, ні жыцьця, ні пуцьця!
Знай, гаруй ды магілку хвалі.
Дзень і ноч нада мной, сіратой,
Стогне, сьцелецца стада хмурын,
Дзень і ноч то сьлязой, то крывёй
Сьцежку росіш адзін, сам адзін!
З году ў год злыдні з кута ў куток
Пруць у сьвет, сьвету знаць не даюць;
Як вятрышчы сарваны лісток,
Падхапілі, нясуць і нясуць.
Знай, нясуць, вось скруцілі, згнялі,
А ўсё пруць, усё ў сьвет, на той сьвет;
Вось і звон, шмат званоў… Загулі…
Бач, труна, пры труне адзін дзед.
Жыў, ня жыў, шчасьця знаў, не зазнаў,
Палажылі ў дамоўку — ляжы!
Дайце ж камень на грудзь, каб ня ўстаў
Безьзямельнік, гаротнік сьляпы!..
З-над сонных вод Нёмна, з-пад хвой Белавежы,
Суседзі, суседкі, вітаю я вас!
Блудзіла я доўга па рытвах, па межах,
Аж сьцежку-дарожку знайшла во хоць раз.
Хоць, пэўна, вы знаеце, хто я такая,
Якім правам тут перад вамі стаю,
Дзе дом мой, народ мой, — зь якога я краю, —
Паслухайце смутную повесьць маю.
З канца у канец, дзе загнанае слова
Зьвініць беларуса, — ўладаньне маё;
Шмат сотняў таму лет у хаце вясковай
Ўзяла і праводжу сваё я жыцьцё.
З-пад гэтай хаціны па выдмах нязнаных
Ганялі, чаго не згубіла, шукаць.
Глядзіце: во рукі і ногі у ранах,
А раны на сэрцы — каму ж іх паняць?!
Па грудах, каменьнях хадзіла я босай,
Крывёю чырвонай дабрыла зямлю;
На шаты мае паглядалі з'укоса
I песьню з насьмешкай віталі маю!
З балотам мяшалі, пагардай плявалі
Ўсе тыя, што вырасьлі нават са мной!
З маім людам згінуць навек мне казалі,
I страшна было мне так жыць сіратой!
За сошкай, за коскай, зь сярпом і зь сякерай
Я шла-валаклася, дзе шоў мой народ;
Заплатай было, што ён часам мне верыў
I думкі снаваў аба мне з году ў год.
Шлі векі. Магіла лягла пры магіле, —
Вада змыла наспы, крыжы пагнілі;
Гаротнасьцяй зможаны, ў крыўдзе, ў бясьсільлі
Там прадзедаў косьці бяз часу ляглі.
Шлі векі. Хрэст брала народнай сьлязою;
Між віхраў, і бураў, і холаду зім
Зь людской неразлучны ўзяла шлюб бядою,
I тузаюць мной, як народам маім.
Здушылі мне голас на родных на нівах;
Крыж цяжкі упадку з народам нясла,
I думаў чужынец, што ўжо я няжыва.
Ня верце! Жыву, як ад векаў жыла!
Я ўсё, колькі сілы, змагала, ўставала!
Я жыва! Народ мой са мною, пры мне!
Я ўсё перанесла і выйшла я з хвалай,
Я сільна, я вечна ў сваёй старане!
Прайшло засьляпеньне, мінае трывога;
На небе ўжо новая відна зара.
Шырок прада мною гасьцінец-дарога.
Ўжо днее! ўжо днее! — к сваім мне пара!
Читать дальше