Стаў з трудоў гарбаты,
Хоць яшчэ ня стар,
Падбел пабіў пяты,
Загарэў ўвесь твар.
I ногі, і рукі
Крывыя дрыжаць;
Зь якой, ах, прынукі
Мусіш гараваць?
Што цябе ганяе
Так трудзіцца век:
Ці доля такая,
Ці зьвер-чалавек?
Ну, ідзі, араты,
Гэй, далей ідзі!
Шнурок вузкаваты
Ары, не глядзі.
Ў сыру зямлю прутка
Сошку закладай,
Каня пугай хутка
Гані, паганяй.
Скібіну ў скібіну,
Загон у загон,
Вылі дзесяціну,
Не лічы варон!
За кожным зваротам
Баразну ральлі
Палівай ты потам,
Сьлязіной палі.
Змогся. Час прысесьці,
Аддыхнуць, дружок…
Нясе жонка есьці
Цэлы спарышок.
Ну, што, баба, гэта
Хлеба не нясеш?..
Ці ж на то ўсё лета,
Араты, арэш?
Ці ж на тое трэба
Ліці табе пот,
Каб есьці бяз хлеба
Лебяду, асот?
Ці ж на тое ў полі,
Хоць душой замры,
Б'есься без патолі
З зары да зары?
Доля твая, доля!
Дзе ж яна расла?
На чыстае поле
Хіба уцякла!
Ой ты, мой араты,
Хмары ты хмурней:
Зь цябе сьвет багаты,
Ты ж усіх бядней…
Дзе вы, брацьці-ўдальцы, дзе вы, хлопцы-касцы?
Гэй, дакуль на вас трэба чакаць?
Час вам косы кляпаць, час вам на сенажаць,
Час вам сілу сваю паказаць!
Пакуль згіне раса, хай засьвішча каса,
Няхай вале ў пракосы траву;
Няхай прыйдзе канец на сівец, на званец, —
Хай пазнаюць усе грамаду!
Сонца паліць агнём, пот ліецца цурком…
Гэй, прывыклі да гэтага вы!
Як вы толькі ўзрасьлі, к працы цяжкай ішлі,
І ніхто не жалеў вас ані!
Пот ліецца цурком, — абмахні рукавом
Дый касой замахай весялей,
I з упаўшай грудзі песьню сьлёз завядзі
Песьню родную долі сваей!
Песьню пей і касі, пакуль ясныя дні,
Пакуль хмараў на небе няма;
Зямля, плуг і каса — гэта наша краса,
Гэта наша пацеха адна!..
Чуць на небе зара
Занімаецца,
Ў курнай хаце мужык
Падымаецца,
Цягне сьвітку з пала
Прапацелую,
Цягне лапці з калка
Скарчанелыя.
I касу ён бярэ
Адкляпаную,
I жарсьцьвянку нясе
Дзераўляную.
Так на луг ён ідзе
Свой някошаны,
Зь песьняй топіць касу
Ў траве зрошанай.
Яго сілу ў касьбе
Відаць моцную,
Дый у песьні сьлязу
Чуць гаротнага…
Кожны раз, як жывой муравой-дываном
Лета высьцеле луг, сенажаць, —
Косы сьвішчуць, зьвіняць над ракой за сялом,
За касой касцоў песьні чуваць.
Ясна косы блішчаць у цьвітучай расе,
Высьцілаюць пракос у пракос;
Песьні зь ветрам шумяць, пушча водклік нясе, —
Пушча слухае песень і кос.
Шле яна свой адказ ад капцоў да капцоў,
Заміраючы ў вечнай жальбе;
Ці даждуся калі кос і песень касцоў
На другой, на вялікай касьбе?..
Натачы, кавалёк,
Вострым-востра сярпок,
Адпусьці, назубі, загартуй;
I ляшчынкі кусок
Адпілуй, кавалёк,
Нову ручку вазьмі дарыхтуй.
Насьпяліўся шнурок,
Б'е паклон каласок,
Спаважнеў, пасівеў, шалясьціць.
Пойдзе ходам сярпок,
Туды-сюды, скок-скок!
За сяло пабяжыць, пабяжыць.
Страшыў ніўку грамок,
Сухата і дажджок;
Птушка колас ляцела кляваць;
Шлі заломы, урок, —
Не збаяўся хлябок! —
Памажы, Божа, толькі зажаць!
Ляжа сноп у снапок,
Стане мэтлік, крыжок,
Не акіне і песьня шнурка!
Будзе рад бедачок
Звозіць скарб у тачок, —
Вось яна, з мазалямі рука!
Красаваў, наліваўся
I дасьпеў шнур мужычы;
Час вам, жнейкі, на бітву!
Постаць кліча, ой, кліча.
Сонца ўзыдзе і зайдзе,
Не кідае зямелькі,
Правядзе і спаткае
Ў поле, з поля вас, жнейкі.
Выйшлі з хатак за вёску,
Гнуцца, бедныя, ў полі,
Толькі песьню чуваці
Іхняй долі-нядолі.
Жніце, жніце, галубкі,
Сваю радасьць і сьлёзы!
Трэба многа нажаці —
Прыйдзе зімка, марозы:
К той прытуліцца братка,
К той — маленькі сынулька,
А ўсё хлеба, ой, хлеба
Дай, сястрыца, матулька!
Ходзяць хмары па небе
Зь нейкай дзіўнай трывогай;
Чутна жнейкіна песьня,
Нуды ў песьні той многа.
Читать дальше