Яркай чырванню ахутаў —
I дзяўчына задрыжала
На грудзях ягоных зоркай.
Так да нашых дзён у небе
Карагодзяць неразлучна:
Вебан, побач Вебан-Ананг —
Вебан і Світання Зорка.
Сярод айсбергаў спрадвечных,
Дзе труса, Вабаса, царства,
Лютай сцюжы панаванне,
Вецер жыў — Кабібанока.
Гэта ён увосень лісце
Размалёўвае старанна
Фарбай жоўтай і чырвонай,
Гэта ён нясе завеі,
Злосна ў лесе завывае,
Лёдам скоўвае азёры,
Вастракрылых чаек гоніць,
Гоніць чаплю і баклана
У далёкі цёплы вырай,
Дзе прытулак іх на ўзмор'і,
Там, дзе царства Шавандазі.
Выйшаў раз Кабібанока
З ледзяных сваіх палацаў,
Злосны, рынуўся на поўдзень
Па зямлі, скаванай сцюжай,
Валасы яго даўгія,
Зацярушаныя снегам,
Валакліся чорнай рэчкай —
Чорнай стужкаю зімовай.
На зямлі, скаванай сцюжай,
Зімаваць чырок застаўся,
Што цягаў балотам снежным
За сабою нізкі рыбы:
Жыў той Шынгебіс самотна
Без братоў сваіх, якія
Падаліся ў цёплы вырай.
Закрычаў Кабібанока
Гнеўна: «Хто сабе дазволіў
Пагарджаць Кабібанокам?
Хто ў маім застаўся царстве,
Калі Вава і Шух-шух-га,
Гусь здзічэлая і чапля,
Адляцелі ў цёплы вырай?
Я вігвам яго зруйную,
Я ачаг ягоны знішчу!»
I прыйшоў Кабібанока
На парог варожы ноччу.
Ён намёў сумётаў горы,
Выў ад злосці ў дымаходзе,
Трасучы шалёна дзверы.
Смелы Шынгебіс ніякай
Не звяртаў на гэта ўвагі.
Ён агонь свой забяспечыў
Харчаваннем — аж чатыры
Сухадрэвіны цяжкія,
Па адной — на кожны месяц,
А галодны страўнік — рыбай,
Сам жа, сыты і сагрэты,
Пеў ён: «О Кабібанока,
Ты — мой нудны спадарожнік!»
I тады Кабібанока
У жыллё ўварваўся злосна;
I хаця адчуў дыханне
Ледзяной зімовай сцюжы
Смелы Шынгебіс, ды гучна
Не пакінуў ён смяяцца;
Павярнуў палена толькі,
Каб ярчэй агонь успыхнуў,
Запалаў і заіскрыўся.
З твару, з кос Кабібанокі,
Зацярушаных завеяй,
Кроплі падалі на прысак,
Пакідалі наздраваты
След, як дождж у пыле цёплым,
З кос, нібы са стрэх вясною,
Кроплі падалі, тачылі
Прысак той, як дрэва шашаль.
Пераможаны пякельным
Тым агнём і раззлаваны
Спевам, выскачыў з вігвама
На прастор Кабібанока,
Цяжка тупаў па сумётах;
Дзе ішоў ён, там рабіўся
Пад нагамі снег цвярдзейшы,
На азёрах — лёд таўсцейшы,
Гучна клікаў, каб выходзіў
Дзёрзкі Шынгебіс з вігвама,
На заснежаным балоце
Пачынаў з ім бой адкрыты.
Выйшаў Шынгебіс з вігвама;
З Ветрам Поўначы змагаўся
Усю ноч ён на балоце,
А пад раніцу дыханне
Заняло ў Кабібанокі,
Хватка лютая прапала,
I пачаў ён на світанні
У палац свой адыходзіць,
Дзе труса, Вабаса, царства,—
Сорам гнаў яго на Поўнач.
Як сустрэў, так і праводзіў
Дзёрзкі Шынгебіс асілка
Песняй: «О Кабібанока,
Ты — мой нудны спадарожнік!»
Шавандазі, тлусты, сонны,
Жыў на поўдні, дзе ў дрымотным
Бляску сонечных праменняў
Увесь час пануе лета.
Гэта з ласкі Шавандазі
Шоша, ластаўка, вясною
Прылятае, а таксама
Гусі дзікія, Авейса,
Сіваграк, і летам маем
Мы тытунь ды вінаграду
Гронкі з ласкі Шавандазі.
Дым, што з люлькі Шавандазі,
Поўніць водарам паветра,
На зямлю кладзецца парай,
Цьмяным бляскам — на азёры,
На абрысы гор — смугою,
Ён у Месяц Лыж прыносіць
У Паўночную Краіну
Мяккай восені дыханне.
Бесклапотны Шавандазі!
Толькі раз азмрочыў ценем
Ён свой твар, тугою — сэрца:
Неяк, гледзячы на поўнач,
Ён убачыў сярод стэпу
Адзінокую дзяўчыну,
Адарвапь вачэй не мог ён
Ад яе фігуры зграбнай.
Быў на ёй убор зялёны
I былі, як сонца, косы.
Дзень за днём глядзеў маўкліва
Ён на косы залатыя,
Уздыхаў, і сэрца шчырым
Разгаралася каханнем
Да пяшчотнае дзяўчыны.
Але быў гультай заўзяты
Бесклапотны Шавандазі,
Тлусты, сонны, нерухомы:
Уздыхаў, пайсці марудзіў
Да каханай на спатканне,
Толькі ўсё глядзеў на косы
I на стан дзяўчыны прэрый.
Ды аднойчы на світанні
Ён заўважыў, як змяніўся
Твар дзяўчыны, як раптоўна
Збляклі косы залатыя.
«О мой брат з Краін Паўночных,
Дзе труса, Вабаса, царства,
Дзе ўладарыць Сівер Люты!
Ты дзяўчыну ўкраў, якую
Я лічыў сваёй каханай,
Ты яе Паўночнай казкай,
Казкай Сіверу прывабіў!»
Так няшчасны Шавандазі
Хмаркам скардзіўся дарэмна,
I блукаў спякотным стэпам
Вецер Поўдня, поўны палкіх
Уздыханняў Шавандазі,
Ад якіх паплыў паветрам
Белы пух, нібы сняжынкі.
Так загінула дзяўчына
Ад дыхання Шавандазі,
А з вачэй яго навечна
Зніклі косы залатыя.
Читать дальше