Старасць мяне штурхае
на шалёныя ўчынкі.
За сцяной ноч глухая,
б’юць у вокны дажджынкі.
Ну, а мне не сядзіцца,
штосьці цягне на волю.
у самоце нудзіцца
невыносна мне болей.
А сусед мой смяецца:
і чаго яму трэба?
Ах, нялёгка даецца
парыванне да неба.
Да ночы сядзіш і чакаеш пісьма,
хоць бы якога е-мэйла...
Ды ў скрынцы зноў нічога няма,
і віртуальнасць знямела.
Не мае спраў з табой белы свет,
маўчыць, смеючыся таемна.
І ты супакойся, занудлівы дзед,
да свету стаўся ўзаемна.
Ёсць імгненне паміж сном і явай,
тут як тут з’яўляюцца прывіды:
гарады, пустыні, піраміды,
і лугі з някошанай атавай,
і цягнік, які на адыходзе,
ведаю, заканчвае пасадку.
Голас раптам закрычыць: «Валодзя!
Вып’ем на апошнюю дзесятку...»
Я прымаю хуткае рашэнне:
верх бярэ вясёлая распуста.
Ляпаю рукамі па кішэнях,
ды ў кішэнях, як заўсёды, пуста.
Пра суіцыд задумаўся паэт,
узрадаваўся,
што нарэшце –
кропка.
Наліў гарэлкі ў келіх нетаропка,
і выпіў за пракляты
белы свет.
Cэнс жыцця – прыдуманыя словы,
іх язык прамовіў –
памяло.
Дрэва вырастае – будуць дровы,
чалавек памрэ і – толькі тло.
Век прайшоў – і нам пакінуў атам.
Менш для міру,
болей для вайны.
Чалавек! Не будзь такім вар’ятам,
Не паддайся «праўдзе» Сатаны.
Спявай, хлапец, спявай, мне так прыемна
душу вясёлай песняй суцяшаць.
Нам жыць лягчэй, калі сябры ўзаемна
настрой святочны ўмеюць падвышаць.
Давай па чарцы вып’ем для настрою,
давай вяндліны, што з дымком, куснём.
Адзін за аднаго стаяць будзем гарою.
А звалімся...
Дык разам і заснём.
Ах звалілася, ах пакацілася
грукатлівая
лёсу падвода.
Чалавецтва не спахапілася,
ні слязы
не ўраніла прырода.
І сяброўкі-сябры
не заплакалі,
і нябёсы
не спахмурнелі.
На выбоінах колы пратахкалі...
А жыты з лёгкім шэптам рунелі.
Багна прагная гучна зацмокала,
бццам ў вусны пацалавала.
Свет згубіў не арла і не сокала.
Чалавека...
А гэта – ці мала?
Не бойцеся праўды,
панове...
Вылазьце з хлуслівых бярлог...
Сказана ж: Бог ёсць
у Слове,
і Словам кіруе сам Бог.
Вядома, вам не даруюць,
тыя, што ў праўду плююць.
З вамі не пасябруюць...
Магчыма, нават заб’юць.
Ды праўда, што паляцела
на вольную волю –
жыве.
Магчыма, заб’юць ваша цела.
А Дух аж да Бога
ўсплыве.
Я чытаю старога паэта,
ледзь не класіка, ад зямлі.
Ды ж не так было... гэта... і гэта...
Мы й тады не роўна жылі.
Кожны свой выбіраў накірунак.
Хто не ведаў, паказвалі шлях.
Наравістых вучыў пастарунак.
Лізунок быў у каралях.
Анікога не папракаю,
і нікога зусім не віню.
Праўды я ад улад не чакаю,
а ў паэтаў праўдзівасць цаню.
Прамаўчыш, калі хочацца крыкнуць.
пашукаеш спагадных вачэй,
і пачвары агідныя знікнуць,
раптам сонца заззяе ярчэй.
Ты ж прасветленым нанава зрокам
свет убачыш, які адкрыў.
І адчуеш сябе прароракам,
быццам з небам пагаварыў.
Ты кажаш злосць?
Ты кажаш кпіны?
Табе баліць, а ты трывай.
Шапчы сабе: я вінны, вінны,
і боль душэўны прыхавай.
Няхай сабе яны злуюцца,
што ты не гэткі, не такі.
Няхай сабе мячы куюцца,
куюцца для крыжа цвікі,
і ладзяцца табе спакусы,
спужаць, купіць, захамутаць...
За ўзор сабе ты ўзяў Ісуса.
Не дай святое растаптаць...
Я не забыўся,
дзе мой родны дом,
я кожны дзень
яго прыпамінаю:
ці з-за стала ўстаю,
ці ў ложку засынаю,
і ў дождж, і ў снег,
і раніцай, і днём.
Маё дзяцінства
мне ўваччу стаіць –
і з печы блін,
і баразна у полі.
Як мне забыць?
Я – частка горкай долі.
Што я адтуль,
мне проста не ўтаіць.
Ніколі не вярнуся
ўжо туды,
у гэны час,
гаротны і пяшчотны.
Прыжыўся ў іншым месцы я,
залётны,
а ўсё вяртаюся
ў дзіцячыя гады.
Читать дальше