Змрочны, захмараны, шэры
туліцца дзень да дзвярэй.
Я адчыняю дзверы,
мне ціўкае зноў верабей.
Я зразумеў, бедалажка,
што ты прадказваеш мне:
мне дзень будзе вытрываць
цяжка...
А табе хіба –
не?
Улукаткі іду, без маяка плыву,
сабе і людзям назаляю...
Але жыву.
У кожнага сны і мроі свае,
усе вар’яцеюць па-свойму.
Не разумею,
што мне спаць не дае,
ляжу, спавіты
змрочным сувоем.
Пакутны,
я літасці ўсё ж не прашу,
я вымавіць слова не ў стане.
Поп ціхамірны мне справіць імшу,
адпусціць душу
без пытанняў.
Пра што падумаў, не скажу...
Я сёння не гатовы
адолець вечную мяжу
між думкаю і словам.
Бо Слова, што ў Яго было,
з Ім мусіць і застацца.
Мне ж Неба сілы не дало
як след ім скарыстацца.
Бездапаможны, мармычу,
нашу ў душы святое.
Я выказаць яго хачу...
Не тое ўсё, не тое...
Нічога. Аніводнага слупка.
Ані радка, ні слова, ні паўслова.
Хацелася магутнага рыўка
да шчырасці...
Ды аднялася мова.
І гэты дзень безвынікова знік...
Што ў ім было?
Бязладдзе і бязлюддзе...
Міргае мне
гарэза-маладзік,
ён суразмоўнікам
мне сёння шчырым будзе.
Каля помніка А.С. Пушкіну
Гайдаюся,
плыву на лёгкакрылай хвалі,
я сёння ўцёк ад непатрэбных спраў...
Здаецца мне, што мы б пасябравалі,
калі б сустрэліся...
Але мне Бог не даў...
Высока ты, я ж кропачка малая,
стаю, задраўшы ўгору галаву.
Кастром нябесным геній твой палае,
і, бачачы цябе, я весялей жыву.
Яшчэ ўсё можа быць!
На цесным раздарожжы,
дзе пыл касмічны паміж зор курыць,
мая душа аж захлынецца: «Божа!»
Ад блізкасці з табой
дашчэнту ўся згарыць...
Ужо цяпер мне зразумела,
што год улукаткі ідзе.
Супраціўляюся бядзе,
але няўпэўнена, нясмела.
Нясу свой крыж абавязковы
на звыклай да яго спіне.
Мяне цяжар да долу гне...
Але трымае гарт вясковы.
Ішоў баязліва, таропка
па вузенькай сцежцы быцця,
Сусвету малое дзіця,
зямная маленькая кропка.
Наканаваны быў шлях,
з яго я ўвесь час збіваўся,
даўгі аддаваць забываўся,
і гонар свой пляжыў наўзмах.
Паціху брыду пад гару,
пакорлівы, паслухмяны...
Звалюся ў мурог духмяны,
«О, Божа!» скажу.
Удзень не пішуцца лісты,
я іх адкладваю на потым,
калі настане змрок густы
і апануе адзінота.
Тады з глыбокіх таямніц
праб’юцца вонкі думкі, мроі,
падобна да вады з крыніц,
што лечыць перапад настрою.
Бягуць, бягуць тады радкі,
душа зліваецца са словам.
Той ліст, сардэчна-трапяткі,
абудзіць згаслае нанова.
А што сапраўдная паэзія? Не ведаю.
Чытаю штосьці. Штосьці не чытаю.
Я не вучоны. Слова не даследую.
Калі не спіцца, зборнічкі гартаю.
Бывае, што зачэпішся знянацку:
чаму ж раней на вока не траплялася?
Трымаеш кніжку, як малое цацку,
з якой яно яшчэ не нагулялася.
Смакуеш слова, чуеш пах і гукі,
і так і гэтак – вось яно, сапраўднае!
Не трэба тут ніякае навукі:
яно адно, высокае і слаўнае!
Перад табою новы свет адчынены,
ты здзіўлены: як жыць было без гэтага?
Уся зямля – з чужынамі, з Айчынаю
ёсць толькі кропка зьмесціва сусветнага.
Мне раілі, як трэба жыць паэту.
Ёсць людзі, кампетэнтныя ва ўсім.
Не жалься, гаварылі, аніколі свету,
І, лепей, меней сутыкайся з ім.
Жыві адзін. Жыві сабе і мыслі.
Калі ж не мысліш, думай проста так.
Глянь, вунь туманы над ракой навіслі.
Паслухай, хто там ціўкае ў кустах.
Сплылі аблокі.
Сонца добра грэе.
У белы свет расчынена вакно.
Старэе дзень.
Паціху вечарэе...
І я з прыродай зліўся
у адно.
Гляджу: цвіце вясновая алея,
і далятае шумны гул падзей,
і на душы ў мяне цяплее...
Імкліва выбягаю да людзей.
Читать дальше