Хачу пазбыцца слабасцяў сваіх:
я нерашучы, не актыўны, кволы,
з людзьмі ў размовах надыходзіць міг,
калі ў адкрытасці стаю, як голы.
Мо’ лішні тут? Дык як цяпер мне быць?
Гляджу і шчыра з прабіўных дзіўлюся.
Хачу ўсе слабасці ў сабе забіць...
А кім зраблюся?
А было ж: з нягоднікамі біўся,
не трываў я пошасці ніколі.
А было ж: з малодкамі любіўся
У пакоях, пунях і на волі.
Як вірліва кроў наша кіпела,
толькі вочы ў вочы – замыканне.
Вельмі хутка
жарсць у целах спела
для кахання.
Зазіраючы малодцы ў вочы,
замыкання зноў дарма чакаю.
Ах, дзе тыя дні і тыя ночы?
Уздыхаю.
Сёння я нібы ў чужой краіне,
не арыентуюся ані.
Крочу па няходжанай сцяжыне,
спатыкаюся аб карані і пні.
Не, я заблудзіўся не ў прасторы –
час, куды я трапіў, мне чужы.
Ведаю ж: між «сёння» і «ўчора»
не было ніякае мяжы.
А цяпер падзелена ўсё чыста,
нават вера – на «была» і «ёсць».
Той, хто камунізм хваліў квяціста,
сёння у царкве найпершы госць.
Той, хто дзетак навучаў «узорна»,
меў за іх падзякі, медалі,
сёння запаўняе рынак «порна»,
каб цяклі даляры і рублі.
«Белыя вароны» не ў пашане.
Лепш замоўкні, дурань, і сядзі...
Я й сяджу, асуджаны зарання,
не чакаю літасці суддзі.
Аплецена ўся планета
сеткай шумлівых шляхоў.
Усе да адзінай мэты
імкнуцца з розных бакоў.
Бягуць, лятуць, мітусяцца,
побачкі і па адным,
быццам вельмі баяцца
страціць належнае ім.
Звужаецца шлях шырокі
у тонкі струмень гадзін.
Свае апошнія крокі
раблю,
Ноч надыходзіць, і зоры
міргаюць нам таямніча.
Космас – бяздоннае мора –
нырца даць завабліва кліча.
Ён заклікае скарыцца
самай магутнай сіле,
забыцца і растварыцца
у вечным сусветным пыле.
Няхай паўнаводная Лета
нясе нас на хвалі кіпучай...
Ці ж гэта благая мэта –
зрабіцца пылінкай бліскучай?
І мне таксама хочацца гармоніі
душы і цела, жарсці й чысціні.
Жыву ж аглушаны, у какафоніі,
спакою на душы – ані.
Я сам сябе караю і пакутую.
Дзе выйсце з пекла гэткага знайсці?
Іду я ўпарта праз завею лютую,
збіраю сілу ўсю сваю: «Не адпусці...»
Праходжу ўрэшце праз заслону шэрую,
І ясны голас чую: «Не адрынь...»
На неба пазіраю, паўтараю: «Верую...»
Амінь.
Ты ведаеш усе мае грахі,
ты ведаеш, за што баюся кары,
ты ведаеш, куды вядуць шляхі
маёй таемнай запаветнай мары.
Ты ведаеш, каго начамі сню,
ты ведаеш, каго я днём шукаю,
ты ведаеш: табе я не зманю,
пакуль кахаю.
Каханая заснула без мяне,
безабаронна-кволая такая...
Трывога агарнула яе ў сне,
на твары неспакой не патухае.
Быў ціхі вечар і задумны сад,
вяла сцяжынка вузкая да саду.
Мы ў ноч патрапілі, нібы ў засаду.
Згубілі сцежку, каб сыйсці назад.
Ноч незабыўная была...
Там над сабою страцілі мы ўладу,
і пад суквеццем зарападу
любіліся да першага святла.
Абміраю ад твайго пагляду
і гару ад поціску рукі.
Бачу я ў вачах тваіх прынаду,
што вядзе ў нірвану нацянькі.
Да крыніцы хмельнай асалоды
прыпадае мой сасмяглы рот...
Маладосці грэшныя прыгоды
дараваў Гасподзь нам напярод.
Шкада мне, што так атрымалася,
я сваркі з табой не хацеў.
Гарачае слова сарвалася,
дакор з языка зляцеў.
Цяпер мы амаль не вітаемся,
а толькі махаем рукой.
Адзін аднаго не пытаемся,
ці ёсць на душы спакой.
У нас у душы сумяціца.
Не ведаем, што і рабіць.
Хто першы павінаваціцца?
Як пад прыгнётам жыць?
Бяжыць, бяжыць, амаль ляціць
на крылах духу і натхнення,
і гучным водгукам трымціць,
вунь там, наперадзе імгненне,
калі захочацца сказаць:
«Усё! Я прыручыў удачу.
Я лёс свой здолеў закілзаць
і свет хоць крышку перайначыў».
Не, гэта, брат, не мітусня,
А дзея, барацьба і мэта.
Мацуецца жыццё штодня
у мужным дзённіку паэта.
Адважыўся ён сэнс і тло,
дабро і зло як ёсць пазначыць.
Ён кажа нам: «Вось так было»...
Жыццё па-свойму кожны бачыць.
Читать дальше