Трагічна вырашаючы схватку чалавека з «чумой», выносячы бязлітасны прысуд бесчалавечным абставінам, пісьменнік тым не менш не вызваляе сваіх герояў ад адказнасці і за ўсё спрычыненае, і за стан уласнай душы.
Творчасць В. Быкава ўзбагачае сусветную культуру і кожнага чытача бясцэнным вопытам. Сутнасць гэтага вопыту заключаецца ў тым, што ўжо «ніхто не можа спаслацца на няведанне свету, апраўдацца асабістай невінаватасцю перад ім».
Ва ўсіх быкаўскіх творах відавочныя біблейскія рэмінісцэнцыі на самых розных узроўнях. Адна з іх увасоблена на ўзроўні філасофіі: сама пастаноўка пытання «за што?» — грахоўная, бо «чалавек стварэнне боскае і нараджаецца свабодным», як пісаў В. Быкаў у артыкуле «Лёс і шанец» у 1993 г. У любой сітуацыі, сцвярджае пісьменнік, чалавек свабодны ў праве выбару застацца чалавекам. I толькі ад чалавека залежыць, ці скарыстае ён гэтае сваё права. «Апошняй міласцю», «адзінай раскошай» назваў гэтае права быкаўскі Сотнікаў.
Адным з недаравальных злачынстваў сталіншчыны В. Быкаў назваў ліквідацыю традыцыйнай хрысціянскай маралі, спрадвечнай сістэмы элементарных жыццёвых правіл. У артыкуле «Назад ці наперад» (1989) В. Быкаў пісаў: «Страціўшы духоўную аснову, грамадства згубіла і нармальны здаровы сэнс, нічога не набыўшы замест: марксізм аказаўся няздольным запоўніць глыбокі духоўны вакуум, які ўтварыўся ў грамадстве. Грамадства ж без маралі наўрад ці здольна дасягнуць шмат у галіне дэмакратычнага права…»
Іншага выйсця, як вярнуць страчанае, адшукаць згубленае і стаць на трывалую аснову духоўнасці, у грамадства няма. «Чалавецтва ўратуецца подзвігам духу» — такая выснова гутарак А. Адамовіча з В. Быкавым, і пад такой назвай яны апублікаваны ў № 5,6 часопіса «Полымя» за 2001 г. Выснова роздумаў двух пісьменнікаў, сцяганосцаў Айчыны, засведчана і ў назве публікацыі, падрыхтаванай Верай Адамовіч.
Падзенне без пакаяння пасля сатанінскага тура
Імкненне адгарадзіцца — ці то ад дурасці, ці то ад жорсткасці, — заўсёды бессэнсоўнае… Даводзіцца або супрацоўнічаць, або змагацца… Судзіць падзею звонку немагчыма і амаральна.
А. Камю.
Летапісцы сучаснасці пры ўсёй іх рознасці, індывідуальнасці сыходзяцца ў адным — у разуменні таго, што бездухоўнасць у грамадстве дасягнула сваёй крытычнай масы і пагражае выбухам — духоўным Чарнобылем.
У паэме «Чорная быль» С. Законнікаў спрабуе асэнсаваць прычыны трагедыі, папярэджвае пра наступствы духоўнага Чарнобыля:
Кал і ж і зараз ты не загукаеш,
А будзеш жыць над страхам і прынукай,
Чарнобыль не такі яшчэ чакае
Тваю зямлю, тваіх дзяцей і ўнукаў.
Адна з аповесцей кнігі I. Шамякіна «Сатанінскі тур» называецца «Падзенне». Сэнс назвы, асабліва ў кантэксце ўсёй кнігі, сімвалічны. Канкрэтная гісторыя маральнага падзення Рамана Юшкоўскага, былога трэцяга сакратара райкама партыі, а пасля развалу СССР — дзяржаўнага функцыянера (загадваў, як ён сам жартаваў, «камітэтам па развалу таго, што яшчэ не развалілі»), набывае шматзначны сімвалічны сэнс.
Развал, падзенне, маральнае здзічэнне, «выраджэнне ў ваўкоў», што адбываецца ў нашым грамадстве тут і цяпер, засведчана I. Шамякіным з уласцівай яго стылю пераканальнасцю і доляй інтрыгі.
Працэсы глабальнага значэння сфакусіраваны пісьменнікам на мікрасвеце адной сям'і Юшкоўскіх, у якой жыве ажно чатыры пакаленні. Словамі аднаго са сваіх герояў — пісьменніка Івана Андрэевіча, блізкага самому аўтару, гэтая сям'я названа «сям'ёй у поўным значэнні слова». Але асаблівую ўвагу Івана Андрэевіча, чалавечую і пісьменніцкую, прыцягвалі двое з гэтай сям'і: стары Юшкоўскі і жонка яго ўнука Галіна. Менавіта гэтыя двое і стануць ахвярамі, якіх першымі раструшчыць «сцяна абсурду».
Відавочна, што рупарам пісьменніцкага светапогляду і канцэпцыі, рэалізаванай у творы, з'яўляецца стары Юшкоўскі, якому 87 гадоў. Васемнаццаць гадоў Вялікі Дзед, як яго называлі ўсе ў сям'і, «загараў на магаданскіх маразах». Юшкоўскі, былы намеснік наркома, «не скардзіўся на свой лёс… Нават Сталіна гэты чалавек, які перанёс столькі пакут, не кляйміў так, як пасля дваццатага з'езда пачалі кляйміць усе, жук і жаба, выдаючы сябе мудрымі палітолагамі». Стары гулагавец быў упэўнены, што «гісторыю нікому не закрэсліць! Яе можна ачарніць ці абяліць, і то ненадоўга, у вачах аднаго пакалення, не больш». На іранічную заўвагу сына, што Вялікі Дзед абараняе Сталіна, які яго «пасадзіў», адказаў: «Я не Сталіна абараняю. Сацыялізм».
Читать дальше