Кожны па жыцці нясе свой крыж. I ў кожнага ёсць выбар. Чалавек заўсёды вызначаецца выбарам. Зрабіў свой выбар і Стах — галоўны герой аповесці А. Кірвеля «Гон». Ён таксама падпілаваў свой крыж, каб лягчэй было ісці: стаў целаахоўнікам Арнольда і слугой д'ябла. Перад смерцю прыгадаў: не раз раструшчваў людзей, як і птушанят у гняздзе. Цыганка прадказала яму смерць ад пчол. Паралізаваны пасля ранеНня Стах пачаў вяртацца да жыцця. Каханне, што сустрэў тут, у бальнічнай палаце, аказалася сілай, мацнейшай за ўсе лекі. «Пчолы» прыляцелі якраз у той момант, калі асабліва захацелася выжыць. Прыйшлі «сябры», «клапатліва» вывезлі нямоглага на калідор, каб паветра даць яму болей, а тры «пчалы», выпушчаныя кілерам з дома насупраць, амаль нячутна ўпіліся ў маладое цела.
Цана чалавечаму жыццю — капейка! Нават не капейка, а шэсць бутэлек партвейну, якія купіў Іван Рубаў (апавяданне С. Патаранскага «Грабавыя»), атрымаўшы сімвалічныя ва ўсіх адносінах «грабавыя» (месца падзей канкрэтызавана — Брагін). Забілі на Вялікдзень! 3-за шасці бутэлек партвейну!
Разлад, разводы, сіроцтва пры жывых бацьках, разбэшчанне і дэградацыя моладзі, п'янства (у тым ліку і жаночае, як пра тое б'е трывогу Г. Багданава ў рамане «Паляванне на Любаву») — далека не ўсе выявы духоўнага Чарнобыля, засведчаныя летапісцамі нашай сучаснасці.
На жаль, бадай ні ў адным творы не паказана сіла, што здольна супрацьстаяць злу. Толькі канстатацыя зла. Некаторых герояў, праўда, мучыць яшчэ сумленне, часцей на ўзроўні самаапраўдання, некаторыя імкнуцца ратаваць свае душы ад зла, але ці то ўжо позна, ці то сілы няроўныя… Ды і не будзе ўратавання душы без пакаяння. Галоўны герой аповесці I. Шамякіна з сімвалічнай назвай «Без пакаяння», забіўшы галоднае дзіця, не раскаяўся і не пакаяўся. Яго ўнутраныя маналогі — пошукі самаапраўдання, а самаапраўданне, паводле хрысціянскай маралі, — таксама вялікі грэх і падмурак для ўсё новых і новых грахоў. Без пакаяння зваліўся ў выкапаную ім самім магілу быкаўскі Сурвіла («Жоўты пясочак»), без пакаяння жыве недзе, адкупіўшыся ад пакарання, шамякінскі герой Акунда. Без пакаяння доўгі час жыло і ўсё наша грамадства: і каты, і ахвяры — усе. А без пакаяння не можа быць спадзеву на духоўнае ўратаванне. Мы жывём у грамадстве, дзе да гэтага часу ніхто не ўзяў на сябе адказнасць і не пакаяўся за самае страшнае ў гісторыі чалавецтва злачынства — за генацыд свайго ж народа ў часы сталіншчыны і бальшавізму.
…Удзельніца адной тэлеперадачы пра НЛА даводзіла ўсім у студыі, што ў яе на самай справе быў кантакт з дзівосным прышэльцам. Яны размаўлялі кожны на сваёй мове, але выдатна разумелі адно аднаго. На самае першае пытанне: «Што гэта? Будзе вайна?» — прышэлец адказаў: «Вайны не будзе, але вы жывяце і робіце няправільна. Трэба не так…» I справа тут нават не ў тым, памроілася такое ці было на самай справе, праблема не ў тым, чыім пацыентам — псіхолага ці псіхатэрапеўта з'яўляецца гэтая жанчына (большасць прысутных былі зацікаўлены менавіта вырашэннем гэтага пытання), а ў тым, што жыць сапраўды «трэба не так».
Большасць жа, як і герой зборніка аповедаў П. Васючэнкі «Прыгоды аднаго губашлёпа», перажываюць і адчуваюць такое: «Ён востра перажываў боль і разгубленасць ахвяры, з дапамогай якой творацца лёсы мацнейшых і разумнейшых, больш шчаслівых за яго людзей». Але ці на самай справе ўсе вакол толькі нявінныя і бездапаможныя ахвяры абсурдных бесчалавечых абставін?
Мудры М. Мантэнь пакінуў нам выснову свайго вопыту: «Кожны, хто доўга пакутуе, вінаваты ў гэтым сам. Каму не хапае мужнасці як для таго, каб вытрымаць смерць, так і для таго, каб вытрымаць жыццё, хто не хоча ні бегчы, ні дапамагаць, чым дапаможаш такому?» Чым можна дапамагчы таму, хто і пасля васемнаццаці гадоў гулагаўскіх пакут, не апраўдваючы кіроўцу жудаснай машыны таталітарнага вынішчэння, апраўдвае яе саму? Як дапамагчы таму, чыя свядомасць настолькі замбіравана, што ён перакананы, быццам «вялікую дзяржаву» разваліў адзін «антыхрыст, князь цемры», і ўсіх «заклікае да выраджэння ў ваўкоў»?
В. Быкаў лічыць, што такі менталітэт грамадства, сфарміраваны камуністычным ладам і камуністычнай па сутнасці псіхалогіяй на працягу амаль стагодцзя, ліквідаваць за некалькі гадоў немагчыма. Пакаленні, што за шмат гадоў прызвычаіліся існаваць у перакуленым свеце і не здольны разумець і прымаць агульначалавечыя каштоўнасці, В. Быкаў назваў страчанымі і для нацыі, «гэтаксама як і для чалавечай гісторыі».
Читать дальше