Мовай дакументаў «Старажытнай Беларусі» і мовай, што ідзе ад сэрца, гісторык і пісьменнік даводзіць нам, што наша Беларусь ужо ў першапачатковы, полацкі, перыяд сваёй гісторыі першаю адваявала ў Кіеўскай імперыі сваю незалежнасць і жыла вольнай дзяржавай. М.Ермаловіч піша: «Нягледзячы на скупыя звесткі пра Рагвалода, мы можам з упэўненасцю сказаць, што ён быў мудрым дзеячам… спакваля пашыраў Полаччыну і здабываў для яе незалежнасць, а для сябе гонар вольнага князя». Ворагі-суседзі раптам са здзіўленнем і страхам убачылі новую дзяржаву, якая ляжала на скрыжаванні важнейшых шляхоў і якая ў любы момант магла замкнуць іх. Не могучы змірыцца з гэтым, яны не марудзілі з расправай. У 980 г. кіеўскі князь Уладзімір робіць знішчальны паход на Полаччыну. Юная краіна не вытрымала шалёнага націску і гераічна пала, а яе тварэц — Рагвалод — разам з жонкай і двума сынамі быў па-зверску забіты. Пралітая кроў Рагвалода і яго сыноў стала барвовай зарой Беларусі.
Але на гэтай крывавай зары ўзышла наша першая зорка — Рагнеда. Калі яе бацька Рагвалод і яе браты былі першымі ахвярамі Беларусі, то Рагнеда з'явілася нашым першым героем. З яе імем звязана цудоўнае ўваскрэсенне Полаччыны, бязлітасна вынішчанай Уладзімірам. Подзвіг Рагнеды ў імя Радзімы — яркае пацвярджэнне таму, што галоўнае не самавольства тыранаў, а гераічнае супраціўленне ім і непакорнасць. Якой бы ні была вялікай і жорсткай сіла і ўлада самадзяржаўных дэспатаў, але любоў да волі і Радзімы і нянавісць да прыгнёту заўсёды будуць мацнейшымі і ўрэшце перамогуць.
У пачатку сваёй гісторыі Беларусь атрымала ў асобе Рагнеды найвыдатнейшы ўзор нязломнасці духу і прыклад барацьбы за волю і Радзіму. Подзвіг Рагнеды быў настолькі незвычайны, што праўдзівая гісторыя яе жыцця ўспрымалася наступнымі пакаленнямі як легенда.
У гутарцы «Рагвалод і Рагнеда» М. Ермаловіч пафасна, страсна выяўляе сваё захапленне беларускай гераіняй і сваю веру ў тое, што яе прыклад паўплывае на фарміраванне каштоўнасных арыенціраў нашых сучаснікаў: «Няхай жа заўсёды ў нашых жылах цячэ яе палымяная кроў, няхай жа ў нашых грудзях заўсёды жыве яе непакорная душа, няхай жа ў нашых сэрцах заўсёды гарыць жыватворная яе любоў да Радзімы…»
Даўно ўжо знікла ў Мінску рэчка Няміга, але ёсць вуліца Няміга. «I больш няма для нашай сталіцы даражэйшага, як гэтыя святыні», — піша М. Ермаловіч. У сувязі з бітвай на рацэ Нямізе з'явіўся ўпершыню на старонках летапісу Менск. Цяжка пераацаніць значэнне гэтай падзеі ў гісторыі Беларусі. Адна з самых крывавых у нашай старажытнасці, бітва на Нямізе ўразіла не толькі сучаснікаў. Рэха яе цераз 120 гадоў адбілася ў «Слове пра паход Ігаравы» самымі натхнёнымі паэтычнымі радкамі. «I хаця гэта бітва прынесла страшэннае паражэнне нашай прарадзіме Полаччыне — і яе слаўнейшаму правадыру — князю Усяславу Чарадзею, — яна была яскравейшым сведчаннем нашай слаўнай мінуўшчыны, поўнай няспыннай барацьбы з нашым першым па часе ворагам — Кіеўскай імперыяй» — так усведамляецца даследчыкам даўніны М. Ермаловічам значэнне гэтай падзеі ў нацыянальнай гісторыі. Ён піша, што, на вялікі гонар Полаччыне, яна была першай, якая пачала развал гэтай, паводле К. Маркса, «недарэчнай і няскладнай, скараспелай і шматковай дзяржавы». Палачане не хацелі несці ахвяры ў імя ажыццяўлення заваёўніцкіх мэт кіеўскіх князёў і рашуча распачалі барацьбу з імі.
Бітва на Нямізе сведчыць і пра тое, што ў далёкім мінулым Менск быў самай важнай і надзейнай крэпасцю Полаччыны для абароны ад Кіева. Жыхары Менска, самаахвярныя грамадзяне і свайго горада, і сваёй радзімы, мужна бараніліся ад ворага. Нездарма ж кіеўскія князі так па-варварску помсцілі Менску. Узяўшы яго ў 1067 г., яны «йссекоша мужей, а жёны я детей взяша на шдты». Крыху пазней Уладзімір Манамах выхваляўся тым, што, захапіўшы Менск, «не оставяхом у него челядяна, н^ скотаны».
Хто болей, як прабацькаўшчына наша — Полаччына, змагаўся за сваю незалежнасць і адстаяў яе! Але гэта ніколькі не вычарпала яе ўласных духоўных магчымасцей. Варта прыгадаць толькі імёны Еўфрасінні Полацкай, Кірылы Тураўскага, Клімента Смаляціча. Створаная ў гэты час кульіура наша была настолькі багатай і моцнай, што на працягу наступных чатырох стагодцзяў змагла ўсебакова абслугоўваць буйнейшую тагачасную дзяржаву ў Еўропе — Вялікае княства Літоўскае. У XVI ст. культура ў асобе Францыска Скарыны паднялася да сусветных вяршыняў, а на працягу наступных двух стагоддзяў бьша сцягам барацьбы нашага народа за сваю самабытнасць.
Читать дальше