Аўтары кнігі палічылі неабходным уключыць у зборнік сачыненняў і два аналітычныя артыкулы, у якіх якраз і засведчаны розныя погляды літаратуразнаўцаў і крытыкаў на адны і тыя мастацкія творы. Адным з прыёмаў сачынення на вольную тэму з'яўляецца выяўленне ўласнай пазіцыі адносна меркавання аўтарытэтных даследчыкаў. Уласная пазіцыя адстойваецца зноў жа апорай і спасылкамі на мастацкі твор.
Праблемы навучання сачыненням розных жанраў неадзельныя ад праблем іх ацэнкі. I хаця пра гэта напісана шмат навуковых прац, у нас яшчэ не выпрацаваны механізм, які б выключаў суб'ектыўнасць пры ацэнцы такой формы кантролю, як сачыненне, і ў першую чаргу — сачынення на вольную тэму. Вось адзін яскравы таму доказ.
Ужо згаданы намі Л. С. Айзерман у адной са сваіх кніг пісаў пра эксперымент, праведзены ў свой час у Маскоўскім універсітэце імя М.В. Ламаносава. Сутнасць эксперыменту такая: адно і тое ж сачыненне прапанавалі ацаніць некалькім экзаменатарам. Вынік быў ашаламляльны: ад «2» — да «5».
Сачыненне — адзін з найбольш выніковых метадаў у сістэме літаратурнай адукацыі. Аднак сачыненне як форма кантролю, а тым больш як форма ўступнага экзамену па літаратуры «канчаткова губіць справу», як пра тое даводзіла вучоны-метадыст М. А. Рыбнікава.
«Канчаткова губіць справу» той, хто забываецца (ці не ведае) пра асноўнае патрабаванне да сачынення на вольную тэму і не вывярае яго вартасць на адпаведнасць гэтаму патрабаванню, а вылучае свае ўласныя тыпу «паказаць духоўнае сталенне».
Кніга адрасавана старшакласніку, які ў час падрыхтоўкі да сачынення зможа ёю пакарыстацца. Арыентавацца ў фактычным матэрыяле дапаможа не толькі тэматыка (у зборніку каля 40 тэм), але і паказальнік імёнаў. Ён зробіць выкарыстанне кнігі больш зручным і дазволіць вылучыць неабходны матэрыял нават пры падрыхтоўцы да сачынення на літаратурную тэму.
Аднак аўтары стваралі гэту кнігу найперш для таго, каб дапамагчы ўдумліваму чытачу авалодаць тэхналогіяй уключэння пачутага і прачытанага ў пэўную сістэму, каб паспрыяць юным аўтарам у іх імкненні ўдасканальваць навыкі сінтэзавання матэрыялу.
У кнізе засведчаны шматгадовы вопыт выкладання курса на выбар «Тэорыя і практыка сачыненняў розных жанраў». Аўтары лічаць, што вынікі гэтага вопыту будуць карыснымі і для настаўнікаў-практыкаў.
«Мова — сцяг народа» (М. Ермаловіч)
… Ясная ў Божым свеце мудрасць.
В. Цяпінскі
Функцыя пісьменніка заключаецца ў тым, каб у выніку яго дзеяння ніхто не змог спаслацца на няведанне свету, апраўдацца асабістай невінаватасцю перад ім.
Ж. П. Сартр
Французскі пісьменнік А. Камю параўнаў працу пісьменніка з подзвігам Сізіфа і сцвердзіў гэтым параўнаннем перш за ўсё стаіцызм, годнасць свайго героя-вязня, які духоўна ўзвысіўся над катамі. Зноў і зноў паднімаючы цяжкі камень на вяршыню гары, Творца-Мастак здзяйсняе спробу за спробай асвятліць агульным сэнсам уласнае існаванне. Толькі ўласнае існаванне, бо ні свет, ні асобнага чалавека перайначыць, перарабіць немагчыма. I ўсё ж наперакор усяму і нават уласнаму ўсведамленню марнасці высілкаў трэба, як гаварыў адзін з герояў камюсаўскага рамана «Чума», «добра рабіць сваю справу. Рабіць так, „як калі б…“». Гэтае «як калі б» азначае: як калі б быў упэўнены ў выніковасці сваёй справы.
Усе высілкі беларускіх творцаў адносна таго, каб пераканаць свой народ, што мова — гэта святыня і сцяг яго, — марныя. Гэтыя высілкі — разнавіднасць «сізіфавай працы» і адначасова сведчанне стаіцызму беларускіх Сізіфаў і вялікага сэнсу іх безвыніковых намаганняў.
Бадай, ні ў чым яшчэ беларускія песняры-прарокі не былі такімі аднадушнымі, салідарнымі і настойлівымі, як у сцвярджэнні вечнай і такой простай, зразумелай усяму свету ісціны, што «пакуль жыве мова — жыве народ». Падобна, што і беларускія прарокі бачаць сваю ролю ў тым, каб папярэдзіць свой народ, каб пасля сумленна, добра зробленай імі справы ніхто не змог апраўдацца сваім няведаннем ці неразуменнем такой лёсавызначальнай для ўсёй нацыі праблемы.
Усведамленне таго, што любоў да роднай мовы ёсць адно з праяўленняў любові да Радзімы, вызначыла ўсю патрыятычную дзейнасць Васіля Цяпінскага. «…Зь зычливости ку моей отчизне» — так вызначыў ён сам матыў, які натхніў яго на цяжкую, але высакародную працу выдаўца і перакладчыка Евангелля на беларускую мову. Да ўсяго гэтая справа запатрабавала вялікіх матэрыяльных сродкаў, якіх Цяпінскі не меў. Паводле яго сведчання, ён не мог давесці справу да канца, а пераклаў і надрукаваў поўнасцю ў сваёй «убогой друкарня» толькі Евангелле ад Матфея, Марка і часткова ад Лукі.
Читать дальше