Адальюцца слёзы каму, чые. Агульны для ўсходнесл. м. Хто-н. паплаціцца за прычыненае каму-н. зло, крыўду. Я зняслаўлю цябе, рукі на сябе налажу. Паспрабуй тады пажыві… Адальюцца табе мае слёзы… (У. Карпаў. За годам год).
Паходзіць з прыказкі Адальюцца воўку авечыя слёзы. Захоўвае адваротны парадак кампанентаў і тыя ж сінтаксічныя сувязі (кіраванне і дапасаванне), якія ўласцівы адпаведным словам у прыказцы.
Адамаў яблык. Калька з ням. м. (Аdamsapfel). Другая назва кадыка ў мужчын. Жандар… задраў галаву. Пазіраў на сцяг — шыя была доўгая. Не ў меру выпучан… яго «адамаў яблык» (С. Баранавых. Калі ўзыходзіла сонца).
Паходжанне выразу звязваецца з павер’ем: калі біблейскі Адам стаў есці яблык, што дала яму Ева, сарваўшы, насуперак Богавай забароне, з дрэва пазнання дабра і зла, то кавалачак засеў у горле і назаўсёды ператварыўся ў выступ, які як кляймо грэху перадаецца ўсім мужчынам. Мяркуюць, што само павер’е з’явілася як домысел сярэдневяковых вучоных-медыкаў, якія памыліліся пры перакладзе выразу тапуах та адам з яўрэйскай мовы, дзе кадык, пры дакладным калькаванні, не адамаў яблык, а мужчынская шышка (адам у перакладзе з яўрэйскай абазначае ‘мужчына’, а тагтуах—‘шышка, плод’).
Адбівацца (адбіцца) рукамі і нагамі ад чаго. Агульны для ўсходнесл. м. Рашуча адмаўляцца ад чаго-н., усімі сіламі супраціўляцца чаму-н. Здагадваюся, што Аляксандр Кандратавіч рукамі і нагамі адбіваецца ад паездкі са студэнтамі ў падшэфны калгас (Я. Радкевіч. Сутокі дзён).
У аснове фразеалагізма — гіпербалізаваны вобраз.
Адбіцца рукамі і нагамі ад чаго. Гл. адбівацца (адбіцца) рукамі і нагамі ад чаго.
Адбіць хлеб у каго. Гл. хлеб адбіць у каго.
Адваротны (другі) бок медаля. Паўкалька з франц. м. (lе геvеrs dе mеdаіllе). Супрацьлеглы, ценявы, непажаданы бок якой-н. справы. Цяжкасці цяжкасцямі. Але ёсць другі бокмедаля… Засеяць травамі семсот гектараў… значыць, нейкім культурам месца не даць (Э. Ярашэвіч. Белыя Лугі).
Узнік у выніку пераасэнсавання свабоднага словазлучэння. Маецца на ўвазе тое, што адваротны бок медаля звычайна апрацоўваецца чаканшчыкамі горш, чым знешні, вонкавы.
Ад варот паварот. Агульны для бел. і руск. м. Катэгарычная адмова. І чаму рабіць толькі адзін хор і аркестр? А калі хто не можа спяваць ці іграць, тады што — ад варот паварот? (П. Місько. Дзе Нёмана быстрыя воды…).
Першапачаткова гэты рыфмаваны выраз меў больш канкрэтны сэнс: выкарыстоўваўся толькі тады, калі гаворка ішла пра вынікі сватання і ў спалучэнні, напрыклад, з дзеясловам даць абазначаў ‘адмовіць таму, хто сватаецца’. 3 такім значэннем ён зрэдку ўжываецца і цяпер: «Глядзелі-глядзелі бацькі нявесты на жаніха, дый далі сватам ад варот паварот» (Б. Сачанка).
Адвейваць зерне ад паловы. Уласна бел. Аддзяляць добрае ад дрэннага, карыснае ад шкоднага, непатрэбнага. Калі яны [копіі лістоў] для Вас акажуцца непатрэбнымі, я тады, будучы ў Мінску, забяру назад. Але мне чамусьці здаецца, што Вы здолееце адвеяць зерне ад паловы (У. Дубоўка. Ліст да Дз. Бугаёва).
Мадэліраваны выраз, створаны на ўзор рускага отделять пшеницу от плевел з захаваннем структуры і заменай кампанентаў іншымі словамі. У бел. літаратурнай м. выраз ужываецца ў абедзвюх трывальных формах дзеяслоўнага кампанента і ў такіх варыянтах: адвейваць (веяць, адсейваць) зерне ад паловы (мякіны); адвеяць (адсеяць) зерне ад паловы (мякіны). Выток фразеалагізма отделять пшешіцу от плевел — евангельская прытча (Матфей, 13, 24–30). У ёй расказваецца, як да чалавека, які пасеяў пшаніцу, ноччу прыйшоў вораг і паміж пшаніцаю пасеяў плевелы (пустазелле). Калі ўзышла пшаніца з пустазеллем, рабы прапанавалі гаспадару павырываць зелле, але ён загадаў пакінуць усё, як ёсць, а ў часе жніва спачатку вырваць зелле і спаліць яго, а пасля сабраць пшаніцу. Зрэдку ў бел. творах можна напаткаць і выраз, тоесны з руск.: «Будзе зручная часіна, перагледзім іх [пракламацыі] і тады аддзелім плевелы ад пшаніцы» (Я. Колас).
Адвесці вочы каму. Гл. адводзіць (адвесці) вочы каму.
Адвод вачэй. Агульны для бел. і руск. (отвод глаз) м. Маскіроўка, падман, наўмыснае адцягванне ўвагі ад чаго-н. Прыпомніла [Стэпа], як пры спатканні з Рыгорам у яе хаце Пятрусь пільна распытваў пра Рыгу, пра жыццёў ёй. А мо яшчэ тады згаварыўся з Рыгорам над ’ехаць да яго [у Рыгу]. Пецярбург — проста адвод вачэй (Ц. Гартны. Сокі цаліны).
Читать дальше