Важным пытаннем з’яўляецца аналіз сацыяльнага складу двух разглядваемых Рухаў. Не зусім можна пагадзіцца з думкай Э. Сміта аб тым, што існуе падабенства ў сацыяльным складзе нацыяналізму і Руху за тысячагадовае Валадарства Божае. Ён лічыць: ядро людзей, што прадстаўляюць абодва рухі, складаюць тыя, якія стаяць на краі грамадства — сяляне, рабочыя, і наогул пралетарыі. У дачыненнях да рэлігіі гэта ў пэўнай ступені так — успомнім хаця б евангельскую ісціну: «апошнія стануць першымі». Аднак нацыяналістычныя рухі, амаль заўсёды ўзнікалі ў выніку дзейнасці інтэлектуальнай вярхушкі грамадства. Э. Сміт сам сабе супярэчыць, сцвярджаючы трохі ніжэй іншае: «нацыяналізм звяртаецца да больш адукаваных і заможных гарадскіх колаў у адрозненне ад Руху за тысячагадовае Валадарства Божае». І далей: «…у большасці выпадкаў нацыяналізм з’яўляецца гарадскім рухам сярэдніх класаў». У пэўнай ступені гэта ўсё ж вынік уздзеяння вышэйшага інтэлектуальнага пласта грамадства.
Можна вылучыць дзве альтэрнатыўныя пазіцыі адносна абодвух рухаў. Першая: паміж рухамі існуе безумоўная сувязь, карэляцыя, якая асабліва яўна праяўляецца на ўзроўні ніжэйшага і, магчыма, часткова сярэдняга класу. Аднак, гэтая сувязь не носіць агульна гістарычны і геаграфічны характар, часта ўяўляе выпадковы характар. Аб’яднанне народа вакол нацыянальнай ідэі, што ёсць вышэйшая мэта нацыяналістаў, адрозніваецца ад аб’яднання людзей, якія вераць у надыход Валадарства Божага. У гэтым і адрозненне пратэстанцтва ад праваслаўя і каталіцызму, у якіх сувязь з нацыяналізмам уяўляе сабой глыбінную сутнасць і абгрунтоўваецца на ўзроўні ўсяленскай любові і вертыкальнага імкнення да пераходу на вышэйшы ўзровень іерархічнай піраміды тэорыі стадый.
Рознасць паміж рухам за тысячагадовае Валадарства Божае і нацыяналізмам, такім чынам, істотная і ляжыць у іх мэтах — для першых гэта вера ў лепшую будучыню, што чакае людзей ужо ў іншым свеце (пасля прыходу Хрыста); для другіх важна выхаванне і ўдасканаленне новага чалавека ў зямным быцці.
Ёсць, аднак, і другая рыса пратэстантызму, якая збліжае з ім нацыяналізм больш, чым праваслаўе ці каталіцызм. Гэтая рыса — адсутнасць у пратэстантаў неабходнасці шматгадовага ўвацаркаўлення, даступнасць яго ідэалогіі шырокім масам, прастата і яснасць падачы евангельскіх ісцін, якія не вымагаюць істотнага духоўнага подзвігу — што вельмі важна для праваслаўных, і ўвасабляецца ў жыціях святых, мучанікаў і праведнікаў.
Сакральная духоўная глыбіня праваслаўя і каталіцызму ўзрошчвалася вякамі. Яшчэ са сваіх ранніх часоў, артадаксальнае хрысціянства гартавалася ў барацьбе з рознымі адхіленнямі ад яго, ерасямі і схізмамі. Напачатку мы бачым барацьбу з гносцітызмам, які аб’ядноўвае ідэі элінізму з усходнімі рэлігіямі і спрабуе ў гэтым рэчышчы тлумачыць хрысціянства. Пратаіярэй А. Шмеман дэталёва прааналізаваў усе раннія схізмы і іншыя спробы рэфармацыі хрысціянства і адзначае следам за гносцікамі вучэнне Маркіёна, які стаяў на пазіцыі дуалізму Старога і Новага Запавету. Потым з’яўляецца монтанізм — першая ерась на базе эсхаталагічных уяўленняў. Найбольш значнай ерассю — папярэдніцай многіх сучасных пратэстанцкіх плыняў, — з’яўляецца арыянства (ІІІ стагоддзе). Арыян з’яўляўся перакананым монатэістам і зводзіў Божую вечную Сутнасць Хрыста да яго зямнога існавання ў часе , — як Сына, але звычайнага чалавека і таму не Бога. Пазней (V ст.) мы сутыкаемся з адваротным вучэннем — монафізіцтвам, што вызначае толькі Божую сутнасць Хрыста. Гэтыя ерасі, як і вялікая колькасць іншых, рана ці позна знікалі, але карысць ад іх была: вынікам стала «загартаванасць» праваслаўя і каталіцызму, вытанчанасць Сімвала Веры і іншых асноўных дагматаў, якія пратрымаліся больш за тысячу гадоў і дайшлі да нас у амаль нязменным выглядзе.
З другога боку ў XV стагоддзі ерасі, існаваўшыя ў І тысячагоддзі ад Ражства Хрыстовага, знайшлі і сваё якаснае ўвасабленне ў новай, трэцяй хрысціянскай плыні — пратэстанцтве, якое ўзнікла як рэакцыя на жорсткую іерархічную сістэму артадаксальнага хрысціянства, характэрную найперш рыма-каталіцызму. Апошняя акалічнасць тлумачыць і той факт, што пратэстанцтва сфармавалася менавіта ў каталіцкім асяродку.
Моцная духоўная арганізацыя артадоксаў служыла тормазам працэсу ўтварэння нацый і нацыяналістычнай ідэалогіі. Пратэстанты зламалі гэты бар’ер, павярнуліся тварам да народа і, як гаварылася вышэй, сталі носьбітамі нацыянальнай рэлігі ў некаторых краінах. Аднак гэты працэс ішоў побач з адмаўленнем больш чым тысячагадовай духоўнай спадчыны як Усходняй, так і Заходняй Царквы і прыўнёс непазбежную дэвальвацыю духоўнай эвалюцыі для нацыянальных дзяржаў. І нездарма пратэстанцтва існуе цяпер у выглядзе безлічы сект, розных рэлігійных арганізацый, якія хутка ўзнікаюць і гэтак жа хутка знікаюць. Як пісаў Э. Сміт: «Спроба рэфармаваць рэлігію сканчаецца яе знікненнем».
Читать дальше