І таму ён прыклаў шмат намаганняў, каб аб’яднаць італьянскія рэгіёны. Ён лічыў, што нацыянальнае яднанне з’яўляецца першасным і прэтэнзіі індывідуума павінны культывіраваць свае асабістыя ўклады, дзеля прагрэса ўсяго чалавецтва. Адна з першасных задач ураду захоўваць і развіваць нацыянальны характар і нацыянальныя традыцыі.
Адносна эканамічнага індывідуалізма, у прыватнасці ідэі свабоднага рынку, Мадзіні быў цалкам абыякавы і гэта ставіць яго на бок процілеглы лібералам. Ён бачыў, што канкурэнтная эканоміка спрыяе індывідуальнаму эгаізму, падрыхтоўвае да сутыкненняў брата супраць брата, а гэта разбурае нацыю, падзяляе яе на розныя варожыя класы.
Прыклад Мадзіні яскрава паказвае непазбежнасць антаганізму паміж лібераламі і нацыяналістамі і засведчыў невырашальнасць гэтага канфлікту.
Лібералы, кіруючыся рацыянальным мысленнем, лёгка прынімаюць нацыянальную ідэю і нацыяналізм, але гэтым яны ўводзяць радыкальна іншы, чужы элемент у сваю ідэалогію. З другога боку нацыяналісты могуць прымаць і прымаюць ліберальныя ідэі дзеля ўнутранага прагрэса эканомікі. Але інтарэсы нацыі пры гэтым маюць безумоўны прыярытэт над інтарэсамі простых ідывідуумаў.
Рускі мысліцель ХІХ стагоддзя Канстанцін Лявонцьеў вельмі балюча адчуваў усю згубнасць ідэі лібералізму для народаў, што сталі на шлях незалежнасці і фармавання сваіх нацый-дзяржаў. У другой палове ХІХ стагоддзя лібералізм стаў вельмі моднай ідэалогіяй для шмат якіх краін Ёўропы: Германіі, Аўстрыі, Італіі, Расіі і іншых. «… все эти нации, все эти государства, все эти общества сделали за 30 лет (к 1870-м гадам — А. А .) огромный шаг на пути эгалитарного либерализма, демократизации равноправности; на пути внутреннего смешивания классов, властей, обычаев, законов и т. д. …. Все общества Запада за эти 30 лет больше стали похожими друг на друга, чем были прежде». К. Лявонцьеў бачыў для сябе ў гэтым працэсе жахлівую карціну — пераход да дзяржавы касмапалітычнай, спярша еўрапейскай, а потым і сусветнай. У сувязі з гэтым К. Лявонцьеў быў і супраць панславізма. Ён раздзяляе ідэю праваслаўна-культурнага русізма — як нацыянальна рускую ідэю і ідэю панславізма, як падражанне еўрапейскаму эгалітарызму, толькі ўжо на грунце славянскага адзінства. К. Лявонцьеў неаднаразова падкрэслівае, што Еўропа — гэта як раз прыклад «непадражання». Захоўваючы рускі нацыянальны ідэал Данілеўскага, ён выступае супраць палітычнага ўсеславянства.
Постсавецкая прастора быццам бы па-новаму пачала натуральны гістарычны шлях, пярэрваны рэвалюцыяй 1917 года і тыя праблемы, што існавалі тады, загралі новымі фарбамі на мяжы ХХ і ХХІ стагоддзяў, Узнік нэалібералізм, адзін з варыянтаў якога дапускае калектывізм (Ф. Хайек), этатызм і нацыяналізм. Сучасны нэалібералізм дапускае элементы ўмяшэння дзяржавы ў справы эканомікі, што супярэчыць класічнаму лібералізму, але не замінае сучасным ягоным прыхільнікам дасягаць вялізных матэрыяльных прыбыткаў. Як і раней нэалібералы любяць заігрываць з нацыяналістамі, але відавочныя супярэчнасці паміж імі вымушаюць лібералаў камбінаваць іншыя альянсы, найбольш распаўсюджаны з якіх ліберал-кансерватызм. Як вядома, нацыянальная ідэя ўключаецца ў кансерватыўную ідэалогію і з пункту гледжання нацыяналістаў ліберальны кансерватызм такая ж не магчымая камбінацыя, як і ліберальны нацыяналізм. Ніжэй у раздзеле 3 мы разгледзім гэтую праблему падрабязней.
Сучасныя расійскія ідэолагі ўсё менш падтрымліваюць канцэпцыю ўсеславянскага брацтва, якая дасталася нам аб імперскай Расіі і камуністычнага СССР. Так, П. Кандэль спробы аднаўлення «славянскага праваслаўнага саюза» называе «нереалистическими мечтаниями» і лічыць, што калі такі саюз і будзе ажыццяўлёны, ён будзе нявыгодны.
Такім чынам мы ўвайшлі ў ХХІ стагоддзе развітаўшыся (у большай часцы света) з камуністычнай ідэяй і маючы некалькі «перажыўшых» перапетыі гісторыі ідэалогій, сярод якіх мы зараз вылучылі дзве не вельмі спалучаемыя ідэалогіі — лібералізм і нацыяналізм.
Сучаснаму чалавеку галоўны прынцып лібералізму, ідэя свабоды вельмі блізкая. Шэраг краін усіх кантынентаў свету будуюць сваё заканадаўства на падставе ліберальных каштоўнасцей, грунтуючысь прынцыпамі правоў чалавека, усялякіх свабод (сумлення, веравызнання, друку….) і інш.
З другога боку мы бачым амаль экспаненцыльны рост новых нацый, нацыянальнай свядомасці людзей, утварэння новых дзяржаў і этнасаў. Нацыі не хочуць асіміляцыі, а наадварот, множацца і мацнеюць.
Читать дальше