Потым яна даліла вады ў саган, укінула туды масла і бульбы, пасля зняла кавалак сала, якое вісела каля печы, адрэзала палову і паклала ў булён.
Шасцёра дзецюкоў галоднымі вачыма цікавалі за кожным яе рухам. Свае стрэльбы ды каскі яны паскладвалі ў куток і цяпер чакалі вячэры, слухмяныя, нібы дзеці за школьнымі партамі.
Маці зноў стала прасці, часта спалохана паглядаючы на салдатаў-захопнікаў. Чулася толькі нягучнае гудзенне калаўрота, патрэскванне агню ды пошапт вады, якая пачынала ўжо закіпаць.
Раптоўна ўсе ажно ўздрыгнулі ад нейкага дзіўнага гуку за дзвярыма, які нагадваў хрыплае дыханне, гучнае, шумнае дыханне звера.
Унтэр-афіцэр маланкава скочыў да зброі. Леснічыха ўсміхнулася і жэстам рукі спыніла яго.
— Гэта ваўкі, — растлумачыла яна. — Яны — як вы: таксама бадзяюцца па лесе і таксама галодныя.
Недаверлівы немец захацеў на свае вочы ўпэўніцца, што гэта напраўду ваўкі; ён асцярожна прачыніў дзверы і адразу заўважыў двух вялікіх шэрых звяроў, якія імкліва рынуліся прэч ад леснічоўкі.
— Ніколі п не паферыф, — прамармытаў прусак і зноў усеўся на сваё месца ў чаканні, пакуль згатуецца варыва.
Яны паглыналі яго прагна, як мага шырэй разяўлялі раты, каб ухапіць паболей; у лад разяўленым зяпам ажно выпіналіся круглыя вочы, а ў горле ў іх клекаталі гукі, падобныя на бульканне ў вадасцёку.
Жанчыны моўчкі глядзелі на хуткія рухі шырокіх рыжых барод; здавалася, бульбіны правальваюцца ў гэтых рухомых зарасніках.
Салдатам захацелася піць, і леснічыха спусцілася ў склеп, каб нацадзіць сідру. Яна прабыла там даволі доўга. Гэта было невялікае скляпеністае сутарэнне; калі верыць чуткам, у гады рэвалюцыі яно служыла і турмой, і сховам. Спускацца туды даводзілася праз люк у кутку кухні па вузкай вінтавой лесвічцы.
Калі Бэрціна вярнулася, хітраватая ўсмешка так і блукала на яе твары. Маладзіца падала немцам збан з пітвом. Потым і сама разам з маці стала вячэраць у другім кутку кухні.
Салдаты паелі і тут, за сталом, задрамалі — усе шасцёра. Час ад часу чый-небудзь лоб глуха бомкаўся аб стол, і знянацку абуджаны салдат выпростваўся.
— Ды кладзіцеся вы каля агню, хопіць вам там месца ўсім шасцём. А мы з мамаю пойдзем у мой пакой, — сказала Бэрціна унтэр-афіцэру.
І жанчыны падняліся на другі паверх. Было чуваць, як яны замыкаліся на ключ, як хадзілі па пакоі; потым усё сціхла.
Прусакі палеглі на падлозе, нагамі да агню, паклаўшы пад галовы паскручваныя шынялі, і неўзабаве ўсе шасцёра захраплі на ўсе лады, — хто пісклява, хто басавіта, але аднолькава працяжна і страхотліва.
Яны праспалі даволі доўга, як раптам грымнуў стрэл, такі гулкі, што можна было падумаць, быццам стрэлілі ў сцяну дома. Салдаты ліхаманкава ўскочылі. І тут зноў бухнула двойчы, потым яшчэ тройчы запар.
Дзверы наверсе расчыніліся, і на парозе паявілася са свечкай у руцэ перапалоханая леснічыха, босая, толькі ў кашулі і ў ніжняй спадніцы.
— Гэта французы, іх чалавек дзвесце, не меней, — пралепятала яна. — Калі яны знойдуць вас тут, дык спаляць і хату. Хутчэй спускайцеся ў склеп, ды не шуміце! Крый Божа, яны пачуюць вас — тады мы прапалі!
— Топра, топра, — разгублена прашаптаў унтэрафіцэр, — кута мус ісці?
Маладзіца паспешліва адчыніла вузкі квадратны люк, і шасцёра салдатаў адзін за адным таропка сталі спускацца ў склеп па вінтавой лесвічцы.
Але як толькі схавалася вастрыё апошняй каскі, Бэрціна апусціла цяжкае дубовае века, таўшчэзнае, што сцяна, моцнае, што жалеза, умацаванае на шарнірах, з турэмным замком, двойчы павярнула ў ім ключ і засмяялася бязгучным, пераможным смехам; яе апанавала вар'яцкае жаданне пайсці ў скокі над галовамі сваіх вязняў.
Прусакі стоена сядзелі, замкнёныя ў гэтай скрыні, у гэтай моцнай каменнай скрыні, куды паветра сачылася толькі праз закратаваную прадуху.
Бэрціна ўміг распаліла агонь, падвесіла над ім саган і зноў узялася гатаваць суп.
— Натоміцца бацька сёння ўночы, — прамармытала яна.
Пасля яна ўселася і стала чакаць. Толькі гулкі маятнік насценнага гадзінніка парушаў цішыню сваім раўнамерным «цік-так».
Час ад часу маладзіца нецярпліва паглядвала на гадзіннік, і ў гэтым позірку можна было вычытаць: «Ох, як марудна цягнецца час».
Неўзабаве ёй падалося, што пад нагамі ў яе шэпчуцца. Ціхая, цьмяная гаворка далятала да яе з мураванага сутарэння. Прусакі пачалі здагадвацца, што жанчына абхітрыла іх, і праз нейкі момант унтэр-афіцэр падняўся па лесвічцы і загрукаў кулаком у века.
Читать дальше