Мы ўжо падышлі да гавані, і раптам у цішыню ўварвалася шумнае дыханне блізкага прыбою. З бліскучымі вачамі, нібы вялікія чорныя жывёліны, стаялі там караблі, адны блізка, другія далей; аднекуль гучала песня. Усё было нейкае няяснае, і ўсё-такі многае адчувалася — жудасны сон і неспакойныя мары ўсёпаглынальнага горада.
Побач з сабою я бачыў прывідны цень гэтага чалавека, ён падрыгваў у мяне пад нагамі, то расплываўся, то сціскаўся ў хісткім цьмяным святле ліхтароў. У мяне не было ні слоў суцяшэння, ні аб чым спытацца, але маўчанне яго быццам ліпла да мяне, душыла сваім цяжарам. Раптам ён схапіў мяне за руку і дрыготкім голасам працягваў:
— Але я не паеду адсюль без яе... Я зноў знайшоў яе праз некалькі месяцаў... Яна мучыць мяне, але я не адступлюся... Малю вас, паночку, пагаварыце з ёю... Яна павінна быць маёю, скажыце ёй гэта... мяне яна не слухае... Я болей не магу так жыць... Я не магу болей бачыць, як мужчыны ходзяць да яе... і чакаць каля дома, пакуль яны не спусцяцца ўніз... вясёлыя і п'яныя... Уся вуліца ўжо ведае мяне... з мяне смяюцца, калі я стаю і чакаю... я ад гэтага шалею і ўсё-такі кожны вечар прыходжу зноў... Паночку, пагаварыце з ёю... я вас не ведаю, але зрабіце ласку, богам прашу... пагаварыце з ёю...
Я міжвольна паспрабаваў вырваць руку. Мне было страшна. Але калі ён адчуў, што я хачу трымацца ў баку ад яго гора, ён раптам укленчыў пасярод вуліцы і абхапіў мяне за ногі.
— Малю вас, паночку... Вы павінны з ёю пагаварыць... Павінны... інакш... інакш здарыцца няшчасце... Я патраціў усе свае грошы, шукаючы яе, і тут я яе не пакіну... жывою не пакіну... Я купіў сабе нож... У мяне, паночку, ёсць нож... Я яе не пакіну тут... жывою не пакіну... Я не знясу гэтага... Пагаварыце з ёю, паночку...
Ён як шалёны курчыўся перада мною. У гэты момант у канцы вуліцы паказаліся двое паліцэйскіх. Я сілай прымусіў яго ўстаць. Хвіліну ён разгублена глядзеў на мяне. Потым сказаў нейкім чужым голасам, суха і адрывіста:
— Пойдзеце па вунь той вуліцы. Там ваш гатэль. — Яшчэ раз утаропіўся ён на мяне вачамі, у якіх зрэнкі быццам расплавіліся ў нейкай жахліва белай пустаце. Потым ён знік.
Я мацней захутаўся ў плашч. Мяне трэсла. Толькі стомленасць адчуваў я, нейкае дзіўнае ап'яненне, без пачуцця, чорнае, пурпуровае, быццам я спаў на хаду. Я хацеў сабрацца з думкамі і ўсё абдумаць, але кожны раз падымалася гэтая чорная хваля стомленасці і несла мяне з сабою. Я ледзь дабраўся да гатэля, зваліўся на ложак і заснуў тупа, як жывёліна.
Назаўтра раніцаю я ўжо не ведаў, што ў гэтым здарэнні было яваю, а што сном, і падсвядома працівіўся таму, каб у гэтым разабрацца. Прачнуўся я позна, чужы ў чужым горадзе, і пайшоў аглядаць царкву, якая, як мне сказалі, славілася старажытнай мазаікай. Але вочы мае не ўспрымалі таго, што бачылі, усё болей выразна паўставала ў памяці сустрэча мінулае ночы, і мяне неадольна пацягнула на тую вулічку, да таго дома. Але гэтыя дзіўныя вуліцы жывуць толькі ўначы, удзень на іх шэрыя халодныя маскі, пад якімі пазнаць іх можа толькі дасведчаны чалавек. Я не знайшоў гэтай вулічкі. Стомлены і расчараваны вярнуўся я дадому, мяне мучылі карціны не то трызнення, не то рэальнасці.
Цягнік мой адыходзіў у дзевяць гадзін вечара. З жалем пакідаў я горад. Насільшчык падняў мае рэчы і, ідучы паперадзе, панёс іх да вакзала. І раптам на адным скрыжаванні вуліц нешта быццам токам ударыла мяне, і я спыніўся: я пазнаў папярочную вулічку, якая вяла да таго дома, загадаў пачакаць насільшчыку — ён спачатку не зразумеў нічога, але тут жа ўхмыльнуўся з нахабнаю фамільярнасцю — і пайшоў зірнуць яшчэ раз на вуліцу, на якой са мною здарылася гэтая прыгода.
Было цёмна, цёмна, як учора, і ў цьмяным месячным святле паблісквалі зашклёныя дзверы таго дома. Я хацеў яшчэ раз падысці бліжэй, але тут нешта заварушылася ў змроку. Са страхам пазнаў я ўчарашняга знаёмага; ён сядзеў на парозе і знакамі падзываў мяне падысці бліжэй. Мяне ахапіў жах, я хуценька падаўся назад, з-за маладушнай боязі, каб не ўблытацца ў якую-небудзь гісторыю і не спазніцца на цягнік.
Але, падышоўшы да скрыжавання, я, перш чым завярнуць за вугал, яшчэ раз азірнуўся. Калі мой позірк спыніўся на ім, ён ускочыў, кінуўся да дзвярэй і рэзка рвануў іх на сябе. Нешта металічнае бліснула ў яго руцэ: я здалёку не мог разгледзець, манеты ці лязо нажа гэтак па-здрадніцку бліснулі ў месячным святле...
Дваццаць чатыры гадзіны з жыцця жанчыны
За дзесяць гадоў да вайны я адпачываў на Рыўеры, у невялічкім пансіёне, і вось там аднаго разу за сталом выбухнула гарачая спрэчка, якая пагражала скончыцца сапраўднай сваркай са злоснымі выпадамі і нават абразаю. Большасць людзей не вызначаецца багатай фантазіяй. Тое, што адбываецца дзесьці далёка, непасрэдна не тычыцца іх, не кранае і іх пачуццяў; але варта нават нязначнаму здарэнню адбыцца ў іх на вачах, адчувальна блізка, як імі авалодвае азарт. У такіх выпадках людзі як бы кампенсуюць звычайную сваю абыякавасць неадпаведнай і празмернай гарачнасцю.
Читать дальше