Што сказаў маім мучыцелям добры доктар, я не ведаю. Ва ўсякім разе, ён дабіўся таго, чаго хацеў: мяне вызвалілі. Можа, ён заявіў, што цяпер я не магу адказваць за свае ўчынкі. Магчыма і другое: гестапа страціла цікавасць да мяне, бо тым часам Гітлер захапіў ужо Багемію і на гэтым для яго аўстрыйская справа была скончана. Мне прыйшлося толькі падпісаць абавязацельства не пазней як праз два тыдні пакінуць радзіму. Гэтыя два тыдні цалкам пайшлі на выкананне тысячы фармальнасцей, якія сёння патрэбны былому грамадзяніну свету, каб выехаць за мяжу: трэба было атрымаць дазвол ваенных улад і паліцыі, заплаціць падаткі, аформіць пасведчанне аб здароўі, пашпарт, візу, — і таму думаць аб мінулым мне не было калі. Мусіць, нейкія таямнічыя сілы рэгулююць дзейнасць чалавечага мозгу і аўтаматычна выключаюць небяспечныя для яго псіхікі ўспаміны; бо варта было мне прыгадаць турэмнае зняволенне, як свядомасць мая быццам зацямнялася. І толькі праз колькі тыдняў на параходзе я знайшоў у сабе мужнасць асэнсаваць перажытае.
Цяпер вы, мусіць, разумееце, чаму я так дзіўна, не зусім звычайна паводзіў сябе з вашымі сябрамі тады, у час гульні. Я выпадкова праходзіў праз курыльню, калі вашы сябры сядзелі за шахматнаю дошкаю. Убачыўшы іх за гульнёю, я ад здзіўлення і страху проста аслупянеў. Бо я зусім забыўся, што можна гуляць у шахматы за сапраўднаю дошкаю і сапраўднымі фігурамі, забыўся, што ў гэтай гульні ўдзельнічаюць два зусім розныя чалавекі, што яны сядзяць адзін насупраць другога. Уласна, мне спатрэбілася некалькі хвілін, перш чым я зразумеў, што гэтыя людзі гуляюць у тую ж самую гульню, у якую я гуляў сам з сабою месяцамі, калі быў у бездапаможным стане. Значыцца, шыфр, з дапамогаю якога я гуляў на памяць, быў эрзац, сімвал вось такіх рэальных фігур; я быў уражаны, убачыўшы, што фігуры на дошцы і іх перамяшчэнне цалкам адпавядаюць тым уяўленням, якія я выпрацаваў у сабе і якія жылі ў маёй галаве. Так, мусіць, бывае ўражаны астраном, які шляхам складаных матэматычных вылічэнняў тэарэтычна даказаў існаванне новай планеты і раптам бачыць яе на свае вочы на небе, выразна бачыць, як белую зорку, ва ўсёй яе рэальнасці. Я як зачараваны глядзеў на дошку і бачыў там мае дыяграмы — каня, туру, караля, ферзя і пешкі — усе рэальныя, выразаныя з дрэва фігуры; каб зразумець пазіцыю, мне міжвольна прыйшлося спачатку перанесціся з абстрактна-матэматычнага шахматнага поля на дошку, на якой перасоўваліся фігуры. Паступова мною авалодала цікаўнасць, мне захацелася паназіраць за сапраўднаю гульнёю двух партнёраў. І тут здарылася тая непрыемнасць, калі я забыўся пра ўсю далікатнасць і ўмяшаўся ў вашу гульню. Але памылковы ход вашага сябра быў як удар у сэрца. Я спыніў яго інстынктыўна, як неўсвядомлена затрымліваюць рукамі дзіця, якое перагнулася цераз парэнчы. Я толькі потым усвядоміў усю недарэчнасць свайго грубага ўмяшання.
Я паспяшаўся запэўніць доктара Б., што ўсе мы вельмі рады гэтаму здарэнню, яно дазволіла нам пазнаёміцца з ім, і дадаў, што пасля ўсяго пачутага мне будзе ўдвая цікава прысутнічаць на заўтрашнім імправізаваным турніры.
Доктар Б. зрабіў неспакойны рух.
— Далібог, вы не павінны чакаць надта многага. Для мяне гэта будзе проста проба... проба, ці магу я... магу я наогул гуляць у шахматы нармальна, седзячы за шахматнаю дошкаю насупраць сапраўднага жывога партнёра, перасоўваючы сапраўдныя фігуры... бо я пачынаю ўсё болей і болей сумняваца, ці гуляў я гэтыя сотні або нават тысячы партый па правілах. А можа, яны проста вынік маёй хворай фантазіі? Ці мо гэта было проста трызненне, шахматная ліхаманка, калі чалавек, як у сне, няспынна ідзе наперад скачкамі? Бо вы ж не думаеце сур'ёзна, што я магу памерацца сіламі з майстрам, ды яшчэ з чэмпіёнам свету па шахматах, і гуляць з ім, як з роўным? Адзінае, што мяне цікавіць і падштурхоўвае гуляць, — простая цікаўнасць. Мне хочацца высветліць заднім днём, што ж папраўдзе адбывалася са мною ў зняволенні: гуляў я ў шахматы ці быў вар'ятам, быў блізкі да вар'яцтва ці ўжо пераступіў мяжу.
У гэты момант на другім баку парахода прагучаў гонг, які склікаў пасажыраў на вячэру. Размова наша працягвалася амаль дзве гадзіны: доктар Б. расказваў мне сваю гісторыю значна больш падрабязна, чым я перадаў яе тут. Я сардэчна падзякаваў яму і развітаўся, але не паспеў яшчэ прайсці палубу, як ён дагнаў мяне; ён быў яўна ўсхваляваны і гаварыў, крыху заікаючыся:
— Яшчэ адно. Я не хачу быць няветлівым у адносінах да вашых сяброў, таму, калі ласка, папярэдзьце іх загадзя, што я згуляю толькі адну партыю. Галоўнае — раз і назаўсёды вырашыць сабе гэтае пытанне, так сказаць, падвесці канчатковы вынік. Я зусім не збіраюся пачынаць усё спачатку. Я не магу дазволіць сабе другі раз захварэць на гэтую шахматную гарачку, пра якую я і цяпер успамінаю з дрыжыкамі... І акрамя таго... акрамя таго, мяне папярэджваў доктар, ён настойліва папярэджваў мяне. У чалавека, які быў адзін раз ва ўладзе маніі, заўсёды існуе небяспека рэцыдыву, і таму мне, хвораму на «шахматную атруту», нават калі мяне лічаць цалкам вылечаным, трэба трымацца ад шахматнай дошкі далей... Таму вы разумееце: толькі адна пробная партыя, і ніводнай болей.
Читать дальше