Не ведаю, як гэты жудасны, неапісальны стан скончыўся крызісам. Ведаю толькі, што аднаго разу раніцаю я прачнуўся, і абуджэнне было зусім незвычайнае. Знік цяжар ва ўсім целе, мне было лёгка і спакойна. Прыемная стомленасць, якой я не адчуваў ужо шмат месяцаў, ляжала на павеках, і мне было так утульна і добра, што я проста не мог прымусіць сябе расплюшчыць вочы. Нейкі час я ляжаў і цешыўся адчуваннем млявасці.
Раптам мне здалося, што я чую побач жывыя чалавечыя галасы, словы, якія гучалі ціха і асцярожна; вы можаце ўявіць сабе маё захапленне — бо мінула шмат месяцаў, можа, цэлы год, як я не чуў нічога, акрамя рэзкіх, жорсткіх, злых слоў маіх катаў.
«Ты спіш, — сказаў я сабе, — ты спіш. Нізавошта не расплюшчвай вачэй, хай гэты сон цягнецца як мага даўжэй, інакш ты зноў убачыш праклятую камеру, з крэслам, умывальнікам, сталом, шпалеры з нязменным малюнкам. Ты спіш — і спі далей».
Але цікаўнасць перамагла. Павольна, асцярожна расплюшчыў я вочы. І ўбачыў цуд: я быў у другім пакоі, больш прасторным, чым мая камера ў гатэлі; на акне не было кратаў, у яго вольна лілося святло, за акном замест цаглянага муру відаць былі дрэвы, зялёныя дрэвы, і вецер хістаў іх галіны, сцены ў пакоі былі белыя і бліскучыя, і столь — белая і высокая. Я ляжаў на новым. незнаёмым ложку, і — не, гэта не сон — побач са мною па-ранейшаму чуваць быў шэпт. Здзіўлены, я міжвольна зрабіў рэзкі рух і адразу пачуў, як нехта лёгкаю хадою накіраваўся да майго ложка. Падышла жанчына ў белай наколцы — сядзелка, сястра. Я ледзь ачуўся ад шчасця: цэлы год я не бачыў жанчын. Неадрыўна глядзеў я на гэты дзіўны прывід, і, мусіць, у маім позірку было такое шалёнае хваляванне, што яна спыніла мяне: «Спакойна, ляжыце спакойна!» Я слухаў толькі яе голас: няўжо са мною размаўляў чалавек? Няўжо на зямлі яшчэ ёсць людзі, якія не збіраюцца мяне дапытваць і катаваць? І потым — недаступны розуму цуд — гэта быў жаночы голас, мяккі, сардэчны, я б сказаў, нават ласкавы. Я неадрыўна, прагна глядзеў на яе губы — пасля года ў пекле мне здавалася неверагодным, што адзін чалавек можа ласкава гаварыць з другім. Яна ўсміхнулася мне, так, яна ўсміхнулася! Значыцца, на свеце яшчэ ёсць людзі, якія могуць прыветліва ўсміхацца. Потым яна прыклала палец да вуснаў і бясшумна адышла. Але паслухацца яе я не мог. Я яшчэ не насыціўся сузіраннем цуда. Мне захацелася сесці і праводзіць вачамі гэтае дзіўнае ласкавае стварэнне. Але калі я паспрабаваў абаперціся на край ложка, я не мог гэтага зрабіць. Замест правай рукі з далонню, пальцамі і кісцю я ўбачыў нешта чужое — вялікую, тоўстую белую выпукліну. Мая рука была моцна забінтавана. Я няўцямна глядзеў на вялікае патаўшчэнне і спачатку не зразумеў, што са мною; толькі потым я паволі пачаў здагадвацца, дзе я і што са мною здарылася. Мяне, мусіць, паранілі, і я ў бальніцы.
Апоўдні прыйшоў доктар, прыемны чалавек у гадах. Ён ведаў пра маю сям'ю, і мне адразу чамусьці здалося, што ён хоча паказаць сваю схільнасць да мяне, бо ён вельмі пачціва адазваўся пра майго дзядзьку — лейб-медыка імператара. Потым ён задаў мне некалькі пытанняў, адно з іх асабліва здзівіла мяне: хто я — матэматык, хімік? Я адказаў, што не.
— Дзіўна, — прамармытаў ён, — калі вы трызнілі, то ўвесь час выкрыквалі нейкія незразумелыя формулы «с3», «с4». Мы нічога не маглі зразумець.
Я спытаўся ў яго, што здарылася са мною.
— Нічога сур'ёзнага. Вострае расстройства нервовай сістэмы. — Ён азірнуўся навокал і ціхенька дадаў: — Гэта, зрэшты, і зразумела. Вы ж з 13 сакавіка тут, так?
Я кіўнуў.
— Чаго тут здзіўляцца пры іх метадах, — прамармытаў ён. — Не вы першы. Але не турбуйцеся.
Яго зычлівы тон і спачувальная ўсмешка пераканалі мяне, што я ў добрых руках.
Праз два дні доктар сам даволі адкрыта расказаў мне, што адбылося. Наглядчык пачуў у маёй камеры крыкі і спачатку падумаў, што я, мусіць, спрачаюся з кімсьці, хто прабраўся да мяне ў пакой. Але ледзь ён ступіў на парог, як я кінуўся на яго з кулакамі і зароў на ўсё горла нешта, што гучала, як: «Рабі хутчэй ход, нягоднік, баязлівец!» Потым я схапіў яго за горла і з такою злосцю пачаў душыць, што яму прыйшлося клікаць на дапамогу. Я бушаваў і, калі мяне цягнулі на медыцынскі агляд, у калідоры вырваўся і паспрабаваў выкінуцца з акна, разбіў шыбу і моцна парэзаў руку — вось тут яшчэ застаўся глыбокі шрам. У першыя дні ў шпіталі ў мяне было нешта накшталт запалення мозгу, але цяпер, на думку дактароў, мой розум і пачуцці ўжо ў поўным парадку.
«Але, — ціха дадаў ён, — я не буду расказваць пра ўсё гэтым панам, бо тады яны прыйдуць сюды і забяруць вас. Даверцеся мне, я зраблю ўсё».
Читать дальше