Агрэсіўны Багдан нават узняў руку, намерваючыся "прыварыць", але бялявы перахапіў яе і сціснуў запясце:
- Н-ну.
- Кінь яго, - сказаў Ролік. - Ты з Падвальнай?
- Угу.
Зноў нядобрая дуэль вачэй. Неасцярожнае слова і...
Лізка падышла да незнаёмага і стала побач з ім. Яна ўжо не плакала, а толькі перарывіста ўздыхала. Як дзеці пасля слёз. I, дзіўна, гэты яе ўчынак і ўспамін пра бутэрброд з маргарынам нібы прыглушылі варожасць.
- То чаго тады за іх біцца не стаў? - спытаў я.
- Абрыдла. Гуляць мне з імі не выпадае. Як з маленькімі. Ну і гульні іхнія. Крыві не бачылі... I Лізку пакрыўдзілі... Не плач, ну, не плач, дурнічка.
- А яшчэ?
- А яшчэ па-нямецку брыду розную гавораць. Каб жа хаця ўмелі.
- Цябе зваць як? - спытаў Ролік.
- Карл Канецкі.
- Карло? - на ўкраінскі манер спытаў Раланд.
- Караль? - спытаў я.
- Не, Карл. Маці звала Карлхен.
- Ты што?
- Ну, - сцвярджальна сказаў Карл. - А чаму ж я супраць брыды па-нямецку? Я - немец.
Мяне - і, думаю, не толькі мяне - аж скаланула. Першы знайшоўся Ролік:
- Ф'ю-у. Брэшаш. Адкуль прозвішча такое, Канецкі? Немец мне, таксама яшчэ. Фарсіш? Непадобным быць хочаш?
- Гэтая непадобнасць можа задорага абысціся, каб ёю фарсіць. А прозвішча... ёсць і ў немцаў такія прозвішчы: Канецкі, Ранцоў, Бюлоў. Немец. Так.
Навісла цяжкае маўчанне. I тут Ролік зрабіў тое, на што, прынамсі на вачах у старонніх, наўрад ці наважыўся б нехта з нас. Ён зрабіў крок наперад і працягнуў руку.
- Ну што ж, за гэта цябе только паважаць можна. Лапу.
I гэтым звычайным жэстам ён не толькі замацаваў сваё права быць галоўным, але і канчаткова прымусіў нас усіх паважаць сябе.
Ішлі дні. На каштанах і ліпах рэдка-рэдка ўспыхнулі першыя жоўтыя агеньчыкі. Хлопцы з Падвальнай і Чкалава прыніклі, і па іхніх вуліцах можна было хадзіць нават удвух, а Карл, якога мы ўзялі ў наш хаўрус і, ясна ж, адкрылі сакрэт уцёкаў, хадзіў, вядома, і адзін.
Уцякаць пакуль што не было як. Трэба было страціць апошняе сумленне, каб напаследак не памагчы бацькам на "прыгарадных і індывідуальна-ўстаноўскіх гародах" (гэтае слова-пачвара азначала, што кожная ўстанова атрымлівала кавалак зямлі і дзяліла яе на часткі між сваімі работнікамі, а таму ўчастак нельга было назваць "індывідуальным" - крый божа! - а толькі "індывідуальна-ўстаноўскім").
У нас свайго ўчастка не было, і таму я па чарзе хадзіў падмагаць усім нашым хлопцам. Мае на гэта згаджаліся ахвотна, бо гэта "дужа карысна, фізічная праца на свежым паветры". А я і радаваўся.
Працавалі, у вольныя хвіліны лавілі ў пратоках смугастых зеленаватых джгіроў, елі дымны, страшэнна смачны кулеш з рэдкімі кубікамі сала, а вечарам цягнулі ў горад вазок, нагружаны ліловымі бліскучымі баклажанамі і цьмяна-зялёнымі кабачкамі.
Ролікаў гарод быў досыць блізка да Цялічкі, і атаман аднойчы здалёк паказаў мне месца, дзе чакала нас наша зброя: высачэнныя пясчанікавыя слупы, яры між іх: пасечаная, мёртвая, пакінутая зямля.
У гэтыя дні "інтэрнацыянал" наш ледзь не разваліўся. Таму што Жэнька пазнаёміўся недзе з Навумам Фінеесам.
Высокі, худы ад шматгадовага недаядання - калі галадаеш некалькі год, пасля вельмі цяжка, нават пры добрай ежы, увайсці ў норму, - жылаваты. Нічога асабліва яўрэйскага ў ягоным твары не было: нос - просты, форма вушэй - звычайная, вусны - тонкія і прыгожыя, валасамі - цёмны шатэн, вочы -светла-карыя. Можа, гэта і дапамагло яму выжыць у вайну.
I вось Жэнька прывёў яго ў наш атрад, і ён усім адразу спадабаўся, і выявілася, што дурань Кульба ўжо загадзя адкрыў яму нашу таямніцу і той даў згоду. Жэньку за доўгі язык на цэлы тыдзень пазбавілі права хадзіць з намі ў руіны па тол, прымусілі не выходзіць за межы двара, а Навума - прынялі. Што ўжо зробіш, калі так здарылася. Хай будзе пяць нацый.
I вось гэтая "пятая нацыя" ледзь не разваліла, ледзь не загубіла наш магутны саюз і ўсю святую нашу справу. Даведаўшыся, што Карл - немец.
- Немец? Я з імі на адным полі па вялікай патрэбе не
сяду,
- Ну і мне невялікая ахвота з табой на адным полі сядзець. Я б твайго азадка век не бачыў і жыў бы. Нават яшчэ лепей. Таксама мне яшчэ шчасце, на адным полі ён са мной не сядзе. Пакараў!
- I праўда, - сказаў Ролік. - Што ж яму, немцу гэтаму беднаму, зараз рабіць?
I загадаў не сварыцца. Але сэрцу і забабонам чалавечым не загадаеш. Фінеес, харошы хлопец, смелы чалавек, які ведаў цану жыцця і смерці, шчодры, кампанейскі, здатны пайсці за любога з нас у агонь і ваду, ненавідзеў Карла глухой, цьмянай нянавісцю, якая не разважала, якая проста - жыла.
Читать дальше