"Начальнік канвою" не паспеў апусціць руку. Праз зарасці, праз бур'ян з крыкам "ур-ра-а!" пасыпалі на месца пакарання падлеткі. Чалавек восем. Наперадзе бег гнуткі невысокі хлопец. з шалёнымі вачамі і рудаватым чубам.
- Гнат, - з нянавісцю сказаў Жэнька, - дрэнь паскудная!
Гніляк!
- Каб жа яшчэ толькі дрэнь, - сказаў Ролік. - Шкодная дрэнь. Дрэнь, якую хлебам не кармі, а дай іншага ў паняверцы патрымаць.
На пляцоўцы двара кіпела бойка. Мы ляжалі на даху дрывотні і назіралі. Біліся і тыя, і іншыя някепска, але неяк занадта ўжо... ну, па правілах, ці што. Занадта па-гарадскому. Хай сабе б'юцца.
Не біўся толькі адзін дужа высокі хлапчына. Белы бландзін з правільнымі, крыху, можа, занадта суровымі рысамі аблічча. Як убачыў, што робіцца ў двары - так і адышоў, сеў на нейкую скрынку, глядзеў.
Урэшце супраціўленне "карнікаў" было зломлена, і яны кінуліся ўцякаць. Два "інсургенты" кінуліся за імі ў пагоню. На пляцоўцы засталіся Гнат, чацвёра яго ваякаў, бялявы хлопец і дзяўчынка.
Расхрыстаны Гнат, відаць, ашалеў ад бойкі. Вочы блішчалі, твар быў узнёсла-радасны, трохі шалёны:
- Мы цябе адбілі, Лізка. Але не думай, што дзеля тваіх гожых вачэй. Па дадзеных нашай разведкі ты пайшла на чорную здраду, выдала нашы планы і намеры ворагу. Мы адбілі цябе, каб судзіць нашым судом, нашым трыбуналам. Смерць здраднікам.
Ён, відаць, яшчэ не астыў пасля бойкі; шал усё яшчэ жыў у яго вачах. Дзе там было нешта меркаваць, узважваць, стрымлівадца.
- Смерць!
I ён рэзка штурхнуў дзяўчынку прыкладам "карабіна" між худзенькіх лапатак. Тая ўсё яшчэ трымала ў руцэ хлеб, і ад штуршка хлеб гэты выпаў. Упаў на зямлю. Па закону паскудстваў прыроды, ясна ж, маргарынам уніз.
I тут дзяўчо заплакала. Бязгучна. Толькі трэсліся худзенькія лапаткі. А я глядзеў на гэта і не разумеў, што я ўжо стаю на поўны рост.
- Не чапай, - шапянуў Жэнька.- Пасля. Іх замнога.
- Нічога не замнога,- кінуў Ролік.- Ты што ж, кожны раз вось так будзеш?
Мы скочылі з даху дрывотні. Затрашчаў пад нашымі нагамі бур'ян. Мы бачылі, што ў іх "карабіны", якія хаця і не страляюць, але б'юць някепска... па галаве, але мы не зважалі на гэта.
Вярталася пагоня - нам і на гэта было напляваць. Уся нянавісць, якую мы гадамі запасілі і таілі ў сэрцы - уся яна нібы адразу выплюхнулася ў прыпадку шалёнага гневу супраць гэтых... што гуляюць у гульні, якіх не павінен дазваляць сабе нават дзесяцігадовы мужчына, калі ён прадчувае ў сабе чалавека. Ужо не кажучы пра пятнаццацігадовых.
Мы былі здатныя на ўсё, і яны, відаць, зразумелі гэта. Калі вораг здатны на ўсё - аж да зубоў, - мужнасць можа падупасці нават у самага загартаванага. Што ўжо казаць пра гэтых?!
Толькі непакой і няўпэўненасць у іхніх вачах крыху ўраўнавалі нашы сілы: чатырох супраць сямёх (бялявы хлопец па-ранейшаму стаяў убаку).
Мы ўдзерліся ў іхні "строй" зусім бяспамятныя, ашалелыя ад ярасці. Амаль адразу я атрымаў касы ўдар карабінам па галаве. Усё паплыло ў маіх вачах, але я паспеў выдраць гэтую "зброю" з рук праціўніка і аперазаць яго па спіне. Пасля -другога, пасля - зноў першага, які на гэты раз зваліўся. Праз чырвоны туман, што засцілаў вочы, я ўбачыў, як Ролік б'ецца з трыма, кінуўся яму на дапамогу, зваліў цераз калена аднаго з ворагаў, навесіў другому. Не ведаю, як іншыя, але я не адчуваў удараў, якія падалі на мяне. Я ператварыўся ў машыыу, якая малоціць.
I ўсё ж нам давялося б дрэнна. Я ўбачыў, што Жэнька ўжо ляжыць, трымаючыся за нос, што Ролік, на якога зноў населі тры ворагі, знемагае, што Гнат ірвецца да яго, махаючы доўбняй карабіна.
Нам давялося б дрэнна, каб не раптоўная дапамога. Бялявы раптам устаў, крэкнуў і, плюнуўшы ў далонь, кінуўся ў самую гушчу бойкі.
Прарваўся да Гната, захапіў ззаду ў лакцявы сугіб ягоную шыю, ірвануў назад, выдзер з рук карабін. У наступны момант -мы ахнуць не паспелі - бялявы ўпаў на спіну, а Гнат узляцеў, перакуліўся ў паветры і цяжка, як мех, гэкнуўся аб зямлю. Але яшчэ раней чым ён упаў, нечаканы саюзнік быў на нагах і рассыпаў удары так, што за ім цяжка было сачыць. Не ведаю як хто, але я ажыў душой. Думаю, што і астатнія таксама. Таму што праз пару хвілін мы ўжо, цюгакаючы, гналі ворага праз бур'ян і хмызы, душачы ў зародышы ўсе спробы супраціўлення.
Бялявы бег за Гнатам і часам паддаваў яму хуткасці спрытным, усёй падэшвай, выспяткам у мяккае месца.
- Цю-га! Цю-га!
- Расстрэл, бачыце? Дзяўчат, бачыце? На табе!
Поле бою засталося за намі. Вораг спыніўся здалёк, на ўзгорку, і адтуль сыпаў бяссілымі пагрозамі, нібы дзяўкаў. Мы вярнуліся на пляцоўку двара. Стаялі і разглядалі бялявага. Вельмі насцярожана. Дый ён, па ўсім відаць, нічога добрага не чакаў. Законы вулічнай варожасці былі несумесныя са здаровым сэнсам.
Читать дальше