Ці даходзяць да Галіны мае лісты?
Сёньня ў нашым цырку штосьці грукае. Ці не зьбіваюць гэта новыя шканары (нары) для новых „дзяржаўных злачынцаў”?
Казёл, сука, кідай курыць!
Кіну, сёньня кідаю. Трэба выжыць! I выйсьці!
28.04.96 году
Haпicaў трэці верш, рэфрэнам - слова „проста”. Усё банальна проста.
Ах, проста блакітнае неба,
проста птушка пяе,
проста цёплая глеба,
проста сонца ўстае.
Проста цьвітуць пралескі,
проста жоўты пясок,
проста сьвежыя трэскі,
проста па дрэвах сок.
Проста сяджу ў вязьніцы,
проста ем баланду,
проста ніяк ня сьпіцца,
проста нікуды ня йду.
Проста сябры на волі,
проста i ворагі там,
проста цячэ са столі,
проста жыцьцё - бедлам.
Проста хутка асудзяць,
проста буду маўчаць,
проста сумую па людзях,
проста хачу кахаць.
Неба ў аблоках. Вечар, 20:00. Літаратурная перадача пра Ясеніна. Быццам сваіх няма, вартых згадкі. Потым гутарка А. Кудласевіча з гісторыкам М. Ермаловічам. А вось i празаік А. Казлоў як гладка прамауляеі Поўны эфір экскрэментаў!
29.04.96
Вякае „патрыёт” Баранкевіч. Дастала нахер гэтая радыёпіпка, ды ня выключыш. Як i дзьверы камеры з сярэдзіны не зачыніш. Пакуль што ўсе рэгулятары i засовы - з таго боку камеры, у руках вертухаяў.
ПЕДЭЛЬ
Педэль ходзіць за дзьвярыма,
педэль ведае дакладна,
як патрэбна службу правіць
у любых умовах часу,
у пару тэрору, гвалту,
летам, восеньню, зімою...
Педэль мае палку з гумы,
не турбуюць яго думы.
Педэль, наш любімы педэль,
безь цябе мы анікуды.
Дай нам, педэль, каб нам ведаць,
як хадзіць, глядзець куды,
як пазьбегнуць нам бяды.
У цябе пруток гумовы,
у цябе густыя бровы.
Педэль - гэта проста цуд.
Педэль - цаца. Педэль - гут!
Педэль слухае маўкліва.
Педэль - млын.
А мы ёсьць мліва?
Запісы з 19-га па 20-га красавіка ўключна зробленыя на асобным аркушы паперы.
30.04-1.05
Сьніўся чорны сон. Запомніўся развалены чэрап знаёмага, з тылу, з патыліцы. I адтуль - чорна-чырвоная маса, застылая, студзяністая.
02.05.96 году
У камеры сыра-сыруха, усё сырое. Зьяўляецца інфармацыя, што забіты старшыня праўленьня „Медбанку” Валадзько быў зьвязаны з банкіркай Віньнікавай (адзін з бакоў забясьпечваў другому „правод грошай”). Завяршыў верш, які пачаў пісаць яшчэ дзевятнаццатага.
ЁН
Бойся яго, ня бойся -
ён побач, i над, i пад.
Штодня ён прыходзіць у госьці,
твой самы „старэйшы брат”.
Ён любіць тваю жанчыну
i вечна прагне яшчэ,
ён ходзіць крокам качыным,
альбо як дровы сячэ.
Спакойна яму i сьпіцца,
i соладка п’ецца яму,
тутэйшы начальнік паліцыі
яго ня кіне ў турму.
Ён любіць гасіць плявочкамі
агмені самотных душ
i пільнымі шэрымі вочкамі
глядзець скрозь садовы плюшч.
Ён пляга твая адвечная,
штодзённы твой госьць у дом,
i ты, як лаза надрэчная,
праходзіш праверку на злом.
Перадача ад В. Страшэўскай. Дзякуй табе, дарагая!
Візуальная ацэнка работнніа КДБ (кантралёры, сьледчыя, аператыунікі): нейкая агульная заношанасьць зьнешняга выгляду, суглобістасьць (варыянт - масластасьць), абгрызеныя пазногці, нячыстыя, проста элементарна брудныя рукі.
Я бачыў альфу, бачу амегу, а бэту ўбачаць нашчадкі!
Вечар. На чарговай сэсіі Вярхоўнага Савету разьбіраюць падзеі 26 красавіка, выступіў С. Шарэцкі. Арыштавалі Ю. Хадыку, за якога перад ВС хадайнічае дэпутат Г. Карпенка. Знайшлося каля трыццаці чалавек, якія падрыхтавалі тлумачэньне прэзыдэнцкім гербу i сьцягу.
4 траўня
У раншшім аглядзе газэт - пра міліцыю, якая атакавала групу моладзі каля сталічнай філармоніі. Сусед-»соты» кажа, што, відаць, разганялі якіх-небудзь панкаў-рокераў ці анархістаў. Хваліцца, што яшчэ ў школе сам разганяў такіх.
16:00. Травеньскі гром i лівень! Божа, як там файна!
5 траўня 1996 году
Дзень прэсы, устаноўлены ўказам ППРБ. Зрэшты, так было и пры саветах.
7.05.
Прынесьлі газэты „Труд” i „Звязду”. Тры гадзіны дня. У сьледчага. Канчаткова адмаўляюся даваць паказаньні i падпісваць якія-небудзь паперы. Сьледчы нэрвуецца, грубіяніць, нарэшце просіць мяне заявіць яму адвод, на што я не пагаджаюся. „Узяўся, сука, за справу, дык рабі да канца”, - думаю я пра гэтага кратаеда.
Читать дальше