12.04.96 году
10 г. раніцы. З прагулкі, сёньня новая клетка, амаль квадратная, № 15. У камеры можна мець гатавальнік, але на ноч забіраюць. Па малой патрэбе - толькі ў вядро, бо ўнітазу (парашы) няма. У агульную прыбіральню выводзяць два разы: раніцай i вечарам. Сёньня армяніна Юру забіраюць з „хаты”, пасадзілі яго за кантрабанду: хацеў правезьці даляры зь Літвы ў Арменію.
13 красавіка
Aпошнi дзень „страснога” тыдня ў праваслаўных. Па радыё сумная музыка, п’есы Чайкоўскага. Плача скрыпка пад акампанемент раялю. Надвор’е пагоршала: ападкі, змрочна. За грошы, якія захоўваюцца ў турэмнай касе, змагу набыць нешта толькі з 20 красавіка.
19.04.96 году
Сёньня Галіна здае дзяржаўныя экзамены. Як яна там, мая салодкая?
Перавялі ў 9-ю, сусед - Аляксандар Маціеўскі, 100-я, удзел у групавым забойстве старшыні праўленьня „Медбанку” Валодзькі (Валадзько, як пiшуць, зыходзячы з правілаў расейскай мовы). Прынесьлі партатыўны тэлевізар „Гарызонт”. Глядзім хакей, матч „Беларусь - Японія”.
20 красавіка
Тэлевізар згарэў. Сусед мой A.M. служыў у сьпецназе, распавядае, што ўдзельнічаў у акцыях у Фергане, Баку, Намангане, Сухумі, ахоўваў у 1989 годзе М.Рыжкова. А пачынаў сваю кар’еру ў вучылішчы г.Новассбсрска, у якім рыхтуюць байцоў сьпецназу.
21 красавіка 1996 году, 9-я камера
Спрабую пісаць вершы, але вобразы, метафары, словы, рыфмы атрымліваюцца якіясь вялыя, ня тое, што магло б мяне задаволіць.
„Pyкi назад!” - ты ідзеш на допыт.
„Рукі назад!” - ты дзяржаўны злачынца.
„Pyкi назад” - набываеш вопып.
„Pyкi назад!” - i думка, як сьпіца,
пра тое, што там красавік і суха,
дзяўчаты скінулі тоўстыя гетры,
на кругині яшчарка сушыць бруха
i пахне гудронам асфальт нагрэты.
З рукамі назад выводзяць на пляцык
трохкутнай формы - хадзі i думай
пра тое, як там дэфілююць грацыі,
як там парламент фліртуе з думай.
Пра радасьць успомніш, калі жанчына
цябе па-крывіцку любіла штоноч,
i вы любоў запівалі „чын-чынам”,
i сьлёзы сьветлыя беглі з воч.
А „рукі назад!” - гэта ўсё часова,
а „рукі назад!” - ня страшна, калі
табою валодае вечнае Слова
i памяць пра травеньскі. пах ральлі.
22.04.96 году
Вечар, па першай праграме беларускага радыё ідзе перадача „Сябрына”, у якой - пра расейскага паэта М.Рубцова. Загінуў, бедалага, ад рук уласнай жонкі, прыдушыла п’янага коўдрай. А можа якраз так i трэба паміраць паэту?
24 красавіка
Адбылася сустрэча з адвакатам, атрымаў асадку. Сфатаграфавалі. Зарос, барада, чорны, як чачэнец. На волі +26 °С.
25.04.96
Вечар. Опера Сен-Санса „Самсон i Даліла”. Афіцыйнае радыё перадае, што на заўтрашні „Чарнобыльскі шлях” прыязджаюць сябры з украінскай арганізацыі „УНА-УНСО”. Атрымаў перадачу ад былой фіктыўнай жонкі.
26 красавіка
Пятніца, 10 гадоў з дня аварыі на ЧАЭС i з часу майго першага жанімтсва. Ясны цёплы дзень, якога я ня бачу, толькіа чую гукі з волі: ціўкае сініца, мяўкае кот, званы на Катэдральным саборы. Сёньня там БНФ арганізуе шэсьце. Як яно будзе?
Ад I. Ф. К атрымаў перадачачку: пару майткаў, асадку, паперу.
Быў на „медаглядзе”, аглядалі дзьве кабеты, пра кваліфіксацыю якіх гаварыць не прыходзіцца. Сказаў, што некалі хварэў саркаідозам Бека, што нешта нездаровіцца майму пенісу. Абяцала арганізаваць яшчэ адзін агляд (флюараграфія i уролаг).
Прайшоў дождж, проста лівень. Паветра пасьвяжэла. У фортку залятае чмель i, здаецца, авадзень. Атрымаў інфармацыю, што на „Валадарцы” (цэнтральная сталічная турма, якая прылягае да вуліцы імя Валадарскага) сядзіць за „хуліганку” Алесь Шадрын. Хворы, гніе (язвы на целе), на зону не паехаў.
Вечар, гадзін 7. У двары паміж турмой i будынкам міністэрства ўнутраных спраў салдаты ўнутраных войскаў i амапауцы бразгаюць шчытамі, чуваць каманды. Відаць, грузяцца на машыны. Што там адбываецца? Ці выстаялі нашы людзі? Ізноў дождж, Ізноў грымяць шчытамі Надвор’е - толькі дзяўчат кахаць. Сядзім, як у цырку шапіто, пад купалам. Чуваць, як зомбі ў форме выкрыкваюць слова „фашысты”. Цямнее, за кратамі сьмяюцца, сьмех.
27 красавіка
Ноччу ішоў моцны дождж, Цяпер 15.00. Радыё перадае пра ўчарашнія падзеі. Дзесяткі ўдзельнікау „Чарнобыльскага шляху” атрымалі раненьні ў выніку сутычак зь міліцыяй. Дэманстранты перакулілі некалькі машын ДАІ. Значыць, на вуліы народ выйшаў. I гэта надае сілы, трэба трымацца. Вось чаму так доўга ўчора бразгалі амуніцыяй. Пракурор горада ўзбудзіў справу па факце беспарадкаў, артыкул 186. Ня хныкаць, не апускацца! 186-ы - арганізацыя беспарадкаў. Hiчога, пабачым. Ён яшчэ пашкадуе, што нарадзіўся на сьвет. Дзень 2б-га паддае энтузіязму.
Читать дальше