Вярхоўныя жрацы, магі персаў, халдзеяў, этрускаў, славянскія вешчуны варажылі па костках свойскай жывёлы. Прадказанні рабіліся на аснове назіранняў за небам, на падставе снабачанняў, таксама ў значнай ступені і па паводзінах жывёл ды птушак. Нараджэнне знакамітага персідскага прарока Зараастра яшчэ за тры стагоддзі да падзеі прадказаў свяшчэнны бык, які раптам загаварыў чалавечым голасам. Выпадак, безумоўна, унікальны, выключны, але гаворка ж ішла пра будучага заснавальніка першай (менавіта так!) з сусветных рэлігій — зараастрызму.
Натуральна, што ўсе народы, якія разводзілі свойскую жывёлу, ушаноўвалі яе не толькі ў міфалогіі, магіі, касмагоніі, але і ў абрадах. На Далёкім Усходзе, дзе, уласна, і захаваўся да сёння жывёльны каляндар, здаўна самы ганаровы прыз пераможцам у спартыўных спаборніцтвах — бык. На Новы год у Карэі рабіліся драўляныя скульптуркі быкоў, якія выстаўляліся каля дарог. Такія бычкі — пажаданне будучага ўраджайнага года [47, 157]. Маленні пра ўраджай вясною суправаджаліся тэатралізаванымі прадстаўленнямі, дзе ўдзельнікі выступалі у масках быкоў ды кароў [47, 124]. Урачыстыя шэсці з быком практыкавалі і ў Кітаі [47, 103].
Выключным багаццем рытуалаў вызначаўся культ быка на востраве Крыт у ІІ тыс. да н. э., калі там квітнела высокаразвітая і ў многім надзвычай таямнічая цывілізацыя, — як гавораць сёння, — цывілізацыя нашчадкаў атлантаў. Тут на кожным кроку выявы быка ці яго рогі, — як бы напамін пра вялікі цыкл міфаў, звязаны з Зеўсам-быком, Еўропай, іх сынам — царом Крыта Мінасам, чалавека-быком Мінатаўрам, што жыў у Лабірынце… Магчыма, перамога Тэсея над Мінатаўрам сімвалізуе пераход кропкі веснавога раўнадзенства з сузор’я Цялка ў сузор’е Авена. Тым не менш, і пасля гэтай, выключна важнай касмічнай падзеі, культ быка ў Міжземнамор’і, у арыйцаў, у Егіпце і ў Азіі аставаўся. І невыпадкова: бык найлепш увасабляў зямную стваральную энергію. Нездарма на Крыце, які лічыўся «пупом Зямлі», нарадзіўся менавіта Зеўс і яго быкападобныя нашчадкі. Зеўс як вярхоўны бог у найбольшай ступені ўвасабляе цэнтр Сусвету, той пункт, у якім сыходзяцца ўсе супярэчнасці, ён — дух, заручаны з матэрыяй. Тое ж і Мінітаўр. Ён сімвалізуе надзвычай архаічную культуру, у якой духоўнае аб’ядноўвалася з жывёльным і набывала сакральны характар. Сёння міфолагі ды псіхааналітыкі тлумачаць Лабірынт як месца, дзе юнакі і дзяўчаты праходзілі ініцыяцыю (у міфе іх прыносілі Мінатаўру ў ахвяру). Паводле неаплатонікаў, лабірынт — грэхападзенне. Адпаведна выхад з яго, які ўдаўся Тэсею з дапамогай закаханай у яго Арыядны, — вяртанне да духоўных каштоўнасцей. Сапраўды, падарунак Арыядны — клубок нітак — сімвал магутнай сілы кахання [6, 157].
На фрэсках раскапанага старажытнага Лабірынта — Кноскага палаца на Крыце — мноства малюнкаў, дзе адлюстраваны нейкія надзвычай небяспечныя гульні, акрабатычныя практыкаванні маладых людзей з быком. Відаць, гэта ўваходзіла ў абрад ініцыяцыі. Хоць адначасова не выключала і ахвярапрынашэння. Вядомая сучасная англійская пісьменніца Мэры Рэнс у рамане «Тэсей» піша: «Здаралася, што бык стамляўся раней, чым забіваў каго-небудзь… Тады казалі, што бог задаволены і на гэты раз не хоча ахвяры. У выніку самыя спрытныя і лоўкія юнакі жылі даўжэй і вучылі свайму майстэрству астатніх… Проста ўхіліцца ад рагоў — ужо было нецікава, неабходна было зрабіць з гэтага грацыёзны танец і ніколі не паказаць свайго страху, а гуляць з быком так, быццам ты яго любіш… Моладзь Крыта ішла на арэну з-за любові да мастацтва, а таксама каб ушанаваць бога і заваяваць сабе славу» [89, 164]. Карыда ў Іспаніі і ў Лацінскай Амерыцы, відаць, амаль не змяніла прыёмы і рухі з таго далёкага часу.
Няхай і не ў такім распрацаваным (але адначасова і небяспечным) выглядзе, падобныя гульні, відовішчы з быком, з каровамі існавалі ў шмат якіх краінах Еўропы. На Карпатах распаўсюджаны гульні пад назвай «туры». У чэхаў 1 мая — свята кароў. У Швейцарыі падрыхтоўка да пад’ёму на альпаж суправаджаецца дэманстрацыяй кароў і іх паядынкам за права быць «каралевай» статку. Карову-пераможцу ўпрыгожваюць, і яна ўрачыста вядзе статак у горы [33, 72].
Але і ў беларусаў было падобнае (хоць і без боек кароў), надзвычай важнае свята — «запасванне гаўяда», першы выган свойскай жывёлы вясною на пашу. Яно суправаджалася шмат якімі рытуаламі. Напрыклад, пераганялі жывёлу праз агонь, каб асвяціць і захаваць ад «нячыстай сілы»; аблівалі вадою; перакідвалі цераз статак камяні; паганялі асвечанай вербнай галінкай; шапталі замовы. Звычайна «запасванне» жывёлы прымяркоўвалася да свята Юр’я — святога апекуна жывёл [38, 182–187]. На Юр’я ж наладжвалі і гульню пастухоў, якая на самай справе была не чым іншым, як абрадавай магіяй [66, 99].
Читать дальше