Так і застаецца невытлумачаным прыручэнне ваўка, які стаў сабакам (а сёння біёлагі даказваюць, што ўсе 400 парод сабак паходзяць ад ваўка), а таксама па-ранейшаму загадкавая псіхічная хвароба лікантропія, якая, хутчэй за ўсё, і з’яўляецца падставай для ўзнікнення шматлікіх паданняў пра ваўкалакаў. Каб уявіць сябе менавіта ваўком, што і адбываецца ў лікантропаў, неабходны вельмі і вельмі важкія псіхічныя падставы. Але якраз яны застаюцца абсалютна незразумелымі як для біёлагаў, так і для міфолагаў.
Праўда, міфы і казкі дэманструюць надзвычай шырокі спектр ператварэнняў людзей у жывёл, птушак і расліны, і наадварот. Можна нават гаварыць і пра своеасаблівы жанр у літаратуры, які пачынаецца «Метамарфозамі» Авідзія Назона. «Слова пра паход Ігаравы» якраз у шэрагу такіх твораў.
Кожны канкрэтны выпадак ваўкалацтва мае нейкую сувязь з уяўленнямі пра надзвычай аўтарытэтнага бога Вялеса, і ўсё ж у цэлым з’ява пярэваратніцтва не атрымоўвае ў навуковай літаратуры больш-менш прымальнага тлумачэння. Між тым высвятліць гэта пытанне надзвычай важна, бо з ім звязана ўся сістэма параўнанняў не толькі фальклору, але ў значнай ступені і літаратуры. На нашу думку, тут адбіўся надзвычай складаны комплекс татэмістычных і анімістычных поглядаў, уяўленняў пра метампсіхоз (рэінкарнацыю), у які верылі вялікія грэцкія вучоныя Эмпедокл, Піфагор, Платоні які складае аснову такіх сусветных рэлігій як будызм і індуізм, а таксама некаторых хрысціянскіх сектаў (маніхеяў, нестарыян). Тым больш, што і ў «Слове» недвухсэнсоўна гаворыцца пра нейкія своеасаблівыя стасункі душы і цела. Усяслаў мае другое цела («аще и вьща душа в друзь тьль…»), у час свайго пабегу ператвараецца ў ваўка («скочи вълком»). Здольнасць да ператварэнняў звязана якраз з аддзяленнем душы ад цела: душа пярэваратня свабодна пераходзіць з адной цялеснай абалонкі ў другую. Нязлучанасць душы і цела і падкрэслена ў выразе: «аще и вьще душа въ друзь тьль». Яшчэ больш выразна матыў аддзялення душы ад цела выступае ў баі на Нямізе («вьютъ душу отъ тьла»). У іншых месцах расповяду пра Усяслава яго думка пастаянна дзейнічае як бы асобна ад цела. Так, ён дацягнуўся да Кіева, апіраючыся на сваю хітрасць (інакш кажучы, як бы перанёс сваё цела хітрасцю). У гэтым жа сэнсе можна зразумець словы пра тое, што Усяслаў судзіў людзей, дараваў гарады князям, а «сам» (гэта значыць, у сваёй цялеснай абалонцы) бадзяўся ваўком. Паколькі аддзяленне душы ад цела, з другога боку, азначае смерць, то такім чынам, пагібель і ўваскрэсенне, пераход мяжы паміж жывымі і мёртвымі, аказваецца сутнасцю ператварэнняў Усяслава-ваўкалакі. У творы таксама падкрэсліваецца незвычайная хуткасць яго перасоўвання — пабегу, напрыклад, ён скокнуў да Кіева дзякуючы сваёй хітрасці, ён абагнаў гук Полацкіх званоў і на шляху да Цьмутаракані ён пераступіў шлях сонцу Хорсу. Апошні прыклад якраз і ўказвае на хтанічную прыроду Усяслава, бо, на нашу думку, Хорс — назва ў славянаў ранішняга сонца, якое ўстае над даляглядам, толькі што перамогшы ў падзем’і розных пачвараў (часцей змеепадобных). Значыць, і Усяслаў меў дачыненне да такіх пачвараў, затрымаўшы ўзыход сонца. На гэты аспект сімвалічнага сэнсу выраза яшчэ не звярталі ўвагу навукоўцы, між тым дадзеная салярная міфалагема якраз і з’яўляецца будаўнічым матэрыялам для ўтварэння структурных адносін паміж рознымі міфалагічнымі канстантамі.
Такім чынам, Усяслаў ў якасці ваўкалакі надзелены здольнасцю да матэрыяльных метамарфоз і аддзяленню душы (думкі, хітрасці) ад цела, што дапамагае яму фантастычным чынам пераадольваць прастору і час. Вось чаму Усяслаў і ўвайшоў у гісторыю як Чарадзей. Прычым менавіта Усяслаў з’яўляецца цэ нтральным героем паэмы, а іншыя персанажы (нават Ігар — як бы галоўны герой) — толькі яго своеасаблівыя двайнікі. У сцэне пабегу з палону Ігар таксама ператвараецца ў розных жывёл (гарнастай, гогаль, воўк, сокал), што надае яго руху незвычайную хуткасць. Усяслава і Ігара аб’ядноўвае і аддзяленне душы: думка лунае ў прасторы: «Игорь мыслию паля мьретъ отъ великаго Дону да малаго Донца». На думку Б. Гаспарава, Ігар набывае такія якасці, бо вяртаецца праз мяжу, якая аддзяляе царства жывых ад царства памерлых, інакш кажучы, з ім адбываецца цудоўнае ператварэнне-уваскрэсенне.
У пачатку тво ра гаворыцца і пра трансфармацыі Баяна, які «растькашется мыслию по древу, сьрымъ вълкомъ по земли, шизым орлом подъ облакы». Увесь гэты малюнак праецыруецца на міфалагічны вобраз Сусветнага Дрэва, а сам Баян, паколькі ён унук Вялеса, выступае ў якасці паэта-жраца-шамана, які не прасторы імгненна перасякае і не мяжу паміж рознымі светамі, а час, дасягаючы сваёй думкай да самай глыбокай даўніны.
Читать дальше